Вырабы ручной работы знаходзяцца зараз на піку папулярнасці. Так званы handmade — гэта выдатная нагода раскрыць свае схаваныя і відавочныя таленты, спосаб правесці вольны час і зняць псіхалагічнае напружанне.
Каб абзавесціся стыльнымі аксесуарамі, неабавязкова наведваць кірмашы дызайнерскіх работ. Стварыць сабе ці ў падарунак арыгінальны выраб можна самастойна, для гэтага не трэба мець спецыяльную адукацыю. І ў вас ніколі не будзе праблем з пошукам бранзалета або завушніц у камплект або ідэі падарунка да дня нараджэння, свята 8 Сакавіка або іншага святочнага дня.
У цяперашні час сталі даступныя разнастайныя матэрыялы і інструменты для такога роду заняткаў, існуюць спецыялізаваныя магазіны. У продажы можна сустрэць самыя разнастайныя бусіны з розных матэрыялаў, фурнітуру на любы густ і мноства іншых дробязей для вашых будучых шэдэўраў.
А галоўнае, уражвае тое, што любая, нават вельмі смелая, ваша фантазія зможа ператварыцца ў рэальнасць. Адчуйце сябе чараўніком!
Майстар-клас
“Завушніцы з пацерак штучнага жэмчугу “Чароўная саната”
Прапаную вам паспрабаваць свае сілы ў вырабе завушніц.
- Для стварэння простых завушніц нам спатрэбяцца: пласкагубцы і кусачкі, пацерачкі па вашым выбары (у нашым выпадку гэта чатыры малыя і дзве вялікія круглыя пацерачкі, дзве маленькія пацерачкі-мнагаграннікі), металічныя асновы для нанізвання — пусеты (пусеты-цвічкі), кроплепадобныя швензы.
- Нанізваем пацерачкі большага памеру на пусет-цвічок.
- Загінаем пусет пад прамым вуглом і закручваем пласкагубцамі пяцельку для замацавання.
- Тое ж самае робім на пацерачках-мнагагранніках і малога памеру, толькі пяцелькі закручваем з абодвух бакоў.
- Злучаем пацерачкі паміж сабой.
- Завушніцы ўжо амаль гатовы. Засталося толькі далучыць падрыхтаваныя пацерачкі да швензаў-кропляў: адгінаем пяцельку, далучаем пацерачкі. Наш шэдэўр гатовы.
Карыстаючыся падобнай тэхнікай, можна стварыць арыгінальны бранзалет або кулон. Такое ўпрыгажэнне абавязкова падкрэсліць жаноцкасць і шарм сваёй уладальніцы.
Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.
Фота аўтара.
Майстар-клас “Крэатыўная брошка”
Матэрыялы і інструменты: рэшткі тонкіх нітак (50% шэрсць, 50% акрыл), вялікія пацерачкі, дробныя пацерачкі, дэкаратыўныя кветкі, 1 вялікая шпілька, нажніцы, пласкагубцы, кусачкі, 2 метры меднага дроту, клей ПВА.
У працэсе:
- Ніткі, складзеныя ў 10 слаёў, нарэзаць даўжынёй каля 50 см (усяго 15 загатовак).
- Медны дрот нарэзаць з дапамогай кусачкаў па метале даўжынёй каля 45 см.
- Медны дрот намазаць клеем ПВА і абматаць ніткай рознай ступені намоткі. Канцы нітак замацаваць клеем ПВА.
- Атрыманую загатоўку з дроту і нітак скруціць у жгут адвольнай формы і памеру.
- Пацерачкі, кветкі прымацаваць да брошкі ў адвольнай форме гарачым клеем.
- Прымацуйце брошку да вялікай шпількі.
Жанна ВОЙТАВА,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра дзіцячай творчасці Мсціслава.