Стаматолагаў баяцца нават дарослыя, што ўжо казаць пра дзяцей, — ім цяжка растлумачыць, што наведванне ўрача — гэта неабходнасць. Правільны догляд малочных зубоў і іх своечасовае лячэнне больш актуальныя, чым лячэнне пастаянных зубоў. Тут усё проста: нармальнае праразанне пастаянных зубоў і фарміраванне прыкусу залежаць ад здароўя і своечасовай змены малочных зубоў. Калі ў малыша ёсць усе малочныя зубы, яму іх не выдалялі, гэта фарміруе правільныя памеры сківіцы. Калі зубкі разбураюцца карыесам, выпадаюць ці выдаляюцца раней, чым трэба, то сківіца можа не сфарміравацца так, як трэба. Гэта з высокай верагоднасцю прывядзе да няправільнага прыкусу ў будучыні або скрыўлення зубоў, іх няправільнага размяшчэння. Як вынік, за недалечаны на малочным зубе карыес дзіця, пасталеўшы, будзе расплачвацца ў лепшым выпадку брэкетамі, у горшым — зубамі ў шахматным парадку і псіхалагічнымі комплексамі.
Больш фактаў пра тое, чаму нельга ігнараваць захворванні малочных зубоў у дашкольнікаў і школьнікаў, што рабіць, калі дзіця баіцца стаматолага, і як зрабіць так, каб паход да ўрача не быў стрэсам для малыша і бацькоў, расказала зубны фельчар дзіцячай стаматалагічнай паліклінікі Барысава Марыя ЦЫНЕЦКАЯ.
— Марыя, вы працуеце з дзеткамі. Як угаварыць дзіця не баяцца паказаць зубкі і, калі трэба, палячыць іх?
— З самага пачатку трэба разумець і памятаць, што не толькі ўрач уплывае на тое, ці атрымаецца дамовіцца з дзіцем, але і бацькі. Калі яны загадзя будуць рыхтаваць малыша да паходу да стаматолага, тлумачыць яму ўсё, што будзе адбывацца, у гульнявой форме, паказваць мультфільмы на гэтыя тэмы, то і агульная мова з урачом знойдзецца хутчэй. Пажадана прыводзіць дзіця на агляды 2—3 разы на год, каб нічога не ўпусціць, чым потым знаёміцца з вострым болем і атрымаць ад гэтага не вельмі прыемныя ўражанні.
— Як наладжваеце кантакт са складанымі, заціснутымі дзецьмі і што робіце, каб яны ўбачылі ў вас не дрэннага чалавека, які можа зрабіць балюча, а сябра?
— У нас кожны доктар заўсёды добразычліва ставіцца да дзіцяці. Усе спецыялісты заўсёды з усмешкай на твары, мы стараемся наладзіць спакойныя зносіны, размаўляем з дзеткамі на роўных. Важна, каб яны не адчувалі, што перад імі дарослая цёця. Заўсёды расказваем розныя казкі для маленькіх, тлумачым, што такое карыес, — на іх мове, зразумела. З дзецьмі больш старэйшага ўзросту размаўляем ужо як з дарослымі, каб яны зразумелі, што захворванне зубоў — рэч сур’ёзная. Але ім таксама расказваю, што і як буду рабіць, каб яны былі гатовымі да маніпуляцый.
— У тым, што на малочных зубах з’яўляецца карыес, заўсёды віна салодкага? Ёсць выпадкі, калі зубы чысцяць, але карыес усё роўна іх паражае. А ёсць і тыя, хто практычна не даглядае зубы, але яны здаровыя.
— Ёсць тры асноўныя прычыны з’яўлення карыесу. Гэта гігіена, харчаванне і імунітэт. Паміж імі павінен быць баланс. Таксама дадатковую ролю адыгрываюць хранічныя захворванні, спадчыннасць, склад ротавай вадкасці. Няма ніводнага канкрэтнага фактару развіцця карыесу. Але калі ўжо з першага зубіка пачынаць догляд поласці рота, абмяжоўваць прыём салодкіх напояў і ежы, то рызыку развіцця карыесу можна знізіць на 80—90%. Бацькі павінны абавязкова кантраляваць чыстку зубоў у дзяцей да 12 гадоў, хадзіць на агляды. На жаль, сёння здаровых дзетак мала. Многа малышоў хварэюць на прастудныя захворванні, падчас якіх у малых можа ўтварацца да 4—5 карыёзных поласцей.
