Родавая назва культуры Diospiros перакладаецца з латыні як “ежа багоў”. Хурма вельмі цікавая расліна. Яна штогод дае ўстойлівы ўраджай, прычым першыя плады з’яўляюцца на дрэве ўжо на 3—4 год, а здольнасць да плоданашэння захоўваецца да 50—60 гадоў. Узрост некаторых дрэў налічвае сотні гадоў, а ў ваколіцах Пекіна сустракаюцца дрэвы, якім да 500 гадоў.
Хурма ўтрымлівае ў два разы больш харчовых валокнаў і карысных мікраэлементаў, чым яблыкі. У ёй таксама шмат антыаксідантаў. Плады хурмы ўтрымліваюць вялікую колькасць вады, бялкі, вугляводы, арганічныя кіслоты, дубільныя рэчывы. Яны багатыя на калій, кальцый, магній, фосфар і жалеза, а таксама вітаміны А, С, Р. У хурме многа ёду, таму яна вельмі карысная жыхарам нашай краіны.
Вялікае ўтрыманне цукраў, у асноўным глюкозы і фруктозы, падтрымлівае здароўе сардэчна-сасудзістай сістэмы, жывіць сардэчную мышцу і пры гэтым узровень глюкозы ў крыві не дасягае піка. Аднак не варта ўжываць хурму пры дыябеце.
Есці хурму не рэкамендуецца людзям з цукровым дыябетам, панкрэатытам у стадыі абвастрэння, а таксама тым, хто мае праблемы з падстраўнікавай залозай і ў каго бываюць запоры.
Хурма аказвае мачагоннае дзеянне і мае танізуючыя ўласцівасці. Урачы гавораць, што, з’еўшы спелы сярэдні плод хурмы, можна атрымаць прыкладна 70 працэнтаў дзённай нормы вітаміну А, амаль 20 працэнтаў вітаміну С, мноства караціноідаў і калію. Аднак яны папярэджваюць, што ёсць невялікая група людзей, якім гэты фрукт трэба ўжываць з асцярожнасцю. У першую чаргу хурма можа быць небяспечнай для тых, каму рабілі аперацыі на страўніку па прычыне язвы ці на кішэчніку, а таксама тым, у каго стрававальная сістэма працуе вяла і часта бываюць запоры. Такім людзям нельга злоўжываць хурмой, бо нават самая спелая ўтрымлівае таніны, што можа выклікаць непраходнасць. Здаровы ж чалавек смела можа з’есці нават 2 плады запар, а на працягу дня і 3—4.
Некаторыя не любяць хурму за яе аскомісты смак, аднак пры правільным выбары можна пазбегнуць гэтай непрыемнасці. Акрамя звычайнай, хурма бывае сорту “каралёк”. Дзякуючы сваёй карычневай афарбоўцы, такая хурма атрымала назву шакаладнай. Аднак такі фрукт можа прымаць два “абліччы”. Калі адбылося апыленне і ўтварылася насенне, выспявае карычневы плод — моцны, салодкі і смачны. Калі ж апылення не было і няма насення, то няма і “каралька”, а ёсць аскомістая хурма пасрэднай якасці, хоць і даволі пажыўная.
Здаровым людзям хурма пойдзе толькі на карысць, але спажываць яе трэба не больш за 200—300 г у суткі.
Такім чынам, выбіраць трэба поўнасцю саспелыя плады, тады мякаць будзе сапраўды сакавітай і смачнай. Каб не памыліцца і купіць спелую хурму, звяртайце ўвагу на карычневыя палоскі (кольцы) на скурцы пладоў: чым больш такіх палосак, тым саладзейшай будзе хурма.
Захоўваць хурму трэба вельмі асцярожна, каб не пашкодзіць абалонку. Можна захоўваць яе ў замарожаным выглядзе. Дарэчы, замарозка — адзін са спосабаў пазбавіцца ад аскомістасці пладоў. Яшчэ адзін спосаб — пакласці плады на 12 гадзін у цёплую
(30—40°С) ваду. Так яна пазбавіцца танінаў і, адпаведна, аскомістасці.
Падрыхтавала Вера НІКАЛАЕВА.