Каб сэрца доўга білася

Па сваёй распаўсюджанасці ў свеце менавіта сардэчна-сасудзістыя захворванні знаходзяцца на першым месцы. Згодна з данымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, хваробы сэрца з’яўляюцца адной з галоўных прычын гібелі людзей, і ў нашай краіне таксама. 

Штогадовая дыспансерызацыя, адмова ад шкодных звычак, правільнае харчаванне і кантроль за вагой цела, фізічныя нагрузкі на працягу 30 мінут у дзень зніжаюць рызыку развіцця інсульту і інфаркту — самых вядомых і частых паталогій сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Пра тое, якія фактары правакуюць узнікненне згаданых захворванняў і наколькі дзейснай можа быць прафілактыка, расказала загадчык аддзела кансультацыйнай работы і прафілактычнай кардыялогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія”, урач-кардыёлаг, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Алена Аляксандраўна МЯДЗВЕДЗЕВА.

— Алена Аляксандраўна, якая сітуацыя ў нашай краіне з сардэчна-сасудзістымі паталогіямі? Ці мэтазгодна ў дачыненні да адпаведных хвароб гаварыць пра прафілактыку?

— Сёння ўзровень сардэчна-сасудзістых паталогій, а таксама смяротнасць і інваліднасць, што імі справакаваны, застаецца дастаткова высокім. Безумоўна, тэма прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў з’яўляецца вельмі актуальнай для нашай краіны і гаварыць пра яе больш чым мэтазгодна.

Прафілактыка бывае першаснай, другаснай і трацічнай. Першасная прафілактыка можа прывесці да добрых вынікаў, але толькі ў тым выпадку, калі ёй займацца сур’ёзна. На жаль, сёння яна знаходзіцца практычна на нулі. Чаму? Бо яе сэнс у рабоце са здаровымі людзьмі (а гэта яшчэ не пацыенты), і ён заключаецца ў выяўленні фактараў рызыкі, якія ў далейшым могуць прывесці да сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Да фактараў, якія здольны справакаваць сардэчна-сасудзістыя захворванні, адносяцца ўжыванне алкаголю, курэнне, лішнія кілаграмы, нізкая фізічная актыўнасць.

У 70-я гады мінулага стагоддзя ў Фінляндыі быў адзначаны рост сардэчна-сасудзістых захворванняў і выпадкаў смяротнасці, што імі выкліканы. Там гэта называлі маштабнай катастрофай. Згодна з вынікамі даследавання, да ўсплёску ССЗ прыводзіла залішняе ўжыванне солі, курэнне і артэрыяльная гіпертэнзія.

Пасля таго, як рацыён харчавання ў фінаў быў перагледжаны (спачатку большую частку складалі тлустыя і салёныя стравы), сітуацыя змянілася. Уявіце, першапачаткова ўжыванне солі ў іх складала 15 грамаў у дзень, хаця па рэкаменда-цыях Сусветнай арганізацыі аховы здароўя яе не павінна быць больш чым 5 грамаў. Дзякуючы кантролю з боку дзяржавы, у тым ліку ў дачыненні да харчавання дзяцей у школах і садках, 15 грамаў былі паніжаны да 9. Гэта прывяло і да паніжэння ціску, і да зніжэння ўзроўню халестэрыну ў арганізме грама-дзян. Увогуле, на гэта паўплывала яшчэ і тое, што насельніцтва пачало ўжываць больш агародніны і садавіны. Дарэчы, працягласць жыцця ў іх павялічылася з 67 да 81 года, а коль-касць сардэчна-сасудзістай смяротнасці знізілася прак-тычна ў 7 разоў. Такі фінскі вопыт вядомы ўсяму свету.

Што тычыцца нашай сітуацыі, то ў 2016—2017 гадах у краіне праводзілася STEPS-даследаванне па выяўленні фактараў рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў. Да іх, як ужо гаварыла, прыводзяць курэнне, атлусценне, недастатковая фізічная нагрузка і незбалансаванае харчаванне. Асобную ацэнку атрымалі біялагічныя фактары рызыкі: павышэнне ціску, павышаны ўзровень глюкозы і халестэрыну ў крыві. Па выніках даследавання, самым небяспечным з’яўляецца курэнне. Яно разбурае ўнутраную высцілку сасудаў — эндатэлій, а гэта ў сваю чаргу прыводзіць да хуткага развіцця атэрасклерозу. Таксама выяўлена, што ўжыванне солі сярод беларускага насельніцтва застаецца высокім (у мужчын — 12 грамаў, у жанчын — 9).