У сувязі з гэтым рэкамендуем адказна ставіцца да чысткі зубоў, пачынаючы з першага зубіка. Безумоўна, у гэты перыяд зубы малышу будзе чысціць мама. Рабіць гэта можна пальчыкавай шчоткай або марлевым бінцікам (абматаць яго вакол пальца і лёгенька счышчаць налёт). Можна ўзяць спецыяльную пенку для дзяцей ад 0 да 3 гадоў або сляды пасты з такім жа ўзроставым абмежаваннем. Дарэчы, дзіцячыя і дарослыя пасты адрозніваюцца па складзе. У розны ўзроставы перыяд нашым зубам неабходна розная колькасць карысных элементаў, патрабуецца рознае ўтрыманне фтору ў пастах, таму рэкамендуем шчоткі і пасты падбіраць строга па ўзросце.
— Наколькі прафілактычныя агляды малочных зубоў і працэдуры ў стаматолага могуць знізіць верагоднасць развіцця ў будучыні захворванняў пастаянных зубоў?
— Калі вы часта будзеце наведваць стаматолага, то пэўныя праблемы ў поласці рота выявяцца на ранняй стадыі і з большай верагоднасцю іх можна будзе ліквідаваць, не звяртаючыся да балючых працэдур. Урач раскажа бацькам, калі ўбачыць у малыша праблемы з зубкамі, пракансультуе іх па хвалюючых пытаннях, дасць свае рэкамендацыі. Калі іх выконваць, то рызыка развіцця карыесу знізіцца, дзеткі не будуць хвалявацца, ідучы да стаматолага. Яны будуць спакойнымі і бацькі таксама. Калі спатрэбіцца тэрапеўтычнае лячэнне, то ўрач, безумоўна, таксама пра гэта папярэдзіць. У такім выпадку пажадана не зацягваць з лячэннем, бо ўсе працэсы ў дзіцячым арганізме працякаюць вельмі хутка. Калі праігнараваць рэкамендацыі ўрача па гігіене, харчаванні або лячэнні зубоў, то перспектывы будуць не вельмі добрымі. Таксама не трэба забываць пра зачаткі пастаянных зубоў, бо калі не лячыць карыес, будуць ускладненні, якія могуць прывесці да страты не толькі малочнага, але і зачатка пастаяннага зуба. Зубы трэба берагчы з дзяцінства.
— Якія метады дыягностыкі звычайна ўжываюцца ў дзіцячай стаматалогіі?
— Першы і самы асноўны — гэта, безумоўна, агляд. Некаторыя праблемы можна ўбачыць візуальна. Таксама часам патрабуецца правядзенне зандзіравання пры дапамозе адмысловай прыладызонда, а таксама рэнтгендыягностыкі як дадатковага метаду абследавання.
— З якімі яшчэ захворваннямі слізістай рота звяртаюцца да стаматолага? Як праводзіцца лячэнне такіх інфекцый, як, напрыклад, стаматыт?
— Самыя распаўсюджаныя захворванні поласці рота, з якімі прыводзяць дзетак, — гэта стаматыт і кандыдоз. Але лячэнне назначаецца толькі пасля ўважлівага агляду і залежыць ад цяжкасці працякання захворвання. Не варта займацца самалячэннем, лепш адразу паказаць дзіця ўрачу. Бацькі не заўсёды могуць дакладна вызначыць захворванне, таму лячэнне таксама можа быць падабрана не вельмі правільна.
— Якую зубную шчотку лепш купляць дзіцяці — звычайную або электрычную? Ці не з’яўляецца электрычная шчотка шкоднай для малочных зубоў?
— Як урач я заўсёды буду аддаваць перавагу звычайнай шчотцы. Электрычныя шчоткі былі распрацаваны для людзей з асаблівасцямі развіцця, абмежаванымі магчымасцямі. У гэтым выпадку можна выкарыстоўваць тое, што больш зручна і эфектыўна для ачышчэння зубнога налёту. Калі правільна падабраць звычайную шчотку і карыстацца стандартным метадам чысткі зубоў, то вы выдатна справіцеся і без электрашчоткі. Калі ўсё ж такі хочацца замяніць звычайную шчотку на суперкрутую электрычную, то таксама трэба ўлічыць узрост дзіцяці, колькасць ваганняў, жорсткасць шчацінак. Важна памятаць, што ў дзіцяці фарміруецца зубачалюсная сістэма і перш чым перайсці да электрычнай шчоткі, для пачатку трэба навучыцца правільна карыстацца звычайнай, каб не нашкодзіць зубкам.
