Час не стаіць на месцы. Сучасныя дваровыя тэрыторыі вяскоўцаў і ўстаноў адукацыі адрозніваюцца ад тых, што былі 15, 20, 30 гадоў назад. Сёння прыемна бачыць дагледжаныя газоны, шмат кветак у дварах. Кожны імкнецца ўпрыгожыць сваю тэрыторыю незвычайна, пасучаснаму. Радуе тое, што да гэтай справы неабыякава ставяцца і дзеці. Для нашай Галавацкай базавай школы Гродзенскага раёна ландшафтнае афармленне тэрыторыі стала часткай летняга жыцця.
Нашы вучні са школьнай парты вучацца гаспадарчай дзейнасці, праяўляюць прадпрымальнасць. Зразумела, што многае тут залежыць ад ініцыятывы, актыўнасці і клопату педагогаў і бацькоў. Сельскія навучэнцы на практыцы вывучаюць спецыфіку догляду раслін, прапануюць свае ідэі па добраўпарадкаванні тэрыторыі школы. Па маіх назіраннях, сумесная працоўная дзейнасць вельмі збліжае вучнёўскія калектывы.
Тэатр пачынаецца з вешалкі, а наша школа — з добраўпарадкаванай тэрыторыі.
Многія сельскія школы маюць вучэбнадоследныя ўчасткі для вырошчвання кветкавадэкаратыўных і іншых культурных раслін. Аднак у цяперашні час актуальным стала кантэйнернае азеляненне: афармленне фасада, вокнаў, агароджы, газона ўстаноў адукацыі.
Кантэйнерны сад — гэта асаблівы элемент ландшафту. Нават калі на вашай школьнай тэрыторыі шмат кветнікаў, кантэйнеры ніколі не будуць лішнімі, а галоўнае — яны дапамогуць увасобіць мноства цікавых і нестандартных ідэй.
Для фарміравання яркага, незвычайнага і даволі стыльнага мініяцюрнага кветніка ў кантэйнеры не спатрэбіцца асаблівых матэрыяльных затрат. Затое колькі радасці гэтая дзейнасць прынясе падрастаючаму пакаленню!
У пачатку сакавіка вучні 6—9 класаў пасынкуюць кветкавы пасадачны матэрыял. Такі від дзейнасці выхоўвае ў навучэнцаў любоў да прыроды, мастацкі густ, адказнасць. Дзеці далучаюцца да таямніц расліннага свету, вучацца разлічваць прапорцыі грунту, правільна зразаць і саджаць пасынкаваныя расліны. Нашы школьнікі робяць гэта з задавальненнем. Магу параіць настаўнікам паспрабаваць уцягнуць у работу па азеляненні і бацькоў навучэнцаў. Гэта дазволіць пашырыць іх сферу зносін са сваімі дзецьмі, зблізіцца, далучыцца да агульных інтарэсаў і захапленняў і многаму павучыцца адно ў аднаго.
Каб не памыліцца і пазбегнуць стракатасці, расліны трэба высаджваць па кантрасце і гармоніі колераў. Найбольш эфектныя спалучэнні аранжавага з сінім, жоўтага з фіялетавым, чырвонага з зялёным; белага з ружовым, ружовага з чырвоным, жоўтага з аранжавым. Расліны павінны прыгожа глядзецца з вокнаў школы. Здалёк у вазонным афармленні добра глядзяцца чырвоныя пеларгоніі, петуніі, шалфей, аксаміткі, настуркі; зблізку — лабелія, расходнік, кабея, агератум.
Правільна падабраць расліны для фасада або газона не так проста. Трэба ведаць пэўныя правілы афармлення. Кветкавадэкаратыўныя расліны павінны добра спалучацца з фактурай і афарбоўкай будынкаў. Са свайго вопыту работы прывяду некаторыя прыклады, якія могуць зацікавіць настаўнікаўафарміцеляў. Так, да чырвоных цагляных сцен не пасуюць ружовыя і чырвоныя колеры, а больш эфектна глядзяцца белыя, цёмнасінія, яркажоўтыя, салатавыя адценні. З белымі сценамі будынкаў, агароджаў добра спалучаюцца расліны амаль любой афарбоўкі, але не вельмі светлых адценняў, а вось на фоне шэрых найбольш прыметныя менавіта белыя суквецці. Жоўтыя і светлакарычневыя сцены — выдатны фон для сіняй, фіялетавай і чырвонай колеравай гамы.