Калі чалавек ужывае больш солі, чым трэба, і ў дадатак да ўсяго ён гіпертонік, то і таблеткі для паніжэння ціску працуюць горш. Калі хаця б на 1 грам знізіць колькасць солі ў рацыёне, то ціск таксама пачне паволі зніжацца.

— Беларусы ў плане харчавання больш дысцыплінаваныя, чым фіны?

— На жаль, не. Праблемай застаецца недастатковая колькасць ужывання агародніны і садавіны, а таксама лішняя вага цела, на якую пакутуюць 60% насельніцтва. Атлусценне выяўлена ў 25% беларусаў. Што важна, рызыка развіцця сардэчна-сасудзістых паталогій абумоўлена не проста халестэрынам, а ліпідамі нізкай шчыльнасці — халестэрын у спалучэнні з бялком. Менавіта гэтыя ліпіды адкладваюцца на сценкі сасудаў і прыводзяць да ўзнікнення атэрасклератычных бляшак. Таму трэба ведаць, што, акрамя кантролю агульнага халестэрыну, трэба звяртаць увагу на ліпіды нізкай шчыльнасці.

Высокі халестэрын, як і высокі ціск, можа не праяўляць сябе, скарг можа не быць. Відавочна, каб выявіць праблему, ёй трэба займацца. Асноўным метад, які дапаможа ацаніць стан арганізма, — біяхімічны аналіз крыві з ліпідным спектрам. Калі вы яго не зробіце, то не даведаецеся, што адбываецца з фактарамі рызыкі. Асабліва важна на гэта звяртаць увагу тым, у каго абцяжарана спадчыннасць па любых сардэчна-сасудзіс-тых захворваннях. Калі па сямейнай лініі ў кагосьці былі інфаркты, асабліва ў маладым узросце, калі была артэрыяльная гіпертэнзія ці раптоўная смерць, абавязкова здавайце біяхімічны аналіз крыві, але ўжо не толькі з вызначэннем агульнага халес-тэрыну. Важна праверыць 5 паказчыкаў, кожны з якіх ацэньваецца ўрачом.

Згодна з данымі еўрапейскага таварыства кардыёлагаў, сярэднія лічбы, якіх павінны прытрымлівацца людзі і якія сведчаць пра адсутнасць фактараў рызыкі, наступныя: агульны халестэрын — менш чым 5, ліпіды нізкай шчыльнасці — менш чым 3, высокай шчыльнасці — для мужчын больш чым 1, а для жанчын больш чым 1,2. Трыгліцэрыды павінны складаць па лічбах менш чым 1,7.

— Сямейная гіперхалестэрынемія — наколькі часта дыягнастуецца гэтае захворванне?

— Сямейная гіперхалестэрынемія — гэта захворванне, якое характарызуецца значным павышэннем узроўню халестэрыну і ліпідаў нізкай шчыльнасці. Калі нам у спадчыну пераходзяць дэфектныя гены абодвух бацькоў, то развіваецца яго гомазіготная форма. Але пацыенты павінны памятаць, што ўзровень халестэрыну пры гэтым будзе ад 14 да 26. Калі дэфектны ген пераймаецца ад аднаго з бацькоў, то лічбы могуць быць крыху ніжэйшыя, але таксама высокія — ад 3,5 да 14. Аб гэтым трэба абавязкова ўсім ведаць. Чаму? Калі мы гэта своечасова не выяўляем і не назначаем такім пацыентам неабходныя прэпараты, то ў 30 гадоў можам атрымаць дэбют ішэмічнай хваробы сэрца, інфаркту міякарда ці раптоўнай сардэчнай смерці. Па сутнасці, трэба выявіць паталогію, абавязкова назначыць стаціны. Гэта падорыць такім пацыентам 20 гадоў паўнавартаснага жыцця. Іншая справа, што трэба не толькі назначаць стаціны, а сачыць за мэтавымі ўзроўнямі і халестэрыну, і ліпідаў нізкай шчыльнасці, якія для кожнага пацыента будуць мець свае велічыні. Пра гэта абавязкова павінен сказаць лечачы ўрач.

