За многія стагоддзі беларускі народ стварыў багатую і самабытную культуру, увасобленую ў духоўных традыцыях, звычаях і абрадах. Менавіта таму з мэтай патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання моладзі, адраджэння і зберажэння мясцовых традыцый на базе Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна дзейнічае апорная пляцоўка “Выкарыстанне рэгіянальных традыцый і абрадаў у пазаўрочнай дзейнасці”.
Пляцоўка цесна ўзаемадзейнічае з установамі адукацыі Піншчыны і арганізацыямі, дзейнасць якіх накіравана на захаванне народных традыцый і абрадаў, што маюць культурна-гістарычную каштоўнасць.
Промыслы і рамёствы займаюць важнае месца ў сістэме культуры і ў народнай жыццядзейнасці. Адзін з напрамкаў дзейнасці цэнтра — знаёмства вучняў з рамёствамі рэгіёна. Так, на адным з пасяджэнняў рэсурснага цэнтра з удзелам метадыста Пінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета С.К.Кахновіч і майстра народнай творчасці А.В.Смужэвіч прайшоў майстар-клас па саломапляценні для дзяцей і настаўнікаў.
У Беларусі пляценнем з саломкі займаліся здаўна. Сваю гісторыю яно вядзе ад старадаўніх абрадаў, звязаных з культам хлеба і саломы. Нашы продкі верылі ў іх боскую сілу, бо асабліва шанаваўся апошні сноп, сабраны з поля, які захоўваўся ў доме да новага ўраджаю. Саломай пакрывалі дахі хат. Яна ішла на подсціл і корм жывёлам, абувала і апранала чалавека, служыла пасцеллю, а ў неўраджайныя гады яе падмешвалі ў хлеб.
З саломы выраблялі галаўныя ўборы, цацкі і ўпрыгажэнні. Вялікая ўвага ўдзялялася зберажэнню і ўпрыгожванню першага (зажыначнага) і апошняга (дажыначнага) снапоў.
Фігуры з саломкі — не проста цацкі, а сімвалы-абаронцы. Такіх саламяных фігурак нідзе, акрамя Беларусі, не робяць. Адзін з такіх сімвалаў — саламяны павук. Ці чулі вы што-небудзь пра яго?
Для вырабу павука адбіралі найлепшую салому з апошняга снапа, сабранага з поля. Продкі верылі, што салома захоўвае сілу прыроды і перадае яе гаспадарам дома. У павуціне заблытваецца ўсё негатыўнае, што магло б перашкодзіць шчаслівай плыні сямейнага жыцця.
У канцы года старога павука спальвалі і плялі новага, каб у доме заўсёды панавалі мір і дабрабыт.
Традыцыі саломапляцення не страчаны. Заняткі ім не выклікаюць вялікіх цяжкасцей. У гэтым пераканаліся і дзеці, і педагогі, спасцігаючы сакрэты пляцення саламянага павука.
Майстар народнай творчасці адзначыла, што, на першы погляд просты ў выкананні залацісты павук насамрэч патрабуе шмат часу. Каб зрабіць прыгожага павука, спатрэбіцца ад аднаго да трох месяцаў.
Аляксандра КУЦЭВІЧ,
кіраўнік апорнай пляцоўкі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.