Час сямейнага адпачынку

Актыўны ўдзел дзяцей і іх бацькоў у школьных суботніх мерапрыемствах — добрая традыцыя ва ўстановах адукацыі Ганцавіччыны. Заняткі з элементамі трэнінгу, інтэлектуальныя кафэ, творчыя конкурсы і спартыўна-масавыя мерапрыемствы — важныя складнікі праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, накіраванага на ўмацаванне дзіцяча-бацькоўскіх адносін.

Вельмі цікавым атрымалася раённае спартыўнае свята “Субота — час сямейнага адпачынку”, арганізаванае рэсурсным цэнтрам па фарміраванні здаровага ладу жыцця, што дзейнічае ў сярэдняй школе № 1 Ганцавіч. Лёгкі марозік і выдатны настрой удзельнікаў адразу задалі станоўчы тон мерапрыемству.

Дзіцяча-бацькоўскія каманды школ і дашкольных устаноў змагаліся за званне самых хуткіх і спрытных. Спартыўны азарт удзель­нікаў актыўна падтрымлівалі балельшчыкі.

Пераможцамі сталі каманды сярэдняй школы № 3 і ясляў-сада № 5 Ганцавіч. Лепшымі камандамі падтрымкі прызнаны балельшчыкі сярэдняй школы № 1 і ясляў-сада № 4 Ганцавіч. Акрамя грамат, пераможцы атрымалі салодкія прызы ад раённых арганізацый ГА “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”.

Аксана РЫЛКА,
галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Ганцавіцкага райвыканкама.