Вейгела цвітучая з’яўляецца лістападным кустом, адносіцца да сямейства Бружмелевых. Кветкі маюць форму званочкаў, буйныя, да 5 см; размяшчаюцца на галінах як адзінкава, так і няшчыльнымі групамі па 3—5 кветак. Расліна адрозніваецца вялікай разнастайнасцю афарбовак: белыя, крэмавыя і жоўтыя, розныя адценні ружовых, кармінна-чырвоныя і цёмна-чырвоныя.
У якасці ўпрыгажэння для клумбы або саду вейгела падыходзіць ідэальна.
Яна выдатна расце ў цені, любіць вільгаць і даволі непатрабавальная да суседства іншых дэкаратыўных культур. Вейгела сапраўды лічыцца каралевай сярод кустоў. Назвалі яе ў гонар нямецкага вучонага Крысціяна Вайгеля, які ўнёс неацэнны ўклад у вывучэнне насенных і папарацепадобных раслін. Адной з пераваг расліны з’яўляецца тое, што яна цвіце два разы на год: у канцы вясны і ў пачатку восені, у верасні. Цвіценне доўжыцца прыкладна тры тыдні і мае наступныя асаблівасці: венчыкі набіраюць колер, калі раскрываюцца, паступова становячыся больш яркімі. Але ад водару кветак мы не зможам атрымаць асалоду — ён вельмі слабы. Калі вейгела адцвітае, з’яўляецца невялікі плод у выглядзе каробачкі, у якой выспявае насенне.
Пасадка
Перасаджваць вейгелу можна толькі вясной. Пры пасадцы восенню яна не паспявае ўкараніцца і зімой вымярзае. Яму рыхтуюць памерам 50×50×50 см. Дно засыпаюць дрэнажным слоем. Наступны слой абавязкова павінен быць урадлівым. Змешваюць 1,5 вядра кампосту са 100 г нітрафоскі. Закладка пажыўнага грунту ў пасадачную яму дазволіць не ўгнойваць куст на працягу 3 гадоў. Пасадзіць саджанец варта так, каб пасля асядання зямлі яго шыйка засталася на ўзроўні глебы. Калі яна будзе аголена, то зямлю трэба дасыпаць. Калі, наадварот, моцна заглыбіцца, слой глебы варта зняць. Дапускаецца заглыбленне на 1 см. Важна захоўваць адлегласць паміж кустамі. Для высакарослых раслін інтэрвал павінен быць 2 м, для больш нізкіх — 80 см. Каб укараненне на новым месцы прайшло лёгка для расліны, перасадку праводзяць да распускання пупышак, але тады, калі глеба ўжо прагрэецца.
Догляд
Догляд вейгелы не складаны. У засушлівае лета пад адзін куст выліваюць 10—15 літраў вады, у залежнасці ад памеру расліны. Паміж палівамі глеба павінна падсохнуць. Для прадухілення ўтварэння скарынкі на паверхні грунту праводзяць рыхленне. Яно павінна быць ашчадным, каб не пашкодзіць карані. Больш чым на 10 см у глыбіню рыхліць не варта. Праполка павінна быць рэгулярнай, каб пустазелле не забірала ў расліны пажыўныя рэчывы. Замяніць праполку і рыхленне можа мульчыраванне. Падкормку праводзяць тры разы за сезон. Першы раз, да распускання пупышак, уносяць азот, фосфар і калій. Другая падкормка праводзіцца ў канцы мая, калі з’яўляюцца бутоны. З угнаення выключаюць азот. Увосень, пасля паўторнага цвіцення, у прыствольны круг насыпаюць 200 г попелу.
Укрыванне на зіму
Важна правільна падрыхтаваць расліну да зімовых маразоў.
Маладым саджанцам вейгелы патрэбен догляд зімой. Пасадкі варта старанна ўкрыць ліставым ападам або лапнікам. Калі чакаюцца моцныя маразы, патрабуецца дадатковае ўкрыццё нятканым укрыўным матэрыялам. Яго нацягваюць у два слаі на каркаснае збудаванне, каб паміж укрыццём і саджанцамі ўтварылася паветраная праслойка. Вясной гэтае ўкрыццё неабходна своечасова зняць.