— Як у плане лячэння працуюць стаціны, пра якія вы ўспомнілі? Што гэта за прэпараты?

— Стаціны — гэта асобная тэма. Сёння мы жывём у эру стацінаў. Пра іх існуе многа міфаў, прычым не толькі ў галаве пацыентаў, але і ўрачоў. Можа, у гэтым і хаваецца адказ на пытанне, чаму рэальная колькасць пацыентаў, якія ахоплены тэрапіяй стацінаў, адрозніваецца ад таго, што нам дыктуюць рэкамендацыі. На жаль, асабліва маладыя пацыенты не даатрымліваюць прэпараты для лячэння гіперхалестэрынеміі. Часта ім рэкамендуецца проста змяніць лад жыцця, харчаванне, перастаць курыць.

Але насамрэч лячэнне гіперхалестэрынеміі — гэта вялікая праблема, і не толькі ў нас у краіне, але і ва ўсім свеце. Дарэчы, наша даследаванне паказала, што колькасць тых, каму тэрапія стацінамі дапамагла пазбегнуць інфарктаў і інсультаў, большая, чым пацыентаў, у якіх стаціны выклікалі пабочныя эфекты. Акрамя гэтага, пабочныя эфекты праходзяць, як толькі спыніць прыём згаданых лекаў, у той час, калі з наступствамі інфарктаў і інсультаў можна змагацца доўга, і яны могуць быць разбуральнымі.

Калі ўрач адмяняе стаціны, то ён на 20% павялічвае рызыку ўзнікнення інфарктаў і інсультаў.

Ёсць многа пацыентаў, у якіх праве-дзена аператыўнае лячэнне на сасудах сэрца (каранарнае шунціраванне), і яны лічаць, што пасля гэтага можна спыніць прыём лекаў. Але гэта не так. Пасля высокатэхналагічнага лячэння нельга самавольна спыняць прыём назначаных прэпаратаў, асабліва стацінаў. Калі гэтых рэкамендацый не прытрымлівацца, бляшкі могуць утварацца не толькі на сценках сасудаў, а і, напрыклад, у месцах шунціравання.

— Якімі бываюць сімптомы інфарк-ту? Што бывае з тымі, хто стараецца перацярпець боль, думае, што гэта не страшна?

— Бываюць выпадкі, калі пацыенты насамрэч стараюцца перацяр-пець боль, які выкліканы інфарктам. Чым раней па-цыент прыедзе ў клініку, тым лепш. Ідэальна, калі ад моманту здарэння да паступлення ў бальніцу праходзіць да 6 гадзін. Калі больш, чым 12, — гэта катастрофа: міякард гіне і выратаваць яго нават пры дапамозе самых сучасных тэхналогій вельмі складана. Таму калі з’яўляецца боль за грудзінай і аддаецца ў руку, сківіцу, калі гэты боль доўгі, пякучы ці ён давіць і суправаджаецца халодным потам і неспа-коем, вызывайце хуткую дапамогу. Няхай лепш выклік будзе неабгрунтаваны, але вы засцеражаце сябе.

Калі разглядаць статыстыку па ўсіх хваробах кровазвароту, за апошні год захваральнасць стала крыху меншай. На 100 тысяч насельніцтва 35 105 выпадкаў — гэта хваробы сістэмы кровазвароту. Артэрыяльная гіпертэнзія на 100 тысяч насельніцтва складае 13 087 выпадкаў. Інфаркт міякарда — 157.

У мінулым годзе на ўсе хваробы сістэ-мы кровазвароту хварэлі 2 667 089 чалавек. Артэрыяльная гіпертэнзія была дыягнаставана ў 994 282 пацыентаў. Ад ішэмічнай хваробы сэрца ў мінулым го-дзе пакутавалі 1 082 388, а ад інфаркту міякарда 11 927 чалавек.

— Ці могуць людзі з праблемамі сэрца самі сабе назначаць вітаміны?

— Адназначна не. Прыём лекаў і вітамінаў без урача лепш не пачынаць. Нават вітаміны могуць выклікаць алергічную рэакцыю, што ўжо гаварыць пра больш сур’ёзныя прэпараты. Дарэчы, сёння ў лабараторыях можна пры дапамозе біяхімічнага аналізу крыві вызначыць узровень тых ці іншых мікраэлементаў, вітамінаў.

