З дзяцінства хлопчыкам у сям’і, дзіцячым садзе, а потым і ў школе закладваецца: “Не плач, бо ты ж мужчына”. Такім чынам ім даецца ўстаноўка: “Не адчувай! Не праяўляй сваіх эмоцый!” Хлопчык расце з закладзенай думкай: “Ты павінен быць жалезным і надзейным, як скала”. Але ж неабходнасць паказваць свае эмоцыі ёсць у кожнага чалавека незалежна ад яго палавой прыналежнасці. І добра, калі эмоцыі не блакіруюцца, інакш непазбежны “выбух” ці сыход у сябе і самаразбурэнне. Калі эмоцыі блакіруюцца доўга, то з цягам часу яны пачынаюць прарывацца і непазбежна вырвуцца наверх ва ўжо некіруемай форме (алкаголь, гульняманія, агрэсіўныя паводзіны). Калі ж яны падаўляюцца настолькі паспяхова, што чалавек, здаецца, перастае іх адчуваць, то ўключаецца механізм самаразбурэння — дэпрэсія.
З дзяцінства хлопчыкам у сям’і, дзіцячым садзе, а потым і ў школе закладваецца: “Не плач, бо ты ж мужчына”. Такім чынам ім даецца ўстаноўка: “Не адчувай! Не праяўляй сваіх эмоцый!” Хлопчык расце з закладзенай думкай: “Ты павінен быць жалезным і надзейным, як скала”. Але ж неабходнасць паказваць свае эмоцыі ёсць у кожнага чалавека незалежна ад яго палавой прыналежнасці. І добра, калі эмоцыі не блакіруюцца, інакш непазбежны “выбух” ці сыход у сябе і самаразбурэнне. Калі эмоцыі блакіруюцца доўга, то з цягам часу яны пачынаюць прарывацца і непазбежна вырвуцца наверх ва ўжо некіруемай форме (алкаголь, гульняманія, агрэсіўныя паводзіны). Калі ж яны падаўляюцца настолькі паспяхова, што чалавек, здаецца, перастае іх адчуваць, то ўключаецца механізм самаразбурэння — дэпрэсія.
У грамадстве склалася ўяўленне, што мужчыны менш адчувальныя, менш ранімыя, чым жанчыны. Але рэальнасць, на жаль, зусім іншая: жаночая нервовая сістэма больш гібкая, як вярба, якая гнецца, але не ламаецца, і лягчэй пераносіць уздзеянні і змены навакольнага асяроддзя. У той час як мужчынская нервовая сістэма падобна да калоса на гліняных нагах: стаіць, стаіць, а потым проста разбураецца ў ад зін момант. Трэба ведаць, што дэпрэсія не мае ні сацыяльнага, ні эканамічнага, ні інтэлектуальнага, ні ўзроставага цэнзу — косіць без разбору і вадзіцеля трамвая, і фермера, і паспяховага бізнесмена і, што самае непрыемнае, часта без яўных прычын.
Мужчыны лічацца менш схільнымі да дэпрэсій, чым жанчыны, але гэтая выснова зроблена ў асноўным па колькасці зваротаў па прафесійную дапамогу. А ў рэальнасці мужчынам проста цяжка прызнаць, што яны не могуць справіцца са сваім станам, і ўжо зусім цяжка звярнуцца па дапамогу. У нашай практыцы бываюць выпадкі, калі кліент, прыйшоўшы на кансультацыю, пачынае пераконваць сябе і спецыяліста, што дапамога яму не патрэбна, што ў яго ўсё ў парадку і што візіт да псіхолага, псіхатэрапеўта — гэта ўступка жонцы, якая лічыць, што ў яго ёсць праблемы… З узростам і набыццём “паважнасці” ўсё гэта толькі абвастраецца. Знакаміты крызіс сярэдняга ўзросту, які пачынаецца ў мужчын прыкладна ў 40 гадоў, часта суправаджаецца пераддэпрэсіўным станам ці нават упадзеннем у дэпрэсію.
Для таго каб разабрацца ў мужчынскай дэпрэсіі, зробім невялікі экскурс у этыялогію дэпрэсіі.
Эндагенная дэпрэсія — найбольш складаная. Яе прычына знаходзіцца ўнутры чалавека. Прычынай узнікнення такой дэпрэсіі лічыцца нястача гармонаў: сератаніну, норадрэналіну, дафаміну. Калі арганізм выпрацоўвае іх у недастатковай колькасці, то чалавек пачынае моцна перажываць з прычыны і без яе, адчувае пачуццё прыгнечання, моцную апатыю, нікчэмнасць свайго існавання. Гэтыя парушэнні могуць перадавацца па спадчыне з пакалення ў пакаленне. У гэтым выпадку дэпрэсія можа пачынацца без яўных прычын, што называецца, на пустым месцы, і пры яе лячэнні без медыкаментаў, што рэгулююць колькасць дэфіцытнага гармону ў мозгу, не абысціся. Псіхатэрапія ў такім выпадку з’яўляецца падтрымкай медыкаментознай тэрапіі.
