На парозе Правамастоўскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна нас сустракае яе дырэктар Мікалай Вячаслававіч Ярац і… яго работа — эмблема школы, выкананая ў тэхніцы разьбы па дрэве. Гісторыя школы вядзе свой пачатак з 1865 года, што і адлюстравана на своеасаблівым школьным гербе. Мікалай Вячаслававіч узначальвае ўстанову 14 гадоў, а разьбой па дрэве займаецца амаль усё жыццё.
Цяга да творчасці ў яго з дзяцінства. Шмат чаму навучыўся ў бацькі — настаўніка працоўнага навучання і чарчэння Пацэвіцкай школы, дзе вучыўся і Мікалай. Мама таксама працавала ў гэтай школе настаўніцай біялогіі.
— Бацька яшчэ вёў у Мастоўскім раённым цэнтры творчасці гурток. У вясковага хлопца забаў не так многа. Так што ў мяне была дарога ці ў гэты творчы гурток, ці ў спартыўную секцыю, — з усмешкай успамінае Мікалай Вячаслававіч. — А потым дабавіліся мастацкая школа і музычная школа па класе трубы.
Жаданне спасці-гаць мастацтва разьбы па дрэве прывяло хлопца ў тагачаснае Мірскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 234 будаўніча-рэстаўрацыйных работ. А праз год Мікалай паступіў у Віцебскі педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт. Пры паступленні, акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, трэба было здаваць жывапіс, кампазіцыю і чарчэнне.
— На нашым факультэце панавала вельмі творчая атмасфера. З першага па чацвёрты паверх на сценах, у холах былі прадстаўлены лепшыя работы студэнтаў — карціны, скульптуры, — прыгадвае Мікалай Вячаслававіч. — Кожны з выкладчыкаў — творчая індывідуальнасць. Кожнаму са студэнтаў яны дапамагалі знайсці свой шлях, убачыць і развіць свае здольнасці і кірункі творчаці. Я вельмі ўдзячны выкладчыкам Генадзю Пятровічу Ісакаву, Івану Паўлавічу Хіцько і многім іншым.
Забягаючы наперад, скажам, што дыпломная работа М.В.Яраца таксама засталася ў сценах роднага факультэта. Але шлях да гэтага выніку быў няпростым.
— Пасля першых заняткаў адчуў, што мой творчы ўзровень у параўнанні з іншымі не такі высокі, зразумеў, што трэба працаваць і працаваць, — працягвае Мікалай Вячаслававіч.
І ён працаваў, у тым ліку і па начах. Спалучаў работу сторажам і заняткі маляваннем. І ўжо на апошніх курсах атрымліваў Ленінскую стыпендыю. Дыплом абараніў па тэме, таксама звязанай з разьбой па дрэве. Гэта была кампазіцыя, якая адлюстроўвала двух коней. І да гэтага часу тэма коней Мікалаю Вячаслававічу вельмі блізкая. Яму цікава перадаваць у дрэве парыў, дынаміку руху гэтых жывёл. Працуе з дубам, ліпай, клёнам. Кожны від драўніны патрабуе асаблівага падыходу.
Пасля заканчэння ў 1996 годзе ўжо Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Выкладчык выяўленчага мастацтва, чарчэння і працоўнага навучання” М.В.Ярац вярнуўся працаваць настаўнікам на родную Мастоўшчыну, працягнуўшы справу сваіх бацькоў-педагогаў. Пачынаў у сярэдняй школе № 5 Мастоў, потым — у Пацэвіцкай школе, а ў 2007 го-дзе ўзначаліў Правамастоўскую сярэднюю школу. І ніколі не спыняў творчую дзейнасць: удзельнічаў у выставах, конкурсах, пленэрах, яго работы можна ўбачыць і набыць у мастацкіх салонах Мінска.
Персанальныя выставы М.В.Яра-ца былі арга-нізаваны ў рам-ках Рэс-пуб-лікан-скага фесты-валю “Да-жын-кі”, які прахо-дзіў у Мастах, на свяце народнай твор-часці ў Бабруйску, на Рэспуб-ліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне. Удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі — 2016”, у рэспубліканскім конкурсе рэзчыкаў, які праходзіў пад дэвізам “Дакраніся да дрэва разцом”, быў адзначаны дыпломам ІІ ступені. У конкурсным заданні “Лясная казка” за пяць дзён трэба было стварыць кампазіцыю з дубу. А да наступнага конкурсу прыгатаваў разную чашу, на якой можна ўбачыць беларускага зубра.
Мікалай Вячаслававіч дзе-ліцца сваім майстэрствам з вучнямі — вядзе гурток разьбы па дрэве. Ён вельмі задаволены, што нядаўна школа атрымала сучасныя станкі для дрэваапрацоўкі, на якіх будуць вучыцца школьнікі. Каб далучыць як мага больш дзяцей да творчасці, прывіць ім уменне бачыць хараство ў дрэве, даць магчымасць зрабіць уласнымі рукамі карысную рэч, а можа, і сапраўдны мастацкі твор, для развіцця іх здольнасцей і цікавасці да працоўнай дзенасці ў Правамастоўскай школе распрацавалі праект арганізацыі сувенірнай майстэрні “Юны майстар”. Плануюць праводзіць майстар-класы, арганізоўваць выставы, кірмашы, падрыхта-ваць валанцёраў, якія змогуць навучыць разьбе па дрэве навічкоў.
31 жніўня Мікалай Вячаслававіч адзначае дзень нараджэння. Гэта знакавы дзень для дырэктара школы. На парозе новага навучальнага года хочацца пажадаць творчаму дырэктару здзяйснення ўсяго задуманага — поспехаў у вы-творчасці і творчасці.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.