— Алена Аляксандраўна, як спякотнае надвор’е ўплывае на самаадчуванне тых, хто пакутуе ад сардэчна-сасудзістых захворванняў?

— Калі закранаць сардэчна-сасудзістыя захворванні, то ў тых, у каго напрыклад, пачатковая гіпертэнзія, лічбы ціску могуць быць крыху паніжаны. А значыць, што і неабходнасць у прыёме лекавых прэпаратаў таксама можа знізіцца. Таму падчас спёкі кантроль ціску з’яўляецца абавязковым.

Трэба апранацца зручна і выконваць пітны рэжым. Але тыя пацыенты, якія маю ць сур’ёзную сардэчна-сасу-дзістую паталогію (інфаркты, інсульты, сардэчная недастатковасць) павінны абмяркоўваць гэтае пытанне з урачом. Як правіла, ім дазваляецца піць 1,2 літра вады. Калі спёка дзікая, як была нядаўна ў краіне, то можна павялічыць аб’ём да 2 літраў. Але паўтаруся яшчэ раз: маючы сур’ёзныя паталогіі, нават пытанне пітнога рэжыму трэба абмеркаваць з вашым урачом.


Вялікая дапамога для маленькага сэрца

Адрозненне паталогій сардэчна-сасудзістай сістэмы ў дарослых і дзяцей заключаецца толькі ў тым, што ў малышоў праблемы з сэрцам могуць доўга не праяўляцца ці маскіравацца пад іншыя хваробы. 

Немедыкаментозная прафілактыка ў дзіцячым узросце з’яўляецца перспектыўнай, а значыць, вельмі важна своечасова выявіць паталогіі, каб сфарміраваць правільную тактыку лячэння і не дапусціць цяжкіх наступстваў для здароўя. 

Пра тое, з якімі скаргамі на сэрца да ўрача прыводзяць дзяцей і падлеткаў, якімі павінны быць пульс і ціск у школьнікаў і як каранавірус уплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму, расказала загадчык аддзела кансультацыйнай работы і прафілактычнай кардыялогіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія”, урач-кардыёлаг, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Алена Аляксандраўна МЯДЗВЕДЗЕВА.

— Алена Аляксандраўна, як каранавірус уплывае на работу сэрца? Якія ўскладненні могуць узнікнуць у тых, хто ніколі не скардзіўся на яго? І якія небяспекі вірус нясе тым, хто пакутуе ад розных паталогій сардэчна-сасудзістай сістэмы?

— Па выніках ужо праведзеных даследаванняў, COVID-19 суправаджаецца цэлым наборам самых разнастайных сімптомаў, і для тых, хто перахварэў у цяжкай форме, доўгачасовыя наступствы могуць быць самымі сур’ёзнымі — ад рубцавання лёгачнай тканкі і праблем з ныркамі да запалення сардэчнай мышцы, арытміі, пашкоджанняў печані, кагнітыўных парушэнняў, псіхозаў, якія суправаджаюцца рэзкай зменай настрою, і інш. 

Адны з самых цяжкіх яго наступстваў — міякардыт (запаленне сардэчнай мышцы), парушэнні сардэчнага рытму, іншая сардэчна-сасудзістая паталогія. Прычым ускладненні ўзнікаюць і ў тых, хто перахварэў бессімптомна, хто ніколі раней не скардзіўся на праблемы з сэрцам. Важна разумець, што арытмія і іншыя сардэчныя праблемы пасля каранавіруса могуць узнікаць у розных узроставых катэгорый, у тым ліку ў маладых і здаровых. Вядома, чым старэйшы пацыент, тым часцей пашкоджваецца сардэчна-сасудзістая сістэма. Пажылы ўзрост — гэта група рызыкі, у такіх выпадках часта гаворка ідзе пра букет захворванняў. Вядома, не ўсе з іх узніклі адразу пасля COVID-19.

Мы ведаем, што менавіта людзі, якія маюць захворванні лёгкіх, сэрца, нырак ці крыві, станавіліся першымі ахвярамі каранавіруса. У іх выпадку хвароба часцей за ўсё працякала цяжка. Таму не заўсёды можна вызначыць, да чаго прывёў вірус, а што ўжо было пашкоджана да яго.