Псіхаэмацыянальная, ці рэактыўная (сітуатыўная), дэпрэсія ўзнікае ў чалавека ў адказ на пэўную траўміруючую падзею: хваробу ці смер ць сваяка, канфлікты з блізкімі або на рабоце, расставанне, незадаволенасць адносінамі, у якіх адзін з партнёраў жыве са сціснутымі зубамі, цалкам забыўшы пра сябе, хваробу, страту работы, крыўду, несправядлівасць або працяглы стрэс. Тады напружанне ці нават нявыяўленая злосць або крыўда назапашваюцца і ў рэшце рэшт накіроўваюцца супраць самога сябе.
Таксама псіхаэмацыянальная дэпрэсія можа быць вынікам якога-небудзь перажывання, звязанага з дзяцінствам (перажыты фізічны ці сексуальны гвалт, маральныя пакуты, знявага). У гэтым выпадку прычына дэпрэсіі знаходзіцца не ў чалавеку і работа з гэтай дэпрэсіяй накіравана на ліквідаванне прычыны, на змяненне адносін чалавека да сітуацыі, што склалася, на самаўдасканаленне. Пры лячэнні гэтай дэпрэсіі на першым месцы стаіць псіхатэрапія, але часам выкарыстоўваецца медыкаментозны спосаб як падтрымка псіхатэрапіі.
Пасляродавая мужчынская дэпрэсія, як ні дзіўна можа прагучаць, але, як бачна з назвы, уласцівая не толькі жанчынам. Гэты від дэпрэсіі часткова абумоўлены рэзкім разладжваннем гармонаў і часткова псіхалагічнымі прычынамі, калі абодва партнёры не спраўляюцца з новым рытмам жыцця і, не атрымліваючы падтрымкі адно ад аднаго, трапляюць у эмацыянальнае і фізічнае знясіленне. Бацькоўская дэпрэсія выяўляецца ў няздольнасці знаходзіцца побач з дзіцем і пераносіць дзіцячы пах і крык у спалучэнні з сімптомамі класічнай дэпрэсіі: сумам, адчуваннем уласнай нікчэмнасці, адмаўленнем ад хобі, стратай цікавасці да сексу. Некаторыя мужчыны адзначаюць страту кантролю над уласным жыццём і адчуванні, блізкія да клаўстрафобіі (страх закрытай прасторы). Пасляродавая дэпрэсія лечыцца таксама комплексна — спалучэннем псіхатэрапіі і антыдэпрэсантамі.
Часам перажыванні пераходзяць у рэчышча псіхасаматыкі, і чалавек пачынае развальвацца на вачах: зніжаецца імунітэт, з’яўляецца боль, асабліва ў вобласці пазваночніка, магчымы траўмы, парушэнні работы страўнікава-кішачнага тракту, абвастрэнні хранічных захворванняў, могуць быць дэрматыты (скурныя праблемы) ці алергічныя рэакцыі. Такім чынам арганізм абараняецца ад псіхатраўміруючых фактараў і псіхалагічная праблема замяшчаецца захворваннем.
Мужчыны часта не расказваюць пра свае сімптомы дэпрэсіі, паколькі ў іх разуменні псіхалагічныя праблемы і хваробы ствараюць пагрозу іх мужнасці. Вельмі часта дэпрэсія ў мужчын праходзіць неапазнанай — як для саміх сябе, так і для навакольных. Гэта з’яўляецца сур’ёзнай праблемай, паколькі па статыстыцы 1 з 4 мужчын мучыць сябе і сваю сям’ю, не атрымліваючы патрэбнай дапамогі і лячэння.
Парады жонцы — як падтрымліваць мужа
1. Выпраўляйце негатыўныя выказванні. “Калі аднойчы я знайду работу…” выпраўляем на “Хутка ў цябе будзе магчымасць сябе рэалізаваць! Я ў гэта ВЕРУ!”.
2. Пачынайце кожны дзень з усмешкі і трымайцеся спакойна і ўпэўнена — перастаньце падмацоўваць яго страхі і няўпэўненасць.
3. Калі вы адчуваеце, што вашы сілы канчаюцца, звярніцеся па дапамогу самі для сябе: работа з псіхатэрапеўтам ці псіхолагам дапаможа падабраць аптымальную лінію паводзін з мужам і дасць падтрымку.
