Пакаёвыя кветкі

Падкормліваем натуральнымі ўгнаеннямі

Для таго каб вырасціць здаровыя, прыгожыя пакаёвыя расліны, іх трэба падкормліваць, прычым значна часцей, чым можа здавацца на першы погляд. Пажыўных рэчываў, якія знаходзяцца ў глебе, хапае не больш чым на 2 месяцы.

Пра тое, што кветкам патрэбна дапамога, сведчаць наступныя сігналы: расліны не цвітуць, павольна растуць, іх лісце становіцца бледным, на ім з’яўляюцца плямы, што гаворыць пра наяўнасць грыбковых і вірусных захворванняў.

Пажыўныя ўгнаенні лёгка згатаваць самастойна. У якасці сыравіны могуць выкарыстоўвацца:

  • бананавая скурка (банан — крыніца вялікай колькасці карысных вітамінаў і мікраэлементаў, такіх як фосфар, калій і магній);
  • лупіна граната або цэдра цытрусавых (такая сумесь з’яўляецца выдатнай абаронай ад паразітаў і мурашак);
  • цыбульнае шалупінне (настой з цыбульнага шалупіння, замочанага ў вадзе на працягу некалькіх дзён, дае расліне вялікую колькасць пажыўных элементаў, што асабліва актуальна зімой);
  • цукар (падкормліваць расліну цукрам вельмі проста: неабходна толькі пасыпаць паверхню грунту невялікай колькасцю цукровага пяску, а затым зверху паліць вадой).

Выкарыстоўваць розныя ўгнаенні для пакаёвых кветак трэба ў меру, бо лішак пажыўных элементаў парушыць раўнамернае развіццё вашых раслін і нават можа стаць прычынай іх гібелі.

Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.