Карысны велікан

Гарбуз — сапраўдны ўладар восені. Упершыню гарбуз людзі сталі вырошчваць у Паўднёвай Амерыцы больш за 8 тысяч гадоў назад, у Еўропе гэтая агародніна з’явілася ў XVI стагоддзі дзякуючы іспанскім мараплаўцам.


Каларыйнасць гарбуза складае 28 ккал на 100 грам прадукту. Да таго ж змяшчаецца 1 грам бялку на 100 грам гарбуза, а значыць, колькасць бялку ў ім большая, чым у перапёлчыных яйках.

Ужыванне адной шклянкі варанага гарбуза з лёгкасцю можа забяспечыць больш за 100% сутачнай патрэбы ў вітаміне A, больш за 10% вітаміну Е, 20% дзённай нормы вітаміну С і больш за 10% калію. Павышанае спажыванне калію зніжае рызыку інсульту, захоўвае мінеральную шчыльнасць касцяной тканкі, абараняе ад страты мышачнай масы і памяншае ўтварэнне камянёў у нырках. Акрамя таго, у гарбузах утрымліваецца вялікая колькасць рыбафлавіну, марганцу, медзі, а таксама не менш за 5% вітаміну В6, фалійнай кіслаты, тыяміну, жалеза, магнію, фосфару і пантатэнавай кіслаты.

Гэтая восеньская агародніна ўтрымлівае ў 5 разоў больш караціну, чым морква, які ў арганізме ператвараецца ў вітамін А. Карацін карысны для здароўя вачэй і як сродак для гаення ран, апёкаў і язваў, зніжае ўзровень халестэрыну. Гарбуз вельмі багаты на каратыноіды, якія вядомы тым, што падтрымліваюць імунную сістэму чалавека, запавольваюць працэс старэння. Гэтак жа ўжыванне гарбуза зніжае артэрыяльны ціск.

Гарбуз — крыніца клятчаткі. Адзін кубак гарбуза змяшчае 3 грамы харчовых валокнаў і толькі 49 калорый, якія забяспечваюць пачуццё насычэння на доўгі час.

Гарбузовае насенне багатае трыптафанам, амінакіслатой, якая дапамагае арганізму выпрацоўваць сератанін, нейрамедыятар, які дапамагае расслабіцца і адпачыць, а таксама павышае настрой.

У “восеньскім уладары” ёсць вітаміны Е і Т, апошні таксама вядомы як тарулітын, які змагаецца з акнэ. Ён выкарыстоўваецца ў шэрагу антыакнэ-прадуктаў ці антыакнэ-масак.

Карысць гарбуза для здароўя практычна бязмежная. Але яго з асцярожнасцю трэба ўжываць людзям з цукровым дыябетам, пераддыябетам, бо глікемічны індэкс у гарбуза складае 75 — гэта высокі паказчык.

Аксана БАЯРКІНА,
урач-эпідэміёлаг Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.