Бружмель капрыфоль

Дэкаратыўны садовы бружмель — гэта не нейкі канкрэтны гатунак. Культура ўключае ў сябе мноства форм, якія адрозніваюцца знешнім выглядам, марозаўстойлівасцю, арэалам распаўсюджвання. Многія з іх вельмі дэкаратыўныя і карыстаюцца заслужанай любоўю ландшафтных дызайнераў.

Бружмель дэкаратыўны выдатна ўпішацца ў дызайн любога ўчастка. Расліны падыходзяць для агаро­джы, стварэння зялёных груп, выдзялення садовых зон. Павойным бружмелем увіва­юць альтанкі і аркі. Яго можна камбінаваць з хвойнікамі, глогам, ляшчынай. Адзіночныя кусты, падстрыжаныя ў форме шара, выдатна глядзяцца на газоне ці ў асобных кампазіцыях. А чароўныя кветкі і дзівосны пах любы ўчастак ператвораць ва ўсходні сад. Дэкаратыўныя кусты цвітуць з канца мая і да сярэдзіны ліпеня. Бліжэй да восені на іх з’яўляецца россып дробных, часта ядавітых пладоў.

У нявопытных садаводаў, якія ўпершыню пасадзілі культуру, нярэдка ўзнікае пытанне: як адрозніць бружмель ядомы ад дэкаратыўнага? Бо на ўчастку могуць расці абодва віды. Садовая форма мае даўгаватыя цёмна-сінія ягады з васковым налётам. Спеюць яны ў канцы чэрвеня.

У ландшафтнага бружмелю плады дробныя, круглыя, цёмна-чырвонага або чорнага колеру. Размешчаныя парамі, нярэдка зрастаюцца паміж сабой. У ліян ягады здаюцца прыклеенымі да лісця з-за кароткай пладаножкі. Спеюць у жніўні.

Плады ландшафтных форм неядомыя. Яны ядавітыя і могуць выклікаць моцнае атручэнне.

На ўзлесках і ў гаях нярэдка расце бружмель сапраўдны, ці воўчая ягада. Збіраць яго нельга. Гэтая расліна з духмянымі жоўта-белымі кветкамі і яркімі пладамі вельмі ядавітая.

Выбар месца

Пры выбары месца для пасадкі трэба ўлічваць наяўнасць апоры для расліны (напрыклад, сцяна дома, агароджа, слупы). Бружмель расце ў даўжыню на многа метраў. За 4—5 гадоў расліна можа дасягнуць 5 метраў і добра распаўзаецца ў бакі. Таму апоры ёй неабходны. Апору лепш падбіраць моцную, бо нагрузка бу­дзе вялікая ад масы расліны і падчас моцнага ветру. Акрамя таго, гэтая расліна, хоць і вельмі непатрабавальная, перасадкі з месца на месца не любіць. Бружмель можа пачаць хварэць, перастаць цвісці, ліяна стане мізэрнай. Будзе парушана размнажэнне.

Пасадка

Высаджваць расліну на пастаяннае месца лепш вясной або ў пачатку восені. Саджайце расліну там, дзе ёй будзе дастаткова сонечнага святла. Аптымальна — лёгкі паўцень, або першую палову дня бружмель павінен быць на сонцы, другую ў паўцені.

Да складу глебы культура непатрабавальная, але лепш расце на рыхлых, вапнаваных землях. Калі плануецца стварыць жывую агароджу, пад бружмель варта выкапаць траншэю і запоўніць яе пажыўным грунтам з дабаўленнем комплекснага мінеральнага ўгнаення.

Каб расліна багата цвіла і цешыла вока доўгія гады (а жыве культура больш за 30 гадоў), варта ўлічыць некалькі важных момантаў.

*Пасадачныя ямы для маладых кустоў рыхтуюць загадзя. Ліяны размяшчаюць праз 2—2,5 метра адна ад адной, нізкарослыя формы — праз 40—50 см.

*У гатовую лунку дабаўляюць кампост і пясок, жменю вапны і столькі ж мінеральнага ўгнаення. Усё гэта старанна перамешваюць з садовай глебай.

*Яму добра паліваюць. Пасля ўбірання вады ў цэнтр насыпаюць узгорачак зямлі і размяшчаюць зверху саджанец, расправіўшы карані.

*Лунку закідваюць глебай, ушчыльня­юць і зноў добра паліваюць.

*Прыкаранёвую зону мульчыру­юць торфам, карой або пілавіннем для захавання вільгаці. У гарачыя дні саджанец прыцяняюць.

Абразаць кусцік пасля пасадкі нельга: гэта затрымае рост, а значыць, і цвіценне культуры мінімум на год.

Глеба

Глеба павінна быць урадлівай, добра прапускаць паветра, не быць закісленай. У якасці ўгнаення можна ўнесці перагной, комплексныя прэпараты, арганіку. Можна грунт падрыхтаваць з дапамогай наступных кампанентаў.

Варыянт 1: змяшаць дзярновую глебу, перагной, пясок, торф. Прапорцыі 3:1:1:1.

