Пчаліны хлеб

Пярга (“пчаліны хлеб”) — прадукт жыццядзейнасці пчалінай сям’і, які валодае гаючымі ўласцівасцямі. Яго вырабляюць пчолы з кветкавага пылку для выкормлівання расплоду (патомства) у веснавы перыяд.

Падчас гатавання “пчалінага хлеба” адбываецца прарошчванне пылку і ўтварэнне вітаміну Е — працэс, які ў лабараторных умовах узнавіць не могуць да гэтага часу. Такім чынам пчолы атрымліваюць выключны па сваёй біялагічнай каштоўнасці корм: з’ядаючы яго, лічынкі насякомых літаральна за трое сутак павялічваюць сваю масу ў 1500 разоў. Акрамя сваіх стымулюючых якасцей, пярга выкарыстоўваецца пры лячэнні шэрага паталагічных станаў у людзей.

У залежнасці ад спосабу атрымання адрозніваюць 3 асноўныя віды “пчалінага хлеба”:

у сотах — найбольш натуральны, паколькі ў такім выглядзе ён знаходзіцца ў вуллі. Канцэнтрацыя “пчалінага хлеба” ў гэтым выпадку складае 50—60%. Адным з недахопаў з’яўляецца яго схільнасць да плесні (у прадукце прысутнічаюць рэшткі коканаў і вільгаць);

пярговая паста — перамолатыя соты з пяргой і колькасцю мёду да 30%. Канцэнтрацыя пяргі складае прыкладна 30—40%. Паста добра захоўваецца, але дакладную колькасць “пчалінага хлеба” ў ёй вызначыць праблематычна;

чыстая пярга — гранулы, здабытыя з сот і высушаныя. Гэты від уяўляе сабой чысты прадукт, ён добра захоўваецца і не змяшчае пабочных прымесей.

Карысныя ўласцівасці “пчалінага хлеба”

Пярга змяшчае 16 амінакіслот (аспарагінавую, глютамінавую, лейцын, ізалейцын, тыразін, гліцын і інш.); 13 тлустых кіслот (Амега-3, Амега-6, пальміцінавую, алеінавую, мірысцінавую і інш.); вітаміны Е, С, D, К, Р, В1, В2; мінералы жалеза, ёд, кобальт, калій, магній, цынк, фосфар, марганец, медзь, хром; глюкозу і фруктозу; караціноіды; гармонападобныя рэчывы; ферменты.

Пярга аказвае спрыяльнае ўздзеянне на арганізм:

павышае імунітэт, здымае запаленні, знішчае шкодныя мікраарганізмы;

паскарае метабалізм, аднаўляе энергабаланс, танізуе і стымулюе мазгавы кровазварот, нармалізуе работу нервовай сістэмы;

рэгулюе ўзровень халестэрыну і цукру;

аптымізуе гарманальны фон і баланс эндакрыннай сістэмы;

паляпшае рэпрадуктыўную функцыю мужчын і жанчын;

паскарае рэгенерацыю клетак і анабалізм, запавольвае працэс старэння арганізма;

прадухіляе ўтварэнне пухлін;

аказвае антыгістаміннае дзеянне, паляпшае страваванне.

Немалаважнай вартасцю “пчалінага хлеба” з’яўляецца яго здольнасць радзей за іншыя прадукты пчалярства выклікаць алергію, таму пяргу можна ўжываць як дарослым, так і дзецям.

Прымяненне пяргі эфектыўна ў комплекснай тэрапіі пры аднаўленчым лячэнні пасля інфаркту ці інсульту, у якасці прафілактыкі пажылым людзям, цяжарным жанчынам і дзецям, а таксама ў складзе мер па лячэнні алкагалізму ці наркаманіі.

Для лепшага дзеяння пяргі неабходна правільнае яе ўжываць — месячнымі курсамі з перапынкам у 1—4 тыдні. Пярга дае добры вынік, калі яе проста рассмоктваць. Заліваць прадукт кіпенем, запіваць гарачым чаем ці глытаць пчаляры не раяць.

Штодзённая доза грануляванай пяргі залежыць ад узросту:

малышам да 6 гадоў нельга ўжываць больш за 1/4 ч.л.;

дзецям ва ўзросце 7—9 гадоў рэкамендуецца рассмоктваць 1/3 ч.л.;

дзецям 10—11 гадоў — па 1/4 ч.л.;

дарослым для прафілактыкі захворванняў — 1,5—2 ч.л.

Калі пярга выкарыстоўваецца для лячэння ўжо наяўных захворванняў, доза падбіраецца індывідуальна пасля кансультацыі з урачом.

Для жанчын пярга з яе высокай колькасцю вітамінаў Е і С, рыбафлавіну, фоліевай кіслаты, рэцінолу з’яўляецца выдатным касметычным сродкам, што валодае амаладжальным эфектам, які спрыяе падтрыманню здароўя скуры і валасоў, у тым ліку ў складзе масак.

Не варта забываць, што ў пяргі ёсць і супрацьпаказанні. З асцярожнасцю яе трэба ўжываць людзям з анкалагічнымі паталогіямі, міёмай маткі, базедавай хваробай, павышанай узбудлівасцю, а таксама індывідуальнай непераноснасцю і некаторымі іншымі захворваннямі. Любое самалячэнне ў такіх выпадках можа справакаваць пагаршэнне стану, таму перад ужываннем пяргі варта пракансультавацца з урачом.

Кацярына СУХАВЕР,
загадчык аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.