Да нядаўняга часу медыцына такі тэрмін, як холадавая алергія, не прызнавала, бо алергена, які правакаваў бы спецыфічную рэакцыю арганізма, няма. Няма алергена — няма і алергіі. Аднак пры ўздзеянні халоднага паветра ў некаторых асабліва адчувальных людзей адбываецца значны выкід гістаміну, што выклікае рэакцыі, як пры іншых відах алергіі, — развіццё ацёку, расшырэнне сасудаў, пачырваненне і сверб скуры і слізістых. Гэта адказ на зніжэнне тэмпературы цеплавых рэцэптараў скуры.
На пытанне: “Чаму з’яўляецца холадавая алергія?”, медыцына пакуль не дае адказу. Аднак пры наступных фактарах можа ўзнікнуць такі дзіўны від алергіі: калі чалавек рэзка трапляе з асяроддзя з нармальнай тэмпературай у асяроддзе з нізкай; пры кантакце з халоднай вадой; пры спажыванні вельмі халоднай ежы і напіткаў. Алергія на холад нярэдка развіваецца пасля цяжкіх захворванняў і працяглага лячэння антыбіётыкамі.
Да фактараў, якія правакуюць развіццё холадавай алергіі, таксама належыць наяўнасць алергічных рэакцый на іншыя раздражняльнікі; некаторыя інфекцыйныя захворванні (свінка, адзёр, краснуха); захворванні шчытападобнай залозы, анкалагічныя захворванні; наяўнасць хранічных захворванняў (сінусіт, гаймарыт, гельмінтозы, дысбактэрыёз); хваробы скуры (нейрадэрміт, экзэма, псарыяз).
Бываюць выпадкі, калі падобная рэакцыя мае спадчынную прыроду, і часцей за ўсё гэта рэакцыя арганізма на ветранае надвор’е, чым на холад. Сімптомам такой алергіі з’яўляецца пачуццё пякоты, а не сверб скуры.
Самыя распаўсюджаныя праяўленні холадавай алергіі — скурныя. Да іх належаць пачырваненне, ацёк, сверб адкрытых участкаў цела, якія судакраналіся з халодным асяроддзем. Праз некаторы час скура пачынае балець, часацца і можа пакрывацца пухірамі, як пры крапіўніцы. Часцей за ўсё холадавая алергія бывае на твары і на руках, бо гэтыя ўчасткі амаль заўсёды адкрытыя. У дзяцей холадавая алергія можа закранаць нават унутраную паверхню галёнак, сцёгнаў, калені. Сып ружовы, шчыльны, свярбіць, але праходзіць праз некалькі гадзін. Алергічны рыніт — паяўленне насмарку на холадзе, які знікае, як толькі вы вярнуліся ў цёплае памяшканне. Тое самае і з алергічным кан’юктывітам: слёзатачывасць, ацёкі вакол вачэй, набуханне павекаў, нават гіперадчувальнасць да яркага святла, якія знікаюць у цяпле.
Калі ў вас паяўляюцца падобныя сімптомы, у першую чаргу трэба звярнуцца да тэрапеўта і імунолага-алерголага. Пасля комплексу дыягнастычных і лабараторных даследаванняў можна будзе дакладна ўстанавіць прычыну паяўлення алергічных рэакцый. Холадавую алергію, сімптомы якой падобныя да іншых відаў алергічных рэакцый, трэба дыферэнцыраваць ад шэрага іншых захворванняў.
Калі вам паставілі дыягназ “холадавая алергія”, лячэнне можа быць толькі сімптаматычным. Можна толькі пры дапамозе антыгістамінных прэпаратаў крыху зменшыць яе праявы альбо максімальна абараняць адкрытыя ўчасткі цела ад уздзеяння адмоўных тэмператур: перад выхадам на холад змазваць твар, рукі дзецям — дзіцячым крэмам, дарослым — любым тлустым крэмам, вусны змазваць гігіенічнай памадай.
Н.САЙКО,
урач-эпідэміёлаг.