Варыянт 2: змяшаць кампост — 2 вядры, двайны суперфасфат — 100 г, вапна — 0,5 л, сульфат калію — 30 г. Усе гэтыя кампаненты насыпаюць пасля папярэдняга змешвання ў лунку і праліваюць вадой — прыкладна 1/2 вядра.

Бружмель патрабуе нейтральнай глебы, гэта значыць, каб узровень PH быў у межах ад 7,5 да 8,5. Калі глеба кіслая, то яе вапнуюць. Тады варта выбіраць другі варыянт грунту.

Не павінна быць і блізка сумежных грунтавых вод, балота, застою вільгаці ў веснавы перыяд. Калі вы сумняваецеся, то зрабіце дрэнаж з дапамогай шчэбню або спецыяльнага матэрыялу, што прадаецца ў магазінах для дачнікаў.

Догляд

Прывабнасць бружмелю ў тым, што ён даволі непатрабавальны. Яго неабходна перыядычна паліваць, а калі лета выдалася дажджлівае, то паліў не патрабуецца. Звычайна трэба ўсяго 4—5 паліваў за лета, але яны павінны быць багатымі.

Заўсёды выдаляйце пустазелле вакол куста і рыхліце глебу пасля дажджоў і паліву, каб не было застою. Але будзьце асцярожныя, паколькі каранёвая сістэма размешчана даволі блізка, яе можна пашкодзіць.

Што тычыцца падкормкі, то бружмель яе любіць. Добра адгукаецца на натуральныя ўгнаенні. Можна выкарыстоў­ваць гной, перагной, кампост. Таксама рэкамендуецца ўносіць попел.

Падкормкі ўносяцца вясной прыкладна па вядры пад куст. Восенню ж ахоўваюць глебу попелам (250 г). Рэчыва ашчалачвае глебу і насычае яе каліем. Летам добра ўліць жыжку з гною — прапорцыя 1:4. Угнаенні для бружмелю дэкаратыўнага лепш браць комплексныя, з павышанай колькасцю калію і фосфару, паколькі азот спрыяе нарастанню вегетатыўнай масы на шкоду цвіценню.

Маладыя расліны добра адгукаюцца на апырскванні “Цырконам” або “Эпінам”.

Расліну першыя два гады не падкормліваюць, ёй трэба добра ўкараніцца і адаптавацца. Падкормку ўносяць на трэці год, пад кожны куст бружмелю па снезе рассыпаюць 25 г аміячнай салетры.

Калі ліяна не цвіце

Чаму не цвіце бружмель дэкаратыўны? Прычын можа быць некалькі. Асноўныя з іх:

*ранні ўзрост ліяны;

*расліна пасаджана на адкрытым месцы, дзе вымярзае або высушваецца ад халодных вятроў;

*няправільная абрэзка;

*нязімаўстойлівы гатунак;

*дрэннае ўкрыццё;

* кветкавыя пупышкі трапляюць пад веснавыя замаразкі.

Калі расліна перахварэла мучністай расой і страціла ліст, у наступным годзе цвіцення можна не чакаць.

Абрэзка

Некаторыя садаводы практыкуюць восеньскую абрэзку бружмелю дэкаратыўнага на пянёк, а потым здзіўляюцца, чаму ліяна дрэнна расце. Пры такім доглядзе не варта чакаць ад куста багатага цвіцення.

Капрыфоль і іншыя павойныя бружмелі даюць кветкі на галінках другога парадку, таму, абразаючы расліну коратка, можна застацца на наступны сезон без кветак.

На 5—6 годзе жыцця ліянам неабходна толькі санітарнае выдаленне падмерзлых і зламаных парасткаў. Санітарная абрэзка дапамагае расліне лепш развівацца, не хварэць, больш актыўна цвісці і пладаносіць. Абразаць неабходна ўсе галіны, якія ўжо высахлі, сталі старымі, на іх ёсць сляды хваробы або галіны, якія не растуць. Унутры куста таксама трэба абразаць частку галін, каб лепш пранікала сонца.

Калі абрэзка была кардынальнай, то месцы зрэзаў можна прысыпаць попелам або актываваным вугалем.

Расліны куставога тыпу, з якіх сфарміравана жывая агароджа, патрабуюць рэгулярнай фарміруючай абрэзкі. Мерапрыемства паляпшае знешні выгляд дэкаратыўных гатункаў, спрыяе добраму абрастанню ніжніх галін і аздараўляе культуру.

Размнажэнне

Бружмель можна размнажаць насеннем, чаранкамі, атожылкамі ці дзяленнем куста. Кожны варыянт добры па-свойму.

Насеннем

Гэта самы працяглы і працаёмкі спосаб. Насенне патрабуе стратыфікацыі, таму высейваць яго лепш пад зіму. Ранняй вясной пры дастатковай вільготнасці пасадкі хутка ідуць у рост і ўжо праз 3 тыдні радуюць усходамі.

Пасля з’яўлення 5 лісточка саджанцы пікіруюць на адлегласць 8—10 см адзін ад аднаго. У гарачыя дні кусцікі прыцяняюць і апырскваюць. Увесну наступнага года сеянцы гатовы да пераносу на пастаяннае месца.