У залежнасці ад вышыні раслін у стандартныя скрыні памерам 100х25х25 см высаджваем іх у ад зін або два рады. Прычым буйныя размяшчаем у адзін рад па чатыры расліны; сярэднія — у адзіндва рады па пяць раслін; нізкія — у два рады па сем раслін.
З вонкавага боку скрыні ў першы рад пажадана высаджваць ампельныя расліны, сцёблы якіх звісаюць уніз і дэкарыруюць яго вонкавую сценку; у другі рад — сярэднія па вышыні; у апошні — высокія. Разам з ампельнымі раслінамі ў першым радзе можна размясціць нізкарослыя.
Хачу парэкамендаваць канкрэтныя варыянты кантэйнернага азелянення з улікам асвятлення. Для сонечнага боку добра падыходзяць белая і чырвоная петунія; чырвоная, ружовая, белая пеларгонія; жоўтыя аксаміткі; чырвонабелая фуксія; чырвоная бягонія; сіні агератум, батат, бакопа. Для цяністых месцаў — чырвоная і жоўтая бягонія, кацанка, расходнік, чырвонабелая і чырвоная фуксія.
Што тычыцца глебы для вырошчвання раслін у кантэйнерах, то яна павінна быць багатай на арганічныя рэчывы. Для пасадкі выкарыстоўваем сумесь з роўных частак дзярновай, ліставой (кампост), тарфяной зямлі. Добра дабавіць у глебу драўняны попел. Тарфяная зямля ўбірае лішнюю вільгаць і ўтрымлівае яе, не закісаючы і не загніваючы. Пажыўнасць глебы лепшая пры дабаўленні парніковага перагною або перапрэлага гною.
У кветкавы кантэйнер на дрэнажныя адтуліны неабходна пакласці каменьчыкі, керамзіт, пенапласт. Затым скрынку раўнамерна, без лішняй утрамбоўкі, трэба запоўніць так, каб паверхня глебы была на 1—3 см ніжэй за краі скрыні.
Для аптымальнай вегетацыі кветкавадэкаратыўных раслін у кантэйнеры лепш высаджваць расаду. Рабіць гэта трэба ў пахмурнае надвор’е або ўвечары, калі ўжо мінула верагоднасць замаразкаў. Мы гэта робім загадзя, у памяшканні, каб расліны маглі прыняцца і падужэць. Важна пры перасадцы не парушыць земляны камяк, інакш расада будзе доўга хварэць, адстане ў росце і запозніцца з цвіценнем. Пасля пасадкі расліны трэба шчодра паліць.
Пры азеляненні агароджаў важна ўлічваць вышыню, характар росту раслін, афарбоўку лісця, кветак, працягласць цвіцення. У асобных групах выдатна глядзяцца ампельныя расліны (кацанка, фуксія, колеус, сурфінія, бакопа, батат).
Догляд раслін у летні перыяд уключае ў асноўным паліў і падкормку. Глеба ў кантэйнерах прасыхае значна хутчэй, чым на клумбе, таму ў гарачую пару паліваем расліны 1—2 разы на дзень, выліваць варта не менш за 1—1,5 л вады. Мэтазгодна гэта рабіць да 9 гадзін раніцы і пасля 18 гадзін. Ваду для паліву папярэдне адстойваем і праграваем да тэмпературы паветра. Праз два тыдні пачынаем рабіць першыя падкормкі раслін азотнымі ўгнаеннямі. А на працягу ўсяго лета падкормкі праводзім праз 7—10 дзён грануляванымі або вадкімі калійнымі і фосфарнымі ўгнаеннямі (сталовая лыжка на 10 л вады). Для забеспячэння доступу паветра да каранёў глебу трэба рэгулярна рыхліць, не пашкоджваючы каранёў. На працягу ўсяго вегетатыўнага перыяду — выдаляць завялыя кветкі, хворае лісце.
Думаю, наш вопыт работы з кантэйнернымі раслінамі дапаможа вам стыльна аформіць вашу тэрыторыю. Жадаем творчых ідэй і поўнага задавальнення ад атрыманага выніку ў перыяд летняга разнаквецця.
Пётр ДАНІЛІК,
настаўнік працоўнага навучання Галавацкай базавай школы Гродзенскага раёна.