Марозаўстойлівыя гатункі дастаткова абкапаць зямлёй для прадухілення замярзання каранёвай шыйкі. Пажадана накідваць дадатковы слой снегу ў прыствольны круг. Пры гэтым варта сачыць, каб снег не пашкодзіў ломкія галіны.
Размнажэнне
Насеннем. Насенне выспявае ў двухстворкавых пладах-каробачках. Варта памятаць, што пры насенным размнажэнні даччыныя кусты не заўсёды маюць якасць мацярынскай расліны. Насенне гатова да збору ў верасні ці кастрычніку, пакуль не раскрылася насенная каробачка, інакш усё высыпаецца. Каб гэтага пазбегнуць, можна выбраць некалькі самых развітых каробачак і загарнуць іх у марлю, у канцы верасня зрэзаць і акуратна высыпаць насенне на ліст паперы. Усходжасць насення не большая 2 гады. Стратыфікацыя не патрабуецца. Высейваць можна пад зіму, а можна вясной — у кантэйнер дома ці адразу на граду. Лепш за ўсё пасеяць позняй восенню на граду. Увесну яно дружна ўзыдзе. Калі сеянцы будуць вышынёй каля 3 см, іх варта прарэдзіць. На гэтай градцы саджанцы вырошчваюць да 3 гадоў, а вясной перасаджваюць на пастаяннае месца.
Чаранкамі. Можна ўкараняць адраўнелыя чаранкі мінулага года, зялёныя парасткі гэтага года або параснік, які з’яўляецца ля пянька пасля амаладжальнай абрэзкі куста. Даўжыня чаранка павінна быць ад 10 да 15 см. Ніжнія лісты выдаляюць, пакідаюць два верхнія, але іх напалову зразаюць. Ніжні зрэз парастка апускаюць у любы стымулятар росту каранёў на некалькі хвілін. Укараняюцца адразу на градзе ў сумесі тарфянога грунту і пяску. Верхні слой павінен быць з пяску таўшчынёй каля 3 см. Парастак паглыбляюць у зямлю не больш чым на 1 см. Пасаджаны чаранок варта накрыць шкляным слоікам. Перыядычна ўкрыццё знімаюць для паліву і праветрывання. Укараненне адбываецца праз месяц пасля пасадкі. Пры з’яўленні першага парастка яго прышчыпваюць, каб выклікаць рост дадатковых галінак.
Калі лета халаднаватае, то ўкрыццё можна зняць пасля з’яўлення маладога парастка. Калі ж стаіць засушлівае надвор’е, то слоік лепш пакінуць, але пакласці на яго зверху ліст лопуху ці паперу. Калі не прыцяніць, то магчымы апёк маладога лісця. На пастаяннае месца маладыя кусцікі перасаджваюць толькі на трэці год.
Абрэзка
Абрэзка вейгелы праводзіцца два разы — вясной, пасля распускання пупышак, і ўлетку, адразу пасля першага цвіцення.
Вясной у вейгелы пры абрэзцы выдаляюць усе вымерзлыя, паламаныя і пашкоджаныя парасткі. Зручней за ўсё гэта зрабіць тады, калі пупышкі набухлі ці з’явіліся маладыя лісцікі. Пры больш ранняй абрэзцы не заўсёды можна адрозніць здаровыя галіны ад пашкоджаных.
Да летняй абрэзкі трэба падысці ўважліва. Важна гэта зрабіць адразу пасля таго, як куст адцвіў, але да таго, як пачалі адрастаць маладыя парасткі. Калі зрэзаць маладыя галіны гэтага года, то не будзе ні восеньскага цвіцення, ні цвіцення вясной наступнага года. Кветкавыя пупышкі закладваюцца на парастках гэтага года, якія пачынаюць расці пасля вясновага цвіцення. Калі вы спазніліся з гэтай працэдурай, адкладзіце яе да наступнага года. Раз у 3–4 гады праводзяць амаладжальную абрэзку ўсёй расліны. Усе старыя галіны абразаюць пад корань, а ў маладых пакідаюць 2/3 даўжыні. Толькі такім чынам можна дабіцца пастаяннага пышнага цвіцення.