— Што такое бутэлечны карыес, пра які пішуць на ўпакоўках з дзіцячымі сокамі і чаем? Па якіх прычынах ён можа развіцца? Ці часта вам даводзіцца сутыкацца з гэтым?
— Бутэлечны карыес, як правіла, узнікае на цэнтральных верхніх разцах. Яго прычына — доўгае смактанне сосак і бутэлечак з салодкімі сокамі, чаямі, напіткамі, асабліва вечарам. Сярод прычын таксама начное кармленне, змяненне складу сліны, зніжэнне ахоўных сіл арганізма. Большасць мам ноччу даюць піць дзіцяці салодкія сокі, але пасля гэтага зубкі ім не чысцяць. На налёт, што ўтвараецца пасля гэтага, ліпнуць шкодныя мікраарганізмы, якім добра жывецца ў гэтым асяроддзі, размнажаюцца і выдзяляюць таксіны, што разбураюць эмаль. З бутэлечным карыесам сутыкаюся даволі часта, асабліва ў дзетак 1—3 гадоў.
— Чым можна дадаткова апрацаваць малочныя зубы, каб засцерагчы іх ад развіцця карыесу?
— Усё залежыць ад узросту дзіцяці і ступені паражэння зуба карыесам. Калі гэта карыес у стадыі плямы (бацькі могуць убачыць бялявыя плямы на зубах), то выкарыстоўваем рэмтэрапію — спачатку праводзім прафілактычную гігіену зубоў, затым пакрываем адмысловым растворам для ўмацавання эмалі. Дзякуючы гэтаму метаду плямы могуць паменшыцца ці знікнуць наогул, умацуецца эмаль зубоў. Калі прыйшло дзіця з карыесам эмалі, то выкарыстоўваем метад сярэбрання. Таксама праводзім прафгігіену і наносім на ўчасткі, што пашкоджаны карыесам, раствор серабра. Гэтыя працэдуры абсалютна небалючыя і не выклікаюць у дзетак непрыемных адчуванняў. Падчас праразання пастаянных зубоў у першыя паўгода праводзіцца герметызацыя фісур жавальных зубоў. Гэта таксама робіцца для папярэджвання развіцця карыесу. Калі ў дзіцяці дрэнная гігіена, то такая працэдура не праводзіцца. Увогуле, усе працэдуры накіраваны на тое, каб умацаваць зубную эмаль і папярэдзіць развіццё карыесу. Можна карыстацца спецыяльнымі мінералізуючымі гелямі, якія прадаюцца ў аптэках. Мне, як спецыялісту, што працуе з дзеткамі, падабаецца гель ROCS або Тooth mousse.
— Ці могуць бацькі візуальна вызначыць наяўнасць праблем з зубамі ў дзіцяці? Ці павінны насцярожыць, напрыклад, белыя плямы на зубах або цёмны налёт?
— Так, візуальна некаторыя праблемы могуць убачыць і самі бацькі, калі яны штодня кантралююць чыстку зубоў дзіцяці і зазіраюць яму ў рот. Калі з’явіліся бялявыя ці цёмныя плямы на зубах, то адназначна трэба схадзіць на агляд. Калі дзіця ўжо само пачало скардзіцца на боль пры прыёме ежы, працяглы, самаадвольны боль, то трэба неадкладна ісці на прыём да ўрача! У ідэале ў дзяцей эмаль павінна быць аднаго колеру, без плям, бліскучая, з блакітнаватым адценнем.
— Марыя, калі малочныя зубы растуць няправільна, крыва, паміж імі ёсць шчыліны, якая верагоднасць, што пастаянныя зубы будуць роўнымі?
— Да 5—6 гадоў трэмы і дыястэмы — норма, бо ў гэты час у дзіцяці развіваецца зубачалюсная сістэма і ў дзяцей малочны прыкус. Як толькі пачынаюць мяняцца цэнтральныя разцы ці 4 ніжнія разцы або 4 верхнія і вы бачыце, што яны ўжо прарэзаліся і паміж імі ёсць шчыліны, то пажадана звярнуцца да ўрачаартадонта. Ён зможа вызначыць прычыну такога росту зубоў і, калі будзе неабходна, назначыць лячэнне. Але не варта забываць і пра спадчыннасць. Калі ў мамы і таты зубы былі роўныя, то ў малыша таксама будуць такія. У адваротным выпадку без спецыялістаў не абысціся. Каб усмешка была прыгожай, з фельчарамі і стаматолагамі трэба сябраваць!
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота аўтара.