Падкормліваем натуральнымі ўгнаеннямі
Для таго каб вырасціць здаровыя, прыгожыя пакаёвыя расліны, іх трэба падкормліваць, прычым значна часцей, чым можа здавацца на першы погляд. Пажыўных рэчываў, якія знаходзяцца ў глебе, хапае не больш чым на 2 месяцы.
Пра тое, што кветкам патрэбна дапамога, сведчаць наступныя сігналы: расліны не цвітуць, павольна растуць, іх лісце становіцца бледным, на ім з’яўляюцца плямы, што гаворыць пра наяўнасць грыбковых і вірусных захворванняў.
Пажыўныя ўгнаенні лёгка згатаваць самастойна. У якасці сыравіны могуць выкарыстоўвацца:
- бананавая скурка (банан — крыніца вялікай колькасці карысных вітамінаў і мікраэлементаў, такіх як фосфар, калій і магній);
- лупіна граната або цэдра цытрусавых (такая сумесь з’яўляецца выдатнай абаронай ад паразітаў і мурашак);
- цыбульнае шалупінне (настой з цыбульнага шалупіння, замочанага ў вадзе на працягу некалькіх дзён, дае расліне вялікую колькасць пажыўных элементаў, што асабліва актуальна зімой);
- цукар (падкормліваць расліну цукрам вельмі проста: неабходна толькі пасыпаць паверхню грунту невялікай колькасцю цукровага пяску, а затым зверху паліць вадой).
Выкарыстоўваць розныя ўгнаенні для пакаёвых кветак трэба ў меру, бо лішак пажыўных элементаў парушыць раўнамернае развіццё вашых раслін і нават можа стаць прычынай іх гібелі.
Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.