У Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца добраўпарадкаванню гарадоў, вёсак, устаноў і прылеглых да іх тэрыторый. Наша школа размешчана ў цэнтры мікрараёна “Марыненка”, дзе няма прыгожа аформленых сквераў, месцаў для адпачынку жыхароў: па вялікім рахунку ўсё абмяжоўваецца лаўкамі каля пад’ездаў дамоў і невялікімі клумбамі.
Астравок прыгажосці
Побач знаходзяцца шматпавярховыя жылыя дамы, таму ў вячэрні час школьны двор — упадабанае месца для прагулак мам з малышамі, гульняў дзяцей і падлеткаў. На тэрыторыі школы ёсць дзіцячая і спартыўная пляцоўкі, поле для міні-футбола, зона ціхага адпачынку, зялёная зона. Хочацца, каб наша прышкольная тэрыторыя стала тым “астраўком” прыгажосці, якога не хапае ў раёне. Яе добраўпарадкаванне і азеляненне іграе важную ролю і ў адукацыйным працэсе. Эстэтычна аформлены, дагледжаны прышкольны ўчастак выхоўвае ў навучэнцаў пачуццё прыгожага, любоў да роднага краю, горада, школы. Гэта месца, дзе навучэнцы праводзяць шмат часу на перапынках, пасля ўрокаў, на экскурсіях падчас адпачынку ў школьным лагеры. Тут дзеці спазнаюць прыроду, знаёмяцца з асновамі экалогіі і прыродаахоўнай дзейнасці, вучацца сваімі рукамі ствараць прыгожае.
“Мы любім родную школу”
Так называецца наш праект. У яго канцэпцыю пакладзены ідэі экалагічнасці, практычнасці, прастаты і прыгажосці. Праект рэалізуецца з мэтай стварэння эстэтычна прывабнай прасторы каля школы, фарміравання ў кожнага ўдзельніка праекта ўнутранай патрэбы ў абароне і прымнажэнні прыродных багаццяў. План мерапрыемстваў па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі школы на 2019/2020 навучальны год мы выканалі ў поўным аб’ёме. Перад пасевам насення аднагадовых раслін і высадкай расады на кветнікі падсыпалі глебы, унеслі ў неабходных прапорцыях арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Усю расаду аднагадовых раслін вырасцілі нашы навучэнцы пад кіраўніцтвам настаўнікаў біялогіі і лабаранта. Гэта каля 5000 раслін бягоніі, 3000 — сальвіі і лабеліі, па 2000 — петуніі, астраў, цынерарыі, таксама вырашчана расада віёлы трох гатункаў, колеуса трох гатункаў, агератума трох гатункаў, цыніі нізкарослай. Віёла высаджана ў кветкавыя кантэйнеры ў парадна-выхадной зоне на цэнтральнай алеі. У малыя архітэктурныя формы таксама высаджана петунія гібрыдная. Парадны ўваход ўпрыгожваюць кветнікі і яркія клумбы.
Найлепшы зялёны ўбор установы
Кожны год наш калектыў стараецца здзівіць жыхароў мікрараёна, дабаўляючы незвычайную дэталь у зялёны ўбор школы. У 2019 годзе перад галоўным уваходам з’явілася разгалістае дрэва выпускнікоў — сімвал непарыўнай сувязі розных пакаленняў навучэнцаў, а на зялёным газоне — вернісаж “Матылі-кветкі, якія ажылі”. Навінкай 2020 года сталі інсталяцыя “Зорка Памяці” і кветнік “Алоўкі”. Разбіта кампазіцыя з чатырох алоўкаў: зялёнага, жоўтага, чырвонага, сіняга. Контуры алоўкаў апраўлены галькай адпаведнага колеру. У сярэдзіне кожнага алоўка высаджаны аднагадовыя расліны: зялёны аловак — колеус з зялёным лісцем, жоўты — віёла з жоўтымі кветкамі і тагетэс, чырвоны — петунія з чырвонымі кветкамі, сіні аловак — сіняя лабелія. На працягу ўсяго вегетацыйнага перыяду ажыццяўляліся паліў, праполка, рыхленне, унясенне угнаенняў, апрацоўка кветнікаў і хмызнякоў ад шкоднікаў і мучністай расы. Акрамя таго, рэгулярна абкошваліся газоны, праводзілася дэкаратыўная абрэзка кустоў. Менавіта дзякуючы няспыннаму творчаму пошуку і карпатлівай рабоце калектыву сярэдняя школа № 6 Полацка ў раённым конкурсе “Зялёны ўбор установы” штогод займае прызавыя месцы.
Для нас самая важная ацэнка — тое, што фатаграфіі тэрыторыі нашай школы ўвайшлі ў альбом, які быў аформлены КУП “ЖКГ Полацка” для ўдзелу ў прэстыжным рэспубліканскім аглядзе добраўпарадкавання населеных пунктаў Беларусі. Па выніках, падведзеных Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, наш родны Полацк заваяваў пераходзячы вымпел пераможцы і грашовую прэмію ў памеры 3000 базавых велічынь. Вельмі прыемна, што ў гэтую значную агульную перамогу ўкладзена і наша праца.
Людміла ГАВЯЗА,
дырэктар сярэдняй школы № 6 Полацка.
Фота Таццяны БОНДАРАВАЙ.