Быць прыгожымі — жаданне ўсіх без выключэння жанчын. Але знешняя прыгажосць у многім залежыць ад унутранага стану, ад жаночага здароўя. Напрыклад, многія гінекалагічныя захворванні пачынаюць праяўляць сябе толькі тады, калі знаходзяцца ў запушчанай стадыі. Але ўсё можа быць інакш. Штогадовыя скрынінгі ацэнкі жаночага здароўя праводзяцца якраз для таго, каб выявіць захворванне ў самым пачатку ці пераканацца, што ўсё добра. Пра важнасць планавага агляду, прафілактыку інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, і метады кантрацэпцыі нам расказаў урач-гінеколаг 17-й жаночай кансультацыі Мінска Аляксандр ЗАЯЦ.
Дарэчы, Аляксандр Фёдаравіч мае добрае пачуццё гумару, — за гэта яго вельмі любяць пацыенты. Нягледзячы на жарты, якія суправаджаюць кожны яго адказ, пытанні, на якія ўрач звяртае ўвагу, вельмі сур’ёзныя.
— Аляксандр Фёдаравіч, з якімі праблемамі да вас часцей за ўсё прыходзяць пацыенткі? Ці навучыліся яны звяртацца да ўрача ў мэтах прафілактыкі? Або часцей прыходзяць тады, калі праблема ўжо ёсць?
— Пытанне, што называецца, з падвохам. Прыём урача-гінеколага ўмоўна можна падзяліць па мэце наведвання, па ўзроставай групе і катэгорыі (напрыклад, цяжарныя і гінекалагічныя пацыенткі, умоўна здаровыя (прафілактычны агляд), умоўна хворыя (хранічныя захворванні з рэдкімі клінічнымі праяўленнямі або зусім без іх) і з захворваннямі, якія патрабуюць тэрміновага (гэта значыць у вызначаныя тэрміны, як правіла, планавыя) або экстраннага (неадкладнага) лячэння). Па ўзросце і сацыяльным статусе — катэгорыя ад 18 і старэйшыя. Проста азірніцеся: жанчыны, што знаходзяцца вакол, і ёсць нашы пацыенткі. Да нас прыходзяць як маляваныя прыгажуні, так і жанчыны, што вядуць асацыяльны лад жыцця. Безумоўна, у кожнай групы свае мэты наведвання, іх можна доўга апісваць, асабліва калі рабіць гэта падрабязна. Але часцей за ўсё жанчыны прыходзяць на прафілактычны агляд, які можна назваць прымусовым, бо ён неабходны для працаўладкавання і без яго няма допуску да работы.
У мэтах прафілактыкі, нягледзячы на XXІ стагоддзе, у якім мы жывём, прыходзяць рэдка. Прычым настолькі рэдка, што гэта выклікае ў доктара некаторае здзіўленне, якое мы старанна трымаем у сабе.
Кожны з існуючых метадаў кантрацэпцыі падыходзіць не ўсім. А гэта значыць, што ўсё трэба падбіраць індывідуальна. Карацей кажучы, магія, не менш.
— Якія метады дыягностыкі інфекцый у гінекалогіі сёння лічацца найбольш эфектыўнымі?
— За апошнія часы нічога новага не з’явілася. Для дыягностыкі большасці інфекцый залатым стандартам з’яўляецца культуральны метад (а яму больш за 100 гадоў). Калі яго выкарыстанне немагчыма, тады прымяняецца ПЛР-дыягностыка. Пытанне можна крыху перавярнуць і пагаварыць пра тое, што сёння можна зрабіць бясплатна, а што — за ўласныя сродкі і што з гэтага сапраўды неабходна жанчыне.
— Калі і па якіх паказаннях можа быць назначана кальпаскапія? Ці можна яе назваць асобным метадам даследавання або яна праводзіцца для пацвярджэння меркаванага дыягназу?
— Паказанні можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: пры наяўнасці бачных адхіленняў і пры іх адсутнасці (але калі разам з гэтым атрыманы вынікі лабараторных даследаванняў, якія даюць магчымасць падазраваць наяўнасць анкалагічных захворванняў шыйкі маткі).
Любы метад даследавання (усё роўна які — лабараторны або інструментальны) з’яўляецца дапаможным. Кожны з метадаў дапамагае ўрачу пацвердзіць або абвергнуць дыягназ, які пастаўлены на падставе скаргаў пацыента і вынікаў агляду.
Нягледзячы на тое, што мы жывём у XXІ стагоддзі, у мэтах прафілактыкі жанчыны прыходзяць рэдка. Прычым настолькі рэдка, што гэта выклікае ў доктара некаторае здзіўленне, якое мы старанна трымаем у сабе.
— Як вы падбіраеце сваім пацыенткам метады кантрацэпцыі? Якому з існуючых аддаяце перавагу і чаму?