Тое, як захворванне паўплывае на людзей у доўгатэрміновай перспектыве, яшчэ трэба высветліць. Аднак ужо сёння многае ўказвае на тое, што наступствы гэтага захворвання працягваюць адчуваць нават тыя, хто перахварэў каранавірусам у лёгкай форме.

— Ці ўплывае вірус на сэрца дзяцей? 

— Згодна з данымі брытанскай медыцынскай кампаніі, у дзяцей малодшага ўзросту сімптомы каранавіруснай інфекцыі назіраліся 5 дзён, у пацыентаў 12—17 гадоў — 7 дзён. Часцей за ўсё дзеці адчувалі галаўны боль (62,2%), стамляльнасць (55%), у іх назіралася павышаная тэмпература (37,7%), кашаль (25,5%) і парушэнні нюху (39,6%). Выпадкаў сур’ёзных неўралагічных ускладненняў не выяўлена. Толькі ў 4,4% дзяцей прыкметы захворвання захоўваліся на працягу чатырох тыдняў. Даўжэй за 2 месяцы сімптомы інфекцыі назіраліся ў 1,8% пацыентаў — прыкладна ў кожнага 50-га дзіцяці. Большасць з іх прыйшлі ў нармальны стан да 56-га дня з моманту захворвання. Пры гэтым у кожнага 20-га дарослага сімптомы назіраліся 8 тыдняў і больш. Сярод дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў адзначаецца мала смерцяў у параўнанні з іншымі ўзроставымі групамі, і, як правіла, у іх назіраецца лёгкае працяканне хваробы. Але, безумоўна, ёсць выпадкі крытычных захворванняў. 

— Як анемія ўплывае на работу сэрца падлеткаў?

— Анемія — вельмі распаўсюджаная педыятрычная праблема. Даныя СААЗ сведчаць пра тое, што ад малакроўя пакутуюць больш за 47% дашкольнікаў і больш за 25% дзяцей школьнага ўзросту. Анеміі ў дзяцей развіваюцца па мностве прычын, і спрыяе гэтаму хуткі рост цела. У дзяцей паскораны эрытрапаэз (стварэнне эрытрацытаў), колькасць клетак і аб’ём крыві, што цыркулюе, павінны пастаянна расці, каб паспяваць за ростам. Гэты працэс часта парушаецца з-за ўзроставай няспеласці крывятварэння. Каб крывятварэнне адбывалася без збояў, у арганізм дзіцяці павінны бесперапынна паступаць і засвойвацца ў поўным аб’ёме жалеза, бялкі жывёльнага і расліннага паходжання, вітаміны, мікраэлементы.

Парушэнні сардэчна-сасудзістай сістэмы выяўляюцца ў паніжаным артэрыяльным ціску, непрытомнасцях, частым сэрцабіцці. Агульнымі сімптомамі для ўсіх форм анеміі з’яўляюцца бледнасць скурнага покрыва і слізістых абалонак, задышка, сэрцабіццё, а таксама скаргі на галавакружэнне, галаўныя болі, шум у вушах, непрыемныя адчуванні ў вобласці сэрца, рэзкую агульную слабасць і хуткую стамляльнасць.

Прычынамі анеміі ў дзіцячым і падлеткавым узросце могуць быць значныя фізічныя нагрузкі (заняткі спортам), вегетарыянства, галодныя дыеты, глісныя інвазіі, інтэнсіўны рост у раннім і падлеткавым узросце і многае іншае.

— Якія нормы ціску і пульсу ў дзяцей, у тым ліку дашкольнікаў, падлеткаў? Ад якіх фактараў залежаць гэтыя паказчыкі? 

— Значэнні пульсу ў дзіцяці ў кожным узросце розныя ў сне, а таксама калі яно прачынаецца і падчас актыўнага адпачынку. Да фактараў, якія ўплываюць на колькасць удараў сэрца, адносяцца анемія, стрэсы, сістэматычныя перагрузкі, павышэнне тэмпературы цела, захворванні эндакрыннай сістэмы, хваробы сэрца і органаў дыхання.

З узростам сэрца чалавека павялічваецца ў памерах, павышаецца аб’ём крыві, які орган можа выштурхнуць за кожнае скарачэнне. Таму ў норме частата сэрцабіцця з узростам становіцца радзейшай. 140 удараў у мінуту, якія лічацца нармальнай лічбай для нованароджанага, паступова да 16 гадоў зніжаюцца да 70 удараў. Такім чынам, пульс у 3 гады ў норме складае ад 90 да 130 удараў, а пульс у падлетка 14 гадоў у норме зніжаецца да максімальнай адзнакі ў 95 удараў.

