Авітаміноз у дзяцей

Авітаміноз — гэта захворванне, што з’яўляецца вынікам працяглага непаўнацэннага харчавання, у якім адсутнічаюць вітаміны. Трэба мець на ўвазе, што акрамя авітамінозу існуе яшчэ і такое паняцце, як гіпавітаміноз. Гэта значыць, што пэўнага вітаміну недастаткова. Гіпавітаміноз — хваравіты стан, які папярэднічае авітамінозу.

У абсалютнай большасці вясенні гіпавітаміноз выкліканы тым, што:

* садавіна і вітаміны не змяшчаюць па­трэбнай колькасці неабходных вітамінаў з прычыны іх разбурэння падчас доўгага або ня­правільнага захоўвання ў асенне-зімовы перыяд;

* запас вітамінаў і мінералаў, якія павінны падтрымліваць імунную сістэму ў працоўным стане, вычарпаны;

* арганізм аслаблены пасля прастудных захворванняў, перанесеных зімой;

* стрававальная сістэма не засвойвае ў поўным аб’ёме вітаміны з агародніны і садавіны;

* вясной адбываецца перабудова многіх сістэм арганізма, што прыводзіць да неабходнасці большага спажывання вітамінаў.

Звярніце ўвагу на прыметы авітамінозу і гіпавітамінозу ў дзяцей:

* павышаная стамляльнасць дзіцяці — дзіця становіцца вялым, марудлівым, хутка стамляецца, увесь час імкнецца прылегчы;

* парушэнне сну — павышаная санлівасць ці бяссонніца;

* праблемы з дзяснамі, якія часта крываточаць;

* сухасць скуры, высыпанні на скуры, мікратрэшчыны;

* прастудныя захворванні. На жаль, частыя захворванні не звязваюць з недахопам вітаміну С, што прыводзіць да зніжэння работы імуннай сістэмы.

Памятайце і пра тое, што вясной праблема авітамінозу і гіпавітамінозу стаіць асабліва востра, таму іх праяўленні могуць развіцца вельмі хутка. Паклапаціцеся пра прафілактыку своечасова.

Як прадухіліць авітаміноз і гіпавітаміноз:

1. Правільны рацыён харчавання, у якім павінны ў абавязковым парадку змяшчацца:

* малочныя прадукты — павінны складаць не менш за 40% усяго рацыёну харчавання (малако, кефір, ражанка, смятана, ёгурты). У малацэ змяшчаецца вялікая колькасць кальцыю, які спрыяе засваенню ўсіх астатніх вітамінаў;

* бялкі жывёльнага паходжання;

* арэхі, агародніна, садавіна;

* сухафрукты, якія вельмі багатыя на вітамін А і вітаміны групы В. Ды і мінеральных элементаў у іх таксама даволі шмат — гэта і натрый, і фосфар, і магній, і кальцый, і жалеза.

Практычна бясцэннымі крыніцамі ёду для дзіцяці могуць стаць марская капуста і сырыя буракі.

Не варта забываць і пра шыпшыну. У наро­дзе яе называюць “крыніцай вітамінаў”. У шыпшыне змяшчаюцца такія вітаміны, як P, K, E, B2, эфірныя маслы, лімонная і яблычная кіслоты і карацін, а таксама вялікая колькасць незаменнага вітаміну С — у 30 разоў большая, чым у лімоне.

Карысны і сельдэрэй, у якім змяшчаецца вялікая колькасць калію і жалеза.

Сушаныя плады рабіны можна знайсці ў аптэках, хоць гэта і няпроста. У ягадах рабіны змяшчаецца вялікая колькасць караціну — больш, чым у моркве, вітаміны групы В у вялікай колькасці. З рабіны гатуюць чаі і адвары. Звярніце ўвагу: адвар рабіны можна гатавац­ь толькі для дзяцей старэйшых за 7 гадоў. Акрамя таго, не варта даваць адвар рабіны дзецям, якія пакутуюць на захворванні страўнікава-кішачнага тракту.

2. Прагулкі на свежым паветры. Свежае паветра ўмацоўвае імунітэт, а веснавыя сонечныя промні спрыяюць выпрацоўцы вітаміну D. Актыўныя гульні на вуліцы дапамогуць вітамінам і мінералам лепш засвоіцца і ўздымуць настрой малыша, бо назіраць за вясновымі зменамі вакол так цікава для маленькага даследчыка.

3. Рэжым дня. Запомніце: рэжым дня — вельмі важны фактар у стане здароўя дзіцяці. Мала таго, што трэба класціся і ўставаць у адзін і той жа час, дык яшчэ і днём трэба спац­ь мінімум гадзіну. Толькі так арганізм будзе ў стане аднавіць сілы.

4. Вітамінна-мінеральныя комплексы. Прыём вітамінна-мінеральных комплексаў павінен назначаць педыятр, які інфармаваны аб стане здароўя дзіцяці і індывідуальных асаблівасцях яго арганізма.

5. Спорт. Заняткі спортам і актыўны лад жыцця карысныя для любога чалавека, што ўжо казаць пра арганізм, які расце. З малышом можна займацца самастойна: рабіць гімнастыку, шмат часу гуляць на свежым паветры, а можна запісаць яго ў спартыўныя секцыі.

6. Сонца. Сонечныя ванны таксама з’яўляюцца выдатнай прафілактыкай гіпа- і авітамінозу ў дзяцей, паколькі спрыяюць выпрацоўцы вітаміну D і эндарфінаў, якія дораць добры настрой.

Такім чынам, больш прагулак на свежым паветры, правільнае збалансаванае харчаванне, пітны рэжым і паўнацэнны сон — вось залог поспеху ў прадухіленні гіпа- і авітамінозу. І тады ваша дзіця будзе здаровае і вясёлае ў любы час года!

Інга ФЯДОТКАВА,
урач-гігіеніст, загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.