Чым запомніўся ўдзельнікам і гасцям “Вішнёвы фестываль” у Глыбокім?
Адметнае свята, якое з 2017 года набыло статус міжнароднага, райцэнтр сустрэў дзявяты раз. На працягу трох дзён у горадзе панавала казка. Здавалася, шчодраму сёлетняму вішнёваму ўраджаю стала цесна ў шматлікіх садах — і смачнае сакавітае багацце разам выплеснулася на вуліцы і плошчы. Вішні яркімі сонечнымі кроплямі заззялі на карцінах, адзенні, ручніках і сувенірах. Вішні расквецілі канцэртныя пляцоўкі і святочныя падворкі, таямніча і спакусліва свяціліся ў кошыках і на пірагах, вішням прысвячалі песні і вершы, вішні славілі садаводы-прафесіяналы і аматары-ягаднікі, фатографы і народныя ўмельцы, артысты з Беларусі і замежжа — кожнае імгненне і кожны крок нагадвалі аб знаходжанні ў “вішнёвай сталіцы”!
Не толькі смачная, але і SMART
Першы дзень фестывалю так і называўся — “SMART-вішня”, і праводзіўся ён пад дэвізам “Касмічныя, авіяцыйныя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для “разумных гарадоў (рэгіёнаў).” Аднайменная маштабная выстава з удзелам рэзідэнтаў індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, устаноў вышэйшай адукацыі і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разгарнулася на цэнтральнай плошчы. У сярэдняй школе № 1 імя П.В.Сухога Глыбокага адбыўся трэнінг “Разумныя гарады Беларусі — шляхі да развіцця”. Тут жа гаспадары прэзентавалі выставачны праект “Легенда сусветнай авіяцыі”, прысвечаны 126-годдзю з дня нараджэння славутага авіяканструктара і земляка. Намеснік дырэктара Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Ірына Хірэвіч азнаёміла з экспазіцыяй, на якой былі прадстаўлены артэфакты са школьнага музейнага пакоя “Гісторыя космасу”.
Між тым падзейная плынь віравала ўсё новымі і новымі цікавымі мерапрыемствамі: у другой палове дня прайшлі прэстыж-сустрэча “У гасцях у Вішнёвай каралевы”, гашэнне паштовай маркі ў гонар “Вішнёвага фестывалю” спецыяльным паштовым штэмпелем, маляўнічы конкурс паветраных змеяў “Вішнёвы палёт” і, нарэшце, цырымонія ўрачыстага адкрыцця міжнароднага свята.
Вішня аб’ядноўвае сяброў
Другі фестывальны дзень — маладзёжны. У цэнтры абмеркавання падчас адкрытага дыялогу “Беларусь учора, сёння, заўтра” ў гарадскім Доме культуры было захаванне і прымнажэнне культурных традыцый, прасоўванне мясцовых культурных брэндаў і міжрэгіянальнае партнёрства. У тым ліку, магчыма, і паміж сталіцамі “вішнёвых” фестываляў розных краін. У прыватнасці, намеснік кіраўніка адміністрацыі па сацыяльных пытаннях горада Уварава (Расія) Валянціна Кабзар расказала пра свята вішнёвага багацця “Вішневарава”.