— Метады кантрацэпцыі назначаю выключна па запытах арганізма. Калі частата палавых кантактаў тры разы на дзень — прэзерватываў не напасешся, у такім выпадку патрэбны супрацьзачаткавыя таблеткі ці спіраль. Калі палавы кантакт раз на тыдзень, то ў такім выпадку няма сэнсу прымаць 21 гармонаўтрымліваючую таблетку дзеля 4 кантактаў у месяц, а калі яшчэ радзей, то наогул сэнсу ў гармонах няма.
Праблема яшчэ ў тым, што кожны з існуючых метадаў кантрацэпцыі не ўсім падыходзіць. А гэта значыць, што ўсё трэба індывідуальна падбіраць. Карацей кажучы, магія, не менш. А чараўнікі сваіх сакрэтаў не раскрываюць, інакш перастануць быць чараўнікамі. (Смяецца.)
— Чаму бытуе меркаванне, што ад таблетак набіраецца вага? Ці рацыянальнае такое абвінавачванне?
— Я заўсёды, калі пацыенткі мне гавораць пра набор лішніх кілаграмаў, што выкліканы быццам бы таблеткамі, расказваю ім наступнае. Упакоўка таблетак важыць 10 ці 20 грамаў (у залежнасці ад памеру інструкцыі па ўжыванні). Каб паправіцца ад таблетак на 1 кілаграм (пры ўмове, што яны толькі паступаюць у арганізм, але не выводзяцца), трэба прымяняць іх ад 50 да 100 месяцаў! Ва ўсім астатнім вінаваты, як бы банальна гэта ні гучала, няўтольны апетыт. Але некаторыя на прыёме сцвярджаюць, што наогул нічога не ядуць, а вага пры гэтым працягвае набірацца. Такім пацыенткам прапаноўваю падаць заяўку на парушэнне закону захавання рэчываў і энергіі, але яны чамусьці не хочуць, адмаўляюцца.
Для дыягностыкі інфекцый залатым стандартам з’яўляецца культуральны метад. Калі яго выкарыстанне немагчыма, то тады прымяняецца ПЛР-дыягностыка.
— Як правільна робіцца адмена аральных кантрацэптываў?
— Усё насамрэч вельмі проста. Выпіта апошняя таблетка з упакоўкі і … вуаля! Больш можна не піць.
— Калі кантрацэптывы падыходзяць ідэальна, праз які час іх трэба будзе замяніць? Ці трэба гэта рабіць, каб даць арганізму адпачыць?
— Калі таблеткі падыходзяць ідэальна, то мяняць іх не варта! Калі муж пасуе вам ідэальна, праз які час яго трэба замяніць? (Смяецца.)
Калі з ужываннем таблетак ёсць пытанні, калі бачыце, што яны не падыходзяць вам, то, безумоўна, могуць з’яўляцца пабочныя эфекты. Важна сказаць пра гэта свайму ўрачу і ён абавязкова парэкамендуе іншыя прэпараты.
— Ці трэба, прымаючы кантрацэптывы, дадаткова кантраляваць стан арганізма, праходзіць абследаванні?
— Так, безумоўна, гэта трэба рабіць. Нягледзячы на тое, што ў сучасных супрацьзачаткавых кантрацэптывах утрымліваецца маленькая доза гармонаў, нават іх колькасці будзе камусьці дастаткова, каб справакаваць развіццё трамбозаў ці іншых сур’ёзных парушэнняў.
— Калі параўнаць таблеткі са спіраллю, то каму можа быць рэкамендаваны апошні метад? Ці ёсць для яго супрацьпаказанні?
— Адрозненне спіралі ад таблетак у тым, што спіраль — надзейны метад кантрацэпцыі 24/7, але толькі калі ў вас правераны палавы партнёр. Перавагі спіралі яшчэ і ў тым, што не трэба хвалявацца, што нешта забыў зрабіць (таблеткі можна забыць выпіць). Яна заўсёды на месцы і працуе нават па выхадных! (Смяецца.)
— Ці ёсць розніца ў тым, якую спіраль — звычайную ці гарманальную — выбраць? Ці можа гарманальная спіраль паўплываць на вагу цела?
— Гарманальная спіраль (а больш дакладна ўнутрыматачная сістэма “Мірэна”) — гэта хутчэй лячэбная прылада з надзейным кантрацэптыўным эфектам. Яе прымяненне таксама мае свае нюансы. Але лішнія кілаграмы ад яе набраць сапраўды ніяк не ўдасца: доза гармонаў, якую яна ўтрымлівае, вельмі маленькая і выдзяляецца ў поласць маткі, аказваючы лячэбнае дзеянне і пры гэтым ніяк не ўплываючы на арганізм.
Найбольш папулярнымі лічацца Т-падобныя спіралі (проста ставяцца i без праблем выдаляюцца) і ў форме кольца.
Гутарыла Наталля САХНО.