На прыёме ў педыятра бацькі цікавяцца, якім павінен быць пульс у 5 гадоў. Зыходзячы з табліцы па ўзросце, гэтая лічба адпавядае пульсу 6-гадовага малыша і дасягае прыкладна 106 удараў. 

Што тычыцца школьнікаў, то адказ на пытанне, якім павінен быць пульс, напрыклад, у 10-гадовага дзіцяці, можна атрымаць у профільнага спецыяліста. Згодна з данымі, у гэтым узросце лічба знаходзіцца ў дыяпазоне 68—108 удараў. 

Што тычыцца сэрцабіцця падлеткаў, то ў 15 гадоў яно павінна быць амаль такім жа, як і ў здаровага дарослага чалавека. 

— Давайце разгледзім такую сітуацыю: у дзяўчынкі-падлетка з нармальным целаскладам ціск 90/60, але пульс пры гэтым 110 і анемія ў анамнезе. Як хутка паказчыкі ціску і пульсу прыйдуць у норму і ці змогуць прыйсці?

— У гэтым выпадку мы маем справу з артэрыяльнай гіпатаніяй — гэта зніжэнне артэрыяльнага ціску ніжэй за 90/60 мм рт. сл. Але такі стан не з’яўляецца хваробай. У абсалютна здаровага чалавека такі ціск можа быць зафіксаваны некалькі разоў на працягу сутак. Гіпатанічная хвароба — гэта калі паніжаны ціск рэгіструецца на працягу ўсяго дня і пры гэтым пацыент скардзіцца на дрэннае самаадчуванне. Калі ніякіх паталагічных сімптомаў няма, то гіпатанія лічыцца фізіялагічнай (як варыянт індывідуальнай нормы) і не патрабуе ніякага медыцынскага ўмяшання. Калі ж паніжаны ціск працякае з галаўным болем, галавакружэннем, млоснасцю, агульнай слабасцю і іншымі паталагічнымі прыкметамі, то гаворка ідзе пра захворванне — артэрыяльную гіпатанію, якая патрабуе медыцынскай карэкцыі для павышэння якасці жыцця.

Прычынамі гіпатаніі могуць быць розныя віды анемій, недастатковасць наднырачнікаў, гіпатэрыёз, перадазіроўка некаторых медыкаментаў, хранічная або вострая страта крыві, абязводжванне арганізма, дэтрэніраванасць і інш.

— Ці мае дачыненне да праблем з сэрцам боль у грудзіне (міжрэберная неўралгія)?

— Галоўным адрозненнем сардэчнага прыступу ад неўралгіі з’яўляецца працягласць болю. Прыступы міжрэбернай неўралгіі бываюць даволі працяглымі — да некалькіх сутак. Сардэчныя ж болі кароткія. Напрыклад, прыступ стэнакардыі доўжыцца 5—10 мінут. Неўралгічныя болі носяць востры характар, а стэнакардычны боль тупы, пякучы, з недахопам паветра. Даўней стэнакардыю называлі грудной жабай менавіта з-за адчування, што на грудзях сядзіць цяжкая і халодная жаба. Боль пры стэнакардыі распаўсюджваецца на ўсю вобласць грудной клеткі, чалавеку цяжка вызначыцца і паказаць, дзе канкрэтна ў яго баліць. А пры неўралгіі атрымліваецца дакладна лакалізаваць асноўнае месца болю.

Іншая вельмі характэрная для неўралгіі прыкмета — памяншэнне або павелічэнне інтэнсіўнасці боляў у залежнасці ад становішча цела, удыху-выдыху. Сардэчны ж боль не залежыць ад становішча цела, але толькі за адным выключэннем: пры інфаркце міякарда падчас руху ён узмацняецца.

Таблетка нітрагліцэрыны можа купіраваць прыступ сардэчных боляў, але не спыніць развіццё інфаркту. Таму, калі боль пасля прыёму нітрагліцэрыны працягваецца, трэба неадкладна выклікаць хуткую дапамогу.

— Яшчэ адна паталогія, што звязана з сэрцам, — гэта пралапс мітральнага клапана (ПМК). Калі, з наяўнасцю якой ступені трэба больш уважліва ставіцца да сэрца? Ці можа ступень з узростам мяняцца, пераходзіць з першай на другую? Якія абмежаванні ПМК накладвае на жыццё і ці перадаецца па спадчыне? 

— Мітральны клапан размешчаны паміж левым перадсэрдзем і левым жалудачкам. Праз гэты клапан кроў паступае ў левы жалудачак, а затым размяркоўваецца па арганізме. У нармальным стане пры скарачэнні перадсэрдзя клапан адкрываецца і кроў паступае ў жалудачак. Затым клапан закрываецца і адбываецца скарачэнне жалудачка, кроў паступае ў аорту. Першасны пралапс уяўляе сабой дабраякаснае спадчыннае захворванне, пры якім паталогія абумоўлена своеасаблівай надмернасцю мітральнага клапана або больш доўгімі, чым у норме, сухажыльнымі хордамі. ПМК звычайна мае дабраякасны характар, але могуць з’явіцца некаторыя ўскладненні: мітральная рэгургітацыя, эндакардыт і адрыў хорд. Пралапс мітральнага клапана звычайна не патрабуе лячэння.

Першая ступень пралапсу (3—6 мм) дыягнастуецца ў 25% пацыентаў і не мае сімптомаў. Яе можна выявіць падчас ЭКГ сэрца.

Пры другой ступені пралапсу (6—9 мм) таксама адсутнічаюць сімптомы.

Трэцяя ступень пралапсу — больш за 9 мм — патрабуе кантролю эхакардыяграфіі 1 раз на 2 гады. Пры такой ступені пралапсу можа спатрэбіцца аператыўнае ўмяшанне.

Хворыя на пралапс мітральнага клапана без клінічных сімптомаў павінны праходзіць прафілактычныя агляды кожныя 2—3 гады. Пацыентаў з пралапсам мітральнага клапана адносяць да групы рызыкі развіцця інфекцыйнага эндакардыту. Так, перад правядзеннем розных хірургічных умяшанняў, у тым ліку на дыхальных шляхах, падчас стаматалагічных маніпуляцый (экстракцыі зуба, устаноўкі імплантатаў), уралагічных умяшаннях (аперацыях на прастаце, цыстаскапіі) ім рэкамендуецца праводзіць антыбіётыкапрафілактыку. 

— Алена Аляксандраўна, яшчэ адна цікавая з’ява, што звязана з сэрцам, — узнікненне раптоўнага начнога сэрцабіцця. У чым шукаць яго прычыну?

— Прычын сэрцабіцця ў любы час сутак многа: ішэмічная хвароба, парокі сэрца, артэрыяльная гіпертэнзія, захворванні эндакрыннай сістэмы (часцей за ўсё шчытападобнай залозы), неўрозы, эмацыянальныя перажыванні, стрэсы, няправільны лад жыцця (незбалансаванае харчаванне, адсутнасць ці сістэматычнае парушэнне рэжыму дня, недахоп фізічных нагрузак, курэнне і празмернае ўжыванне алкаголю). Справакаваць раптоўнае сэрцабіццё таксама могуць некаторыя прэпараты, у тым ліку наперстаўка, кафеін, нікацін і сімпатаміметыкі: альбутэрол, амфетамін, какаін, дабутамін, адрэналін, эфедрын, ізапратэрэнол, норадрэналін і тэафілін. Таксама да прычын адносяцца анемія, гіпаксія і электралітныя парушэнні (напрыклад, гіпакаліемія на фоне тэрапіі дыўрэтыкамі), прыроджаныя анамаліі развіцця праводзячай сістэмы сэрца (сіндром Вольф — Паркінсан — Уайта, сіндром Бругада, некаторыя формы сіндрому падоўжанага інтэрвалу QT і інш), сіндром паталагічнага начнога апноэ, хваробы страўнікава-кішачнага тракту і інш.

З мэтай удакладнення характару парушэнняў рытму сэрца і высвятлення прычыны арытміі рэкамендую выканаць лабараторныя даследаванні: агульны аналіз крыві, біяхімічны аналіз крыві, аналіз крыві на гармоны шчытападобнай залозы, ЭКГ, сутачнае манітарыраванне ЭКГ, эхакардыяграфію. 

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.