4. Часцей гаварыце аб сваім каханні.
5. Паспрабуйце разнастаіць штодзённае меню, няхай у ежы будзе больш яркіх колераў і няхай стол будзе сервіраваны! За сталом ніякіх “дрэнных размоў”!
6. Часцей бывайце разам на свежым паветры і пажадана на прыродзе.
7. Калі тое, што выклікала дэпрэсію, — рэальная сітуацыя або праблема, то неабходны такія ж рэальныя, няхай маленькія, але рэгулярныя крокі па яе вырашэнні. Часам нам здаецца, што такіх крокаў няма, але гэта толькі ЗДАЕЦЦА!
8. З любога стану ёсць выхады: уніз — паддацца, апусціцца, перастаць змагацца і дэградзіраваць — або ўгору — справіцца, пераадолець, дзейнічаць, захоўваць аптымізм і актыўнасць. Выбар кожны робіць для сябе сам.
9. Часам на дапамогу можа прыйсці гумар — жартуйце, прыгадвайце вясёлыя гісторыі.
10. Калі ж вы пераспрабавалі ўжо ўсё, але выбар мужчыны — гэта пакуты, дэпрэсія і самаразбурэнне, то не варта сябе жывой хаваць з ім за кампанію! Пачніце вызваляцца ад залежнасці! Без дапамогі спецыяліста гэта зрабіць бывае цяжка, але ўсё ж перастаньце жыць толькі ім, складайце свае планы, рэалізуйце свае праекты, займайцеся сваім хобі і пражывайце кожную хвіліну жыцця паўнацэнна.
Прыкметы дэпрэсіі
Пачуццё пастаяннай стомленасці. Мужчыны адчуваюць стомленасць значна часцей, чым жанчыны.
Пастаянная санлівасць ці бяссонніца. Самыя пэўныя прыкметы дэпрэсіі — бяссонніца, ранняе абуджэнне ці, наадварот, санлівасць. Некаторыя спяць па 12 гадзін, але пасля абуджэння адчуваюць сябе абсалютна разбітымі, бо сон перарывісты — па 1,5—2 гадзіны.
Змены ў вазе. Значная страта ці павелічэнне вагі, змена больш чым на 5% масы цела за месяц.
Боль у жываце, вобласці грудзей ці спіне, высокі ціск, галаўны боль. Тым не менш мужчыны рэдка звязваюць недамаганне з дэпрэсіяй.
Раздражняльнасць. Часам побач з тугой мужчыны падчас дэпрэсіі адчуваюць моцную раздражняльнасць, становяцца вельмі нястрыманымі.
Цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі. Мужчынам цяжка канцэнтравацца, засяроджвацца на чымсьці, цяжка прымаць рашэнні.
Злосць або агрэсіўнасць. Калі мужчына адчувае цяжкасці ў нечым, ён інстынктыўна хоча паказаць, што ён яшчэ “ого-го”, таму становіцца грубым, злым і агрэсіўным.
Стрэс. Мужчыны часта прымаюць сімптомы дэпрэсіі за стр эс. Але неабходна разумець, што знаходжанне ў пастаянным стрэсавым стане характарызуе наяўнасць дэпрэсіі. Працяглае знаходжанне чалавека ў стрэсавай сітуацыі аказвае згубны ўплыў на мозг і ўвесь арганізм.
Пачуццё трывогі. Трывожнасць і дэпрэсія звязаны вельмі цесна. У адрозненне ад жанчын, мужчыны не прывыклі дзяліцца з блізкімі сваёй праблемай і носяць сваю трывогу ўнутры сябе, часта нават не ідэнтыфікуючы яе.
Злоўжыванне. У мужчын дэпрэсія часта суправаджаецца злоўжываннем алкаголю ці наркотыкаў як спосабам адыходу ад праблем хоць на час.
Сексуальная дысфункцыя. Дэпрэсія з’яўляецца асноўнай прычынай страты палавой цягі, але мужчыны лічаць за лепшае не абмяркоўваць праблемы, што толькі ўзмацняе іх.
Нерашучасць і няўпэўненасць у сабе. У хворых на дэпрэсію могуць быць такія сітуацыі, калі ў іх ёсць грошы, але яны ўмудраюцца не заплаціць за тэлефон ці не прайсці своечасова тэхагляд, таму што ў іх няма сіл узяць сябе ў рукі і проста нешта пачаць рабіць і вырашаць праблемы.
Суіцыдальныя думкі. Нягледзячы на тое што жанчыны часцей рашаюцца на самагубства, у мужчын смяротных канцоў больш, што звязана з тым, што мужчыны выбіраюць больш “надзейныя” спосабы.
Віта КІБАЛКА,
псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.