Гісторыя цукразаменнікаў пачалася ў 1879 годзе, калі ў лабараторыі амерыканскага прафесара Рэмсена хімік Фальберг праводзіў свае эксперыменты. Аднойчы падчас абеду ён звярнуў увагу на незвычайны смак хлеба: той здаўся яму занадта салодкім. Але дамашнія ніякай салодкасці не адчулі. Тады Фальберг зразумеў, што салодкі не хлеб, а яго пальцы: перад абедам ён поркаўся з прэпаратам са складанай назвай “сульфамінбензойная кіслата”. Вынаходнік памчаўся ў лабараторыю праверыць здагадку, і яна пацвердзілася: злучэнні сульфамінбензойнай кіслаты сапраўды былі дзівосна салодкія. Так быў сінтэзаваны сахарын. Рэчыва з такімі ўласцівасцямі хутка знайшло сабе прымяненне: падчас Першай сусветнай цукру катэгарычна не хапала. У пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя Наркам аховы здароўя дазволіў вырабляць сахарын і ў СССР.
Ішоў час, і праз гады пасля выпадковага вынаходніцтва Фальберга попыт на падсаладжальнікі вялікі як ніколі. Шматлікія цукразаменнікі не маюць энергетычнай каштоўнасці, да таго ж вельмі эканамічныя: адзін пластыкавы кантэйнер можа замяніць ад 6 да 12 кг цукровага пяску. Але, нягледзячы ні на што, імі не варта захапляцца.
Усе заменнікі цукру можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя (фруктоза, сарбіт, ксіліт) цалкам засвойваюцца арганізмам і, як звычайны цукар, забяспечваюць чалавека энергіяй. Яны бяспечныя, але, на жаль, каларыйныя.
Большасць сінтэтычных заменнікаў (сахарын, цыкламат, аспартам, ацэсульфам калію, сукразіт) энергетычнай каштоўнасці не маюць і не засвойваюцца арганізмам. Але ўспомніце, які апетыт у вас разгульваецца пасля таго, як вы выпіваеце бутэльку нізкакаларыйнай колы і праглынаеце 2—3 “дыетычныя” дражэ. Адчуўшы салодкі смак, страўнікава-кішачны тракт рыхтуецца да атрымання вугляводаў. Наіўны, ён нават не здагадваецца, што мы адправілі ў яго нуль калорый. Арганізм у даўгу не застаецца, і любы вуглявод, які трапляе ў страўнік на працягу сутак пасля гэтай “бандэролі”, выклікае небывалае адчуванне голаду.
Давайце разгледзім варыянты, якія нам прапануюцца замест цукру.
Нектар агавы. Самая свежая фальшыўка індустрыі здаровага харчавання на сённяшні дзень. Ён вырабляецца з кактуса і так апрацаваны і ачышчаны, што змяшчае вялікую колькасць фруктозы (90%) і 10% глюкозы. Акрамя таго, працэс стварэння гэтага кампанента аналагічны працэсу сінтэзу кукурузнага сіропу з высокай колькасцю салодкага рэчыва.
Аспартам. Вядома, што 90% дыетычных газіраваных напіткаў і нават некаторых сокаў змяшчаюць аспартам — альтэрнатыву цукру, прадукт, створаны ў лабараторыі. І гэтым рэчывам таксама не варта злоўжываць, бо яно спрыяе набору лішняй вагі. У некаторых лабараторных даследаваннях згадваецца сувязь аспартаму і анкалагічных захворванняў. Вучоныя сыходзяцца ў меркаванні, што неабходны дадатковыя даследаванні ў гэтай галіне.
Сукралоза — штучны падсаладжальнік, які не з’яўляецца каларыйным, паколькі арганізм імкнецца яго расшчапіць. Сукралоза прыкладна ў 600 разоў саладзейшая за цукрозу (сталовы цукар) і можа ўжывацца ў меншай колькасці. Яна змяшчаецца ў такіх прадуктах, як пратэінавыя парашкі. Наконт шкоды і карысці сукралозы спрэчкі не сціхаюць і да нашага часу, паколькі ў склад гэтага падсаладжальніку ўваходзіць хлор.
Сцевія — натуральны раслінны экстракт, які прымяняюць у праграмах пахудзення. Акрамя паскоранага спальвання тлушчу, ён нармалізуе ціск, станоўча ўплывае на работу розных органаў. Даследаванні не выявілі пабочных эфектаў ад доўгатэрміновага ўжывання сцевіі. Аднак нават тым, каго не палохае спецыфічны смак горычы, не варта перавышаць сутачную норму ўжывання.
Сарбіт — другая разнавіднасць натуральных падсаладжальнікаў. На смак ён нагадвае цукар, але не адносіцца да вугляводаў, таму не ўплывае на выпрацоўку інсуліну. У гэтым галоўная яго вартасць. Ужыванне больш за 30 г за адзін прыём прыгнятае дзейнасць СКТ, у рэдкіх выпадках выклікае халецыстыт.
Сахарын — штучны аналаг цукру, саладзейшы за яго ў 300 разоў. Адрозніваецца нізкай каларыйнасцю, устойлівы да ўздзеянння экстрэмальных тэмператур. Пры доўгатэрміновым ужыванні правакуе развіццё раку мачавога пузыра і вядзе да ўтварэння камянёў у жоўцевым пузыры. У некаторых краінах афіцыйна прызнаны канцэрагенам.
Эксперты да сённяшняга часу не вызначылі адназначна, як падсаладжальнікі могуць уплываць на арганізм. Але ўсё больш даных гавораць пра тое, што гэтыя прадукты здольны парушаць гарманальны баланс, негатыўна ўплываць на ўзровень цукру ў крыві, выклікаць страту кантролю над апетытам і нават парушаць кішэчную мікрафлору. І ўсе вышэйпералічаныя фактары могуць прывесці да атлусцення і звязаных з гэтым праблем са здароўем.
Таму наша парада: калі вам захацелася салодзенькага, звярніце ўвагу на смачныя, карысныя і натуральныя правераныя прадукты — мёд і сухафрукты!
Кацярына СУХАВЕР,
загадчыца аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.