Сняжынка дабрыні

Рабіць падарункі не менш прыемна, чым іх атрымліваць. А калі падарунак падорыць радасць тым, хто асабліва яе патрабуе, задавальненне ад гэтага значна павялічыцца, і нават Баба Яга пачне рабіць добрыя справы.

Менавіта ў такой атмасферы дабрыні і чакання цудаў сустракаюць калядныя і навагоднія святы ў яслях-садзе № 74 Гродна. Тут арганізавалі акцыю “Сняжынка дабрыні”.

— У навагодняй акцыі “Нашы дзеці” супрацоўнікі дзіцячага сада і выхаванцы ­ўдзельнічаюць штогод, — гаворыць загадчыца ясляў-сада № 74 Таццяна Яўгенаўна Чэрнікава. — У гэтым го­дзе ўзнікла ідэя зрабіць падарункі дзецям, якія выхоўваюцца ў Доме дзіцяці ў Гродне. Звязаліся з яго кіраўніцтвам і пацікавіліся, у чым яны маюць патрэбу. Баць­кі нашых выхаванцаў заўсёды з’яўляюцца актыўнымі памочнікамі ва ўсіх дабрачынных справах. Вось і гэтым разам яны не толькі адгукнуліся на прапанову зрабіць падарункі, але і падтрымалі ідэю “Сняжынкі дабрыні” літаральна — пачалі рабіць сняжынкі.

Так, у фае дзіцячай установы ўжо на пачатку снежня з’явілася ўпрыгожаная самымі разнастайнымі сняжынкамі ёлка. Колькасць іх была такая вялікая, што ўпрыгожылі яшчэ адну ёлку. А на другім паверсе паставілі куфэрак, куды складвалі падарункі. Энтузіязм дзяцей і дарослых выліўся і ў святочны паказ. Музычны кіраўнік Таццяна Віктараўна Чэрнікава прыдумала сцэнарый свята, падрыхтавала з дзеткамі музычныя нумары.

Выхавальнік Настасся Анатольеўна Кердаль пераўвасабляецца ў казачную Бабу Ягу, якая пад уздзеяннем добрых спраў дзетак і дарослых таксама становіцца добрай. Яна расказвае дзецям, каму які падарунак падрыхтаваны, чаму трэба дапамагаць іншым. А пра сняжынку тут склалі казку, што яна спачатку адчувала сябе адзінокай, а калі побач з ёй з’явілася шмат іншых сняжынак, яна стала шчаслівай, як у сям’і.

Напярэдадні свята падарункі праз гро­дзенскі дабрачынны цэнтр дапамогі “Вера” бу­дуць перададзены ў Дом дзіцяці. А разам з імі і відэа, на якім выхаванцы ясляў-сада № 74 перададуць свае музычныя віншаванні.

— Выхаваць у дзяцей спагаду, уважлівае стаўленне да тых, хто побач, жаданне дапамагаць — наша “Сняжынка дабрыні” ўсе гэтыя мэты выконвае, — працягвае Таццяна Яўгенаўна. —

У планах у нас не адна дабрачынная акцыя. Галоўнае, мы бачым водгук у бацькоў нашых выхаванцаў, зацікаўленасць у дзетак і супрацоўнікаў ясляў-сада. І мы ўсім за гэта вельмі ўдзячны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.