Падзімняя сяўба агароднінных культур

Асноўнае правіла падзімняй сяўбы — правесці ўсе пасадкі ў зручны час. Калі пасеяць рана, калі яшчэ цёпла і тэмпература паветра плюсавая, то нашы азімыя пачнуць прарастаць, а затым з першымі маразамі гэтыя сеянцы проста загінуць. Падзімнія пасадкі трэба праводзіць, калі ўсталюецца халоднае надвор’е з лёгкім устойлівым марозікам і тэмпературай паветра ­2 — ­3оС.

На загадзя падрыхтаваныя градкі трэба высаджваць зімовыя гатункі морквы і холадаўстойлівых буракоў. Для кропу, шпінату і салаты гатункі не маюць значэння. Усё насенне зімовых гатункаў агароднінных культур неабходна сеяць густа і значна глыбей, чым пры вясновым пасеве. А вось аматары духмяных траў пад зімнія пасевы, як правіла, ажыццяўляюць пасадку шалфею і манарды. Лаванду і шалфей на зіму неабходна прыкрыць лапнікам, папярэдне падкараціўшы кусцікі на ўзроўні 20 см ад зямлі. А вось чабор абразаць не трэба. Усе гэтыя расліны на выпадак бясснежнай зімы пажадана прысыпаць 5­сантыметровым пластом кампосту або перагною. Таксама трэба прысыпаць і тыя, што засталіся зімаваць у градцы: пятрушку, сельдэрэй, пастарнак і цыбулю­парэй.

А зараз некалькі слоў пра новазеландскі шпінат.

Вядома, што акрамя звычайнага агароднага шпінату ёсць шпінат новазеландскі, які выдатна расце ў паўцені і на ўгноеных пясчаных глебах. Насенне яго мае цвёрдую, калючую абалонку і заўсёды цяжка прарастае, асабліва пры вясновым пасеве. Пры пасеве пад зіму ўсходы яго з’яўляюцца больш дружна і вырастаюць звычайна кусцікамі. У кожнага кусціка, як правіла, мы пакідаем адзін парастак, астатнія вышчыпваем. Расце новазеландскі шпінат спачатку павольна, затым даволі бурна, займаючы сваімі моцна галінаванымі парасткамі, якія яшчэ і сцелюцца, вялікую плошчу. Таму дачнікі садзяць яго рэдка — прыкладна чатыры расліны на адным квадратным метры і ў невялікай колькасці. Лісце такога шпінату мае патрэбу ў сістэматычнай зрэзцы, бо інакш яно хутка становіцца грубым, а яшчэ і жоўкне.

Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.