Пры насенным размнажэнні бружмель не захоўвае гатункавых якасцей, таму маладыя расліны могуць адрознівацца ад мацярынскіх адценнем кветак і формай лісця.

Чаранкамі

Чаранкаванне бружмелю дэкаратыўнага — самы лёгкі і хуткі спосаб атры­маць здаровую расаду. Ранняй вясной да распускання лісця зялёныя парасткі наразаюць на кавалачкі з 2—3 міжвузеллямі і адразу высаджваюць у градку, пакінуўшы наверсе пару пупышак.

Пасадкі накрываюць плёнкай і рэгулярна апырскваюць. Праз 28—30 дзён чаранкі ўкараняюцца і да восені фарміруюць добры прырост. Перасаджваць на пастаяннае месца маладыя кусцікі лепш вясной наступнага года.

Атожылкамі

Яшчэ адзін просты, але больш працяглы спосаб размнажэння. Маладыя парасткі прышпільваюць да зямлі, прысыпаюць глебай і ўвільгатняюць. Узгорачак дадаткова мульчыруюць і ўкрываюць плёнкай. Пры добрых умовах да восені атожылак дае моцныя карані.

Вясной наступнага года галінку аддзяляюць ад мацярынскага куста секатарам і пераносяць на пастаяннае месца. Калі каранёвая маса не нарасла, парастак пакідаюць да восені.

Дзяленнем куста

Расліны, якія дасягнулі 5-гадовага ўзросту, можна размножыць дзяленнем карэнішча. Не выкопваючы бружмелю (калі мацярынскі куст выняць з зямлі і падзяліць на некалькі частак, ён можа загінуць), лапатай аддзяляюць дзялёнку з 3—5 парасткамі і пераносяць на новае месца.

Маладыя расліны варта ўкрыць плёнкай і рэгулярна апырскваць, пакуль яны не прыжывуцца. У сонечныя дні пасадкі зацяняюць, ахоўваючы ад выгарання. Пры добрым доглядзе новыя расліны зацвітаюць ужо на наступны год.

Хваробы і шкоднікі

У сухое і цёплае лета бружмель дэкаратыўны рэдка паражаецца хваробамі. Пры зацяжных дажджах і халодным надвор’і расліны часта пакутуюць ад мучністай расы і ржы. Хворае лісце пакрываецца белым налётам, шаравата-жоўтымі плямамі, вяне і ападае.

Маладыя, сакавітыя расліны, перакормленыя азотам, паражаюцца шкоднікамі: белакрылкай, тлёй, павуцінным кляшчом, шчытоўкай. Лічынкі насякомых харчуюцца сокам і забруджваюць лісце ліпкімі прадуктамі жыццядзейнасці, на якіх затым развіваецца сажысты грыбок. Пашкоджаная расліна адстае ў росце, выглядае слабай.

Спосабы барацьбы з хваробамі і шкоднікамі:

*падкормкі з павышанай колькасцю калію і фосфару;

*пры грыбковых пашкоджаннях кусты апырскваюць “Тапазам”, “Скорам”, “Прэвікурам”;

*ад шкоднікаў дапамагае апрацоўка “Фітавермам”, “Актэлікам”, “Маспіланам”;

*для павышэння ахоўных сіл выкарыстоўваюць “Цыркон” або “Эпін”.

З мэтай прафілактыкі перад лістападам расліны апрацоўваюць 5%-ным настоем мачавіны. Вясной можна апырскаць бружмель біяпрэпаратамі: “Лепацыдам”, “Бітаксібацылінам”. У халоднае дажджлівае надвор’е пасадкі рэкамендуецца перыядычна апрацоўваць хлорвокісам медзі. Барацьба са шкоднікамі вядзецца з дапамогай інсектыцыдаў. Вельмі добра паказалі сябе “Інта-Вір” і “Дэцыс”. Дапамагаюць і простыя народныя сродкі — настой палыну, перцу, карыцы. Можна апырскваць і гарэлкай.

Пры гэтым апрацоўку натуральнымі растворамі можна праводзіць увесь сезон, а інсектыцыды выкарыстоўваць толькі да плоданашэння і пасля яго.

Гэта цікава

*Бружмель ядомы мае даволі арыгінальны смак, яго ягады ўжываюць у свежым выглядзе, вараць з іх варэнне, павідла, жэле, робяць начынкі для пірагоў, кампоты, сокі, віны, сушаць і замарожваюць.

*Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што пах бружмелю дапамагае пераадолець стрэс, нервовасць.

*Ягады бружмелю добра ўздзейніча­юць на сардэчна-сасудзістую сістэму, валодаюць жаўцягонным, супрацьзапаленчым, мачагонным дзеяннем.

*Ягады ўзмацняюць сакраторную функцыю страўніка, павялічваючы ператраўляючую здольнасць.

Люцына ГАПОНІК,
настаўніца хіміі і біялогіі Раціцкай сярэдняй школы, педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага ЦТДіМ.