Каб атрымаць моцную расаду таматаў з тоўстым сцяблом, добра ўжываць для паліву малочны раствор (як да высадкі яе ў грунт, так і пасля). Такі спосаб паліву расады мы практыкуем ужо некалькі гадоў, і вынік радуе.
На шклянку вады спатрэбіцца сталовая лыжка малака. Пладам у такім выпадку не будзе страшная фітафтора. І свежыя таматы ў нас захоўваюцца значна даўжэй, чым тыя, што мы раней палівалі проста вадой.
Падкормку малаком мы звычайна пачынаем пры з’яўленні ў раслін першых 2 лістоў. Для гэтага выкарыстоўваем абястлушчаны прадукт і разводзім яго ў суадносінах 100 г на 1 л вады. Такі раствор лепш за ўсё зрабіць звечара, каб ён настаяўся на працягу ночы. Яго можна выкарыстоўваць як для апырсквання расады, так і для паліву яе пад корань.
Гэты спосаб падкорму добры тым, што не пагражае перадазіроўкай. Трэба сачыць толькі за вільготнасцю глебы, бо празмернае ўвільгатненне можа прывесці да выцягвання расады. Акрамя таго, расліны ў такім выпадку атрымліваюць збалансаванае харчаванне.
Паліў малочнай сумессю дапамагае змагацца з грыбковымі захворваннямі таматаў. Для гэтага больш эфектыўнае хатняе сырое абястлушчанае малако, але і малако з магазіна таксама спрыяе добраму развіццю таматаў.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.