На базе Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці прайшоў абласны этап Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЁлка-2021”. У спаборніцтве, якое праводзілася з мэтай далучэння навучэнскай моладзі да навукова-тэхнічнай творчасці, выяўлення таленавітых юнакоў і дзяўчат, актывізацыі дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, пошуку новых метадаў, прыёмаў, дызайнерскіх ідэй і рашэнняў у стварэнні навагодніх ёлак, удзельнічала 203 работы з 34 устаноў прафесійнай адукацыі.
Конкурс праходзіў у 10 намінацыях: “Дызайн-ёлка”, “Хай-тэк ёлка”, “Альтэрнатыўная ёлка”, “МультымедыяЁлка”, “РэтраЁлка”, “Ёлка-трансформер”, “Калядная кампазіцыя”, “Навагодні сувенір”, “Святочныя ўпрыгажэнні” і “Сімвал 2021 года”. Журы ацэньвала якасць і складанасць выкананых работ, іх практычнасць і надзейнасць у эксплуатацыі, арыгінальнасць задумы і творчыя знаходкі, нетрадыцыйнае выкарыстанне вядомых матэрыялаў, эстэтычны выгляд і інш. Усе творчыя праекты выкананы з гукавымі, светлашумавымі і рухальнымі эфектамі.
Цяжка перадаць словамі палёт фантазіі навучэнцаў і пералічыць усе матэрыялы, з якіх былі выкананы конкурсныя работы. Радуе, што з году ў год павышаецца майстэрства ўдзельнікаў спаборніцтва. Кожны экспанат без перабольшання з’яўляецца творам мастацтва.
Асаблівай увагі заслугоўваюць кампазіцыі “Навагодняя карусель” з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, “Час казак надышоў…” з Лунінецкага дзяржаўнага ПТК сельскагаспадарчай вытворчасці (Наталля Арканнікава), “За адзіную Беларусь!” з Ганцавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці (Мікалай Макатрэвіч). Навучэнцы і педагогі Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці падрыхтавалі ажно 19 экспанатаў ва ўсіх намінацыях. Сярод іх — мультымедыйная ёлка, створаная з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці (Дзмітрый Кароль).
Майстар вытворчага навучання Мікалай Мельніковіч з Пінскага дзяржаўнага ПТК машынабудавання прэзентаваў канструкцыю сімвала будучага года Быка, вырабленую з ліставога металу, якая складаецца больш як з 3 тысяч дробных дэталей.
Не засталася без увагі работа “Бычок удачы”, падрыхтаваная майстрам вытворчага навучання Мікалаем Чараповічам і яго выхаванцамі Раманам Зіновікам і Дзянісам Ванюком з Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага ПТК. Работа зроблена з кававаркі, друкаваных плат камп’ютара, каляровых святлодыёдаў і партатыўнай калонкі.
Педагогі і навучэнцы Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, які з’яўляецца каардынатарам профільных конкурсаў, таксама актыўна ўдзельнічаюць у творчых спаборніцтвах. Штогод выхаванцы розных аб’яднанняў па інтарэсах паспяхова выступаюць на абласных і рэспубліканскіх аглядах і конкурсах. Сёлета навучэнцы ўстановы прэзентавалі 4 арыгінальныя праекты: “Малітва за Беларусь”, “У чаканні свята”, “Беларускі волат” і “Ёлка жаданняў”.
Конкурс паказаў, што на Брэстчыне шмат таленавітых педагогаў і навучэнцаў, якія знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку і радуюць адметнымі работамі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.