Праблемы пры вырошчванні
Калі пасадка вейгелы вельмі густая, а таксама ў дажджлівы сезон яе лісце можа паражацца рознымі грыбковымі захворваннямі. У такім выпадку варта апрацаваць расліну бардоскай вадкасцю або адпаведнымі фунгіцыдамі.
Цвіценне ў расліны можа адсутнічаць па некалькіх прычынах:
• няправільна выбрана месца пасадкi;
• недастатковы паліў;
• прысутнасць шкоднікаў. Вейгелу часта атакуе тля. Супраць яе куст апрацоўваюць хларафосам або народнымі сродкамі (настоямі цыбулі і часнаку з мылам). Супраць вусеняў выкарыстоўваюць пестыцыды або настойкі палыну і горкага перцу. Калі завялася мядзведка або хрушч, выкарыстоўваюць Актару.
Вейгела ў ландшафтным дызайне
Вейгела адна з культур, якая карыстаецца ў людзей папулярнасцю ў стварэнні дызайну прыватнага ўчастка. У яе шмат добрых якасцей: разнастайнасць відаў, добрая прыстасавальнасць да кліматычных умоў мясцовасці, нескладаны і догляд расліны. У афармленні садовых участкаў найлепшымі прызнаны такія гатункі вейгелы, як цвітучая, стракаталістая, гібрыдная, Мідэндорфа, Фларыда.
Вейгелу выкарыстоўваюць паасобку і групамі на газоне, у невысокай загарадзі, што вольна расце побач з іншымі кустамі. Пурпурнае лісце і кветкі даюць дзіўны эфект у спалучэнні з зелянінай газона, рэльефным лісцем хост, нізкарослых касачоў і г.д. Нізкарослыя формы вейгелы ўпрыгожваюць альпінарыі.
Каляндар работ
Студзень, люты, сакавік.
Ушчыльненне снегу каля раслін для абароны ад грызуноў. Атрасанне мокрага снегу для прадухілення паломкі галінак.
Красавік.
Абрэзка галінак, пашкоджаных марозам. Пасадка. Апрацоўка і мульчыраванне прыствольных кругоў. Багаты паліў. Першая падкормка мінеральнымі ўгнаеннямі. Пасеў насення ў адкрыты грунт.
Май.
Пікіроўка сеянцаў, ахова раслін ад позніх вясновых замаразкаў; дымленне, апырскванне, паліў. Апрацоўка прыствольных кругоў. Праполка пустазелля.
Чэрвень.
Зялёнае чаранкаванне. Выдаленне парасніку. Праполка, рыхленне, паліў, падкормка комплексным угнаеннем. Абарона ад шкоднікаў і хвароб.
Ліпень.
Фарміруючая абрэзка кроны. Выдаленне адцвілых суквеццяў. Догляд сеянцаў і чаранкоў. Апырскванне сеянцаў і саджанцаў ад шкоднікаў і хвароб. Падкормка растворам каравяку (1:10).
Жнівень.
Догляд чаранкоў, падкормка, паліў, праполка.
Верасень.
Пасадка і перасадка, апрацоўка і мульчыраванне прыствольных кругоў. Працяг догляду сеянцаў і чаранкоў, што ўкараніліся.
Кастрычнік.
Збор апалага лісця і выдаленне яго з участка. Прыгінанне галінак да зямлі для лепшай перазімоўкі. Мульчыраванне прыствольных кругоў на зіму больш тоўстым слоем торфу або сухога дубовага лісця. Укрыванне сеянцаў. Збор насення.
Лістапад.
Раскладка прынад ад грызуноў.
Снежань.
Ушчыльненне снегу каля прыствольных кругоў. Атрасанне мокрага снегу з кустоў.
Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.