Спрэчкі аб неабходнасці і шкодзе паасобнага харчавання не сціхаюць. Але кожны арганізм патрабуе індывідуальнага падыходу. Адно з правіл, якое тычыцца ўсіх, — разнастайнасць у ежы і спажыванне неабходнай колькасці тлушчаў, бялкоў і вугляводаў.
Пераважнай большасці харчавацца рэкамендуецца два разы на дзень для захавання здароўя і для прадухілення такіх распаўсюджаных захворванняў, як інсулінавая і лепцінавая рэзістэнтнасць. Штодзённыя частыя прыёмы ежы забіваюць нашу падстраўнікавую залозу.
Калі ж мэта паасобнага харчавання — пахудзенне, то эксперыментальна даказана, што ўжыванне ў ежу штодня дзвюх вялікіх порцый ежы больш эфектыўнае ў барацьбе з лішняй вагой, чым шмат невялікіх порцый на працягу дня з такой жа колькасцю калорый. Больш за тое, у людзей з двухразовым харчаваннем наладжваецца выпрацоўка інсуліну ў арганізме.
Важна разумець: усё, што ўтрымлівае калорыі, — гэта прыём ежы, нават маленькі яблык. Не рэкамендуецца есці на ноч, бо з дзвюх гадзін ночы ў работу арганізма ўключаецца печань. Галоўным правілам у любым харчаванні з’яўляецца наяўнасць моцнага пачуцця голаду. Таксама карысна абмяжоўваць у рацыёне простыя цукры і салодкую садавіну, удзяляючы больш увагі тлушчам і бялкам.
Вольга ЦІМОХАВА,
фельчар-валеолаг 15-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.