Святочнае Глыбокае стала апошнім пунктам маладзёжнага патрыятычнага аўтамарафону рэспубліканскага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі” і месцам правядзення акцый “Роднае — народнае” і “Расці, мая дуброва”. На гарадскім стадыёне стартаваў фестываль сямейнага спорту “Ад малога да вялікага”. У літаральным сэнсе спорт для ўсіх, бо праграма прадугледжвала забегі паўзункоў, хадункоў, таптуноў і бегуноў (адваведна дзеці ва ўзросце з шасці месяцаў, двух, чатырох і сямі гадоў), кігурумі і тынэйджараў (удзельнікі пачынаючы з трынаццаці- і шаснаццацігадовага ўзросту). Акрамя таго, забегі мам і татаў, бабуль і дзядуляў, алімпіёнікаў, гуру і нават…вішнёвых слімакоў! Інтэрактыўны спектакль для дзяцей і дарослых падрыхтавалі маскоўскія госці — вулічны тэатр Мікалая Чалнакова “Цырк у маім сакваяжы”. Прыхільнікаў пляжнага валейбола сабраў адкрыты турнір “Вішнёвы мяч”. У ходзе дабрачыннай акцыі “Выратавальная вішня” нераўнадушныя да чужой бяды людзі збіралі сродкі на лячэнне і рэабілітацыю Аляксея Гараніна. А яшчэ можна было далучыцца да інтэлектуальна-прыгодніцкага гарадскога квеста “Вішнёвая дзявятка”, наведаць выставу па інсітным мастацтве INSITUS-2020, этна-вечарыну “У вішнёвым садзе”, творчую сустрэчу з рамеснікамі і “Вішнёвы батл” па вырабе лялькі-мотанкі, майстар-клас “Вішнёвы падарунак сваімі рукамі” і канцэрт “Вішнёвы горад”, выставу-кірмаш работ народных майстроў “Вішнёвы гасцінец”, а таксама пакатацца на лодцы ці катамаране.
Вішнёвая жамчужына
Традыцыйна найбольшая колькасць конкурсаў, спаборніцтваў, выстаў, прэзентацый і канцэртаў прыпадае на трэці дзень фестывалю. У шыкоўнай пазалочанай карэце прыбыла Вішнёвая каралева, каб у кампаніі Карла Фрыдрыха Ераніма фон Мюнхгаўзена даць пачатак урачыстаму шэсцю. Разам з легендарнымі героямі свята калону шматлікіх прыхільнікаў фестывалю ў суправаджэнні маленькіх дзяўчатак-“вішанек” узначалілі ганаровыя госці, сярод якіх — першы намеснік Старшыні Выканаўчага камітэта СНД Леанід Анфімаў, кіраўнікі дыпламатычных місій Азербайджана і Малдовы ў Беларусі, першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч, кіраўнікі горада і раёна, іншыя афіцыйныя асобы.
Працягнулі фестывальную феерыю тэатралізаваная праграма “Вішнёвы край, сустракай гасцей!”, выстава-прэзентацыя падворкаў “Вішнёвы смак”, вішнёвае дэфіле тэатра моды “Аліса”, прэзентацыя выставачнага праекта Ядвігі Сянько “Святло маёй душы”, рэгістрацыя шлюбу “Вішнёвае вяселле”, конкурс баяністаў, акардэаністаў, гарманістаў “Вішнёвыя найгрышы”. Дарэчы, работнікі Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната прэзентавалі ўдасканаленую па смакавых якасцях вішнёвую згушчонку і навінку — згушчонку з арахісу. Кульмінацыя свята — гала-канцэрт “Вішнёвае суквецце сяброўства”, урачыстая цырымонія закрыцця “Да новых сустрэч, фестывальная Глыбоччына” і традыцыйны аўкцыён “Вішнёвы пірог”. На працягу дня працавалі выставы падворкаў і аграсядзіб Глыбоччыны, выстава-кірмаш работ народных майстроў і гандлёвыя рады “Вішнёвае багацце”. Завяршыўся фестываль канцэртам заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, начным феерверкам і дыскатэкай “У рытме вішні”.
Людміла Лукашэвіч, дырэктар Азарэцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна: “Штогод у нас праходзіць “Вішнёвы фестываль” — гэта вялікае свята для ўсіх, да якога загадзя рыхтуемся. Ва ўпрыгожванні фестывальнага падворка ўдзельнічалі і дзеці, і дарослыя. Канцэпцыя сёлета — квітнеючая вішня як сімвал надзеі, радасці, духоўнай чысціні. Уладкавалі куток адпачынку і фотазону дзве нашы навучэнкі-“вішанькі” — аўтары і вядучыя канцэртна-забаўляльнай праграмы. А педагогі, работнікі школьнай сталовай прадставілі свае фірменныя стравы з вішняй”.
