Цюбінг: стаяць нельга катацца.

Дзе ставім коску?

Што такое “цюбінг”? Тэрмін паходзіць ад англійскага слова “труба” і азначае “катанне на надзіманых санках па снезе або вадзе”. Іх яшчэ называюць ватрушкамі, абаранкамі або табаганамі. Цюбінг — выдатная зімовая (ды і летняя) забава.

Прызнаныя плюсы санак-цюбінга:
• камера змякчае ўдары пры спуску;
• ручкі гарантуюць бяспеку;
• цягнуць угору цюбінг лягчэй, чым жалезныя санкі;
• дэталі мацуюцца ніткамі, а не клеем.
АЛЕ! Катанне на цюбінгах з’яўляецца адной з самых траўманебяспечных забаў!

Пры ўсіх сваіх плюсах цюбінг мае і важкія мінусы:
• высокая хуткасць спуску;
• адсутнасць тармазоў;
• немагчымасць кіраваць ходам руху.

Чым вышэйшая хуткасць, тым большая сіла ўдару пры сутыкненні. Калі горка высокая, а наезнік цяжкі, рызыка траўмы вырастае ў некалькі разоў. Выкарыстоўвайце дзіцячыя цюбінгі на невысокіх горках без перашкод! Навучыце дзіця падаць правільна, і лепш, калі гэта зробяць спецыялісты спартыўных секцый дзюдо або самба.

Правілы бяспечнага катання на цюбінгах

  1. Пры занятках зімовымі відамі спорту выкарыстоўвайце ахоўныя сродкі: налакотнікі, накаленнікі, шлемы.
  2. Выбірайце для катання абсталяваныя схілы, якія ўяўляюць сабой жолаб, дзе верагоднасць вылецець з трасы мінімальная, дзе ўхіл складае не больш за 20 градусаў, няма дрэў, ям, купін, кустоў і камянёў на шляху. Унізе схілу не павінна быць вадаёма ці праезнай часткі, і важна, каб было дастаткова месца для тармажэння.
  3. Цюбінг развівае вялікую хуткасць, таму старайцеся трымаць навакольных у сваім полі зроку. Перад пачаткам спуску пераканайцеся, што перад вамі нікога няма, асабліва дзяцей. Пры спуску прытрымлівайцеся чарговасці і вытрымлівайце дыстанцыю: не менш за 50 метраў або 20 секунд паміж спускам папярэдняга цюбінга і вашым.
  4. Забараняецца катацца на цюбінгах у стане алкагольнага ап’янення, прывязваць цюбінгі да аўтамабіля, снегаката або іншага транспартнага сродку, а таксама прымацоўваць цюбінгі “паравозікам”: яны могуць перавярнуцца.
  5. Катацца на санках-ватрушках неабходна седзячы. Забараняецца катацца на цюбінгах стоячы, лежачы або скачучы, як на батуце, з трамплінаў, стаяць спінай да схілу гары.
  6. Небяспечна садзіцца на цюбінг удваіх (асабліва з дзіцем), бо з яго можна вылецець: немагчыма кантраляваць сітуацыю, калі адной рукой даводзіцца трымаць дзіця, а другой цюбінг.
  7. Не варта перагружаць цюбінг. У інструкцыі да спортінвентару ўказана дапушчальная для кожнай мадэлі нагрузка. Выкарыстоўвайце варыянт, які падыходзіць вам па памеры, звярніце ўвагу і на ўзроставыя рамкі.
  8. Не адпускайце маленькіх дзяцей катацца адных.
  9. У працэсе катання трымайцеся за рамяні, размешчаныя па баках цюбінга.
  10. Каб пазбегнуць траўм падчас спуску, не тармазіце нагамі.
  11. Пасля заканчэння спуску неадкладна пакіньце зону катання. Пры спыненні або падзенні паспрабуйце як мага хутчэй сысці з трасы, бо ёсць верагоднасць, што вас саб’юць.
  12. Каб пазбегнуць сутыкнення з цюбінгамі, якія спускаюцца, пад’ём на гару ажыццяўляйце на бяспечнай ад спуску адлегласці.
  13. Калі вы напампоўвалі цюбінг на холадзе, то ў цёплым памяшканні або салоне аўтамабіля выпусціце частку паветра з камеры. У цяпле паветра пачне пашырацца і камера можа лоп­нуць, калі ватрушка была моцна надзьмута халодным паветрам.

Як падабраць цюбінг

  1. Улічвайце рост таго, хто будзе на ім катацца:
    да 100 см — памер цюбінга да 85 см,
    рост да 140 см — памер цюбінга 95 см,
    рост да 175 см — памер цюбінга 110 см,
    рост да 200 см — памер цюбінга 125 см,
    рост больш за 200 см — можна выкарыстоўваць цюбінгі 125 см.
    Пры катанні ногі павінны злёгку дакранацца да зямлі.
  2. Для катання дзяцей абавязковая наяўнасць вяроўкі (буксіровачнага стропа) — каля 1,5 метра ў даўжыню. Гэта дапаможа бацькам рэгуляваць хуткасць руху цюбінга.
  3. Немалаважны спосаб мацавання вяроўкі да корпуса санак. Больш надзейным стане строп, прывязаны да ручкі. Калі вяроўка прышыта непасрэдна да ватрушкі, пераканайцеся, што месца фіксацыі добра ўзмоцнена.
  4. Падбіраючы ватрушкі, звярніце ўвагу на надзейнасць і бяспеку ручак. Непажадана, каб яны былі прышытыя да тканіны абалонкі. Такія прыстасаванні могуць адарвацца і стаць прычынай траўм у дзіцяці. Ідэальным варыянтам з’яўляюцца ручкі, цалкам адлітыя з ПВХ. Той, хто сядзіць у сярэдзіне цюбінга, павінен свабодна да іх дацягвацца. Гэта дазволіць яму трымацца ў працэсе катання.
  5. Верхняя частка цюбінга часцей за ўсё выраблена з ПВХ, аднак для дзяцей, якія не дасягнулі 6 гадоў, варта выбіраць санкі, якія маюць камбінаванае пакрыццё. Такія ма­дэлі забяспечаныя мяккай, няслізкай абіўкай з тканіны. Гэтая дазваляе ўтрымлівацца ў ватрушцы пры высокай хуткасці.
  6. Рэкамендуецца аддаваць перавагу вырабам з маланкамі, якія закрываюць адтуліны для камеры. Шнуроўка не такая практычная і можа развязацца, а ліпучка нярэдка забіваецца снегам.

Інга ФЯДОТКАВА,
урач-гігіеніст, загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.