Самы час жыць

Памятаеце казку Пушкіна?..

                “Жил старик со своею старухой

                У самого синего моря;

                Они жили в ветхой землянке

                Ровно тридцать лет и три года…”

Вядома, што ў пушкінскія часы людзі жаніліся даволі рана, а таму можна меркаваць, што старому з вядомай казкі было крыху больш за 50.

У наш век 50-гадовыя мужчыны ніяк не выглядаюць на дзядкоў (хіба толькі не зводзяць сябе алкаголем і іншымі згубнымі звычкамі). І нават калі яны ўжо “не ў самым росквіце сіл”, старасць — гэта таксама не пра іх. Ды і павелічэнне пенсіённага ўзросту можна разглядаць як амаладжальную працэдуру: перыяд актыўнасці падаўжаецца, старэнне адкладваецца.

А зрэшты, што думаюць пра свой узрост самі мужчыны?


Каардынатар ініцыятывы “Самы час!” Андрэй Язерын.

Міжнароднае агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў (MASMI) па запыце сацыяльна-інфармацыйнай установы “Гарадское развіццё” ў рамках рэалізацыі ініцыятывы “Самы час!” правяло цікавае даследаванне. У ім прынялі ўдзел мужчыны — жыхары Маладзечна ва ўзросце 45 гадоў і старэйшыя. Яны расказалі пра свой лад жыцця, звычкі, успрыманне здароўя і бар’еры ў рэалізацыі розных форм актыўнасці. Мэта даследавання — вывучэнне мадэлей паводзін мужчын ва ўзросце 45+, звязаных з тэмай здароўя.

Найбольш цікавыя вынікі, якія сведчаць пра агульны настрой мужчын згаданай узроставай катэгорыі, агучыў падчас семінара ў Маладзечне каардынатар ініцыятывы “Самы час!” Андрэй Язерын.

Стыль жыцця

Так, удзельнікі даследавання прывыклі весці мерны лад жыцця: дом — работа — дом. Вялікую ўвагу ўдзяляюць сям’і і дамашнім абавязкам. Іх вольны час (па-за працоўным месцам) непарыўна звязаны з хатнімі справамі: дробны рамонт, дапамога бацькам, дзецям, час з унукамі, у выхадныя дні — шчыраванне на лецішчы.

Многія адзначаюць недахоп сапраўднага вольнага часу, калі не трэба нічога рабіць і нікому дапамагаць. У такія хвіліны ўдзельнікі даследавання аддаюць перавагу хобі (рыбалка, паляванне, сустрэчы з сябрамі, камп’ютарныя гульні, чытанне кніг, газет, кулінарыя), значна ра­дзей — актыўным заняткам (спорт, веласіпед, басейн).

У псіхалагічным плане не хапае магчымасці расслабіцца, адысці ад пастаяннага адчування адказнасці, неабходнасці быць уключаным у побытавыя сямейныя працэсы. “Мужчына абавязаны ўсім”.

Успрыманне жыцця

Негатыўным ва ўспрыманні мужчын з’яўляецца вызначэнне жыцця для сябе — гэта ўяўляецца як крайняя ступень эгаізму. Жыць для сябе — значыць быць зацікаўленым толькі ў атрыманні асабістага задавальнення. Тут на першы план выходзіць стэрэатып аб паспяховасці, правільнасці і прыняцці мужчыны як адказнага сем’яніна, здабытчыка і абаронцы.

“Я пераасэнсаваў сваