Яблыкі вельмі адчувальныя да любых механічных пашкоджанняў. Як жа захаваць ураджай гэтай выдатнай культуры?
Для ўборкі ўраджаю неабходна выбіраць сухое і халаднаватае надвор’е. Кожны фрукт знімаем з галінкі разам з тонкай пладаножкай, імкнучыся яе не абламаць. Калі пладаножку выдаліць, то захоўваць такі яблык будзе значна складаней, бо праз гэтую ранку будуць пранікаць бактэрыі і грыбкі.
Трэба сачыць за тым, каб пры зборы не падрапаць плады пазногцямі і не пакінуць на іх увагнутасцей, тым больш нельга кідаць яблыкі. Праціраючы яблыкі рукамі ці тканінай, мы знімаем са скуркі тонкі васковы налёт, які абараняе плод ад хвароб.
Апалыя з дрэва плады неабходна збіраць у асобны кантэйнер. Нават калі яны выглядаюць добра і яшчэ не пачалі псавацца, мікраарганізмы з глебы маглі на іх ужо трапіць.
Перш чым класці яблыкі ў тару для захоўвання, варта пераканацца, што скрыні абсалютна сухія і без цвілі. Кожны яблык трэба акуратна загарнуць у ліст паперы ці газету. А яшчэ добра падыходзіць для захоўвання салома, сухое сена, драўляная габлюшка, засушанае кляновае або дубовае лісце.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.