Паколькі кастрычнік у гэтым годзе даволі цёплы, зімовы часнок не позна будзе пасадзіць да канца кастрычніка або за 2—3 тыдні да наступлення ўстойлівых халадоў. Галоўнае — падрыхтаваць лепшыя зубкі для пасадкі.
Высаджваем часнок у позні час па той жа тэхналогіі, што і ў пачатку кастрычніка, магчыма толькі зубкі часнаку пасадзіць крыху глыбей (на 1—2 см). Пасля пасадкі граду абавязкова трэба замульчыраваць сухім кампостам або торфам слоем у 3—5 см. Зверху мульчы накрываем градку галінкамі або бацвіннем для затрымання першага снегу.
А яшчэ я вам падкажу, што можна вырошчваць часнок нават у газеце. Для гэтага бяром стос непатрэбных газет і кожную змочваем у вадзе, затым адціскаем і акуратна раскладваем на градзе, дзе будзе расці часнок. Трэба пакласці на градзе 3—4 слоі газет, затым вялікім нажом зрабіць адтуліны, у якія пасадзіць зубкі часнаку. Зверху прысыпаць апалай лістотай ці торфам, можна парашком кампосту зверху лістоты. Побач, на іншай градзе, для параўнання пасадзім часнок як звычайна. Вясной можна ўбачыць, што першым зазелянее часнок, які расце ў газетах. У сваім развіцці ён будзе апярэджваць часнок, пасаджаны традыцыйным спосабам. Лісце і галоўкі часнаку, пасаджанага ў газетах, вырастуць буйнейшымі і мацнейшымі. Газеты выконваюць тры функцыі: бясснежнай зімой абараняюць зубкі часнаку ад маразоў, а летам не даюць расці пустазеллю на градзе і захоўваюць неабходную нашым пасадкам вільгаць.
Яўген САЛАНОВІЧ,
дачнік са шматгадовым вопытам.