Людміла Парфяновіч, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама: “На свята мы запрасілі дэлегацыю на чале з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Вольгай Дацэнка, начальнікам аддзела па адукацыі, спорце і турызме Людмілай Крылісценка і старшынёй арганізацыі галіновага прафсаюза Наталляй Сазонавай. У чэрвені былі ў іх у гасцях, цяпер паказалі нашы Падсвільскі яслі-сад — сярэднюю школу, дзіцячы сад № 1 “Вішнёвая казка” і сярэднюю школу № 1 у Глыбокім. Найбольш гасцей зацікавілі пытанні развіцця інфраструктуры і матэрыяльна-тэхнічнай базы, асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу”.
Людміла Сауліч, дырэктар Падсвільскага ясляў-сада — сярэдняй школы Глыбоцкага раёна”: “Учора ў школе ў ліку гасцей прымалі дырэктараў дзесяці ўстаноў адукацыі Гомельшчыны, з’явілася многа ідэй па супрацоўніцтве. Сёння калегі заглядвалі на падворак — віталіся, як лепшыя сябры. Аддзел па адукацыі райвыканкама рэгулярна наладжвае для нас адукацыйна-пазнавальныя экскурсіі па рэгіёнах: напрыклад, ездзілі ў Брэст, Гродна, Шчучын, Смаленск і Гомель. Абавязкова наведваем і памятныя мясціны, гісторыка-культурныя аб’екты, установы адукацыі. Што тычыцца падворка, то і тут уклад школы немалы. Наш падворак прысвечаны вішні і знакамітаму земляку Язэпу Драздовічу. Зразумела, на стале — пачастункі з вішняй. Паколькі лета — пара рамантычных сустрэч, то прадугледзелі і “Месца для пацалункаў”. Пакаштаваць травяныя напіткі запрашаем у “Чаёўню дзядзькі Язэпа”, а наша настаўніца працоўнага навучання Алена Мацюшонак правяла майстар-клас па роспісе дываноў”.
Ульяна Вайцяховіч, навучэнка Ломашаўскага дзіцячага сада — базавай школы: “Вішнёвы пірог гатавалі дома з мамай, Дар’яй Мікалаеўнай. Я адказвала за крэм і ўпрыгажэнне, мама — за цеста. У кожнай гаспадыні ёсць свае фірменныя сакрэты страў, у нашай сям’і таксама. Але галоўны сакрэт, каб атрымалася смачна, — гатаваць з любоўю і добрым настроем, душу ўкладваць у сваю работу”.
Таццяна Патапава, кухар Ломашаўскага дзіцячага сада — базавай школы: “Летам зберагчы ягады да моманту збору, каб птушкі не паспелі пакляваць, — няпростая задача і неабходная, бо для гатавання трэба абавязкова браць спелыя і непашкоджаныя вішні. А далей — як падкажуць фантазія і душа гаспадыні, што заўгодна можна зрабіць. У вішнёвага варэння з костачкамі і без костачак розны смак, у першым выпадку яго непажадана доўга захоўваць. Цукру ў варэнне сыплю па паўтара кілаграма на кілаграм ягад, магчыма больш, калі вішні з кіслінкай, як сёлета. Маім дамашнім найбольш даспадобы варэнікі з вішняй. Цеста раблю звычайнае пельменнае, хаця варыянтаў шмат — варта паспрабаваць і заварное зрабіць, і на тварагу — і такім чынам даведацца, які рэцэпт асабіста для вас самы смачны. З вішань выбраць костачкі, абсушыць крыху, каб яны не давалі сок, цукрам з крухмальчыкам пасыпаць, крыху перамяшаць — і можна начыняць. Мне падабаецца ляпіць невялікія варэнікі, тады на начынку ідзе прыкладна дзве ягадкі. Гатовыя варэнікі падаваць са сметанковым маслам і цукрам. Захацелася вішнёвага рулету? На бісквіт бяром толькі свежыя дамашнія яйкі — найлепшы варыянт, ніколі не падвядуць. Прыкладна з дзясятак яек узбіваем з дзвюма шклянкамі цукру, дадаём дзве шклянкі мукі, перамешваем і танюткім слоем выліваем на бляху, засланую пергаментнай паперай. Калі запячэцца, хуценька знімаем разам з пергаментам, прамазваем начынкай і заварочваем рулецік. Дэкарыруем цукровай пудрай, ягадамі, можна шакаладам паліць. Начынка — абавязкова з вішняй: з тваражком ці як на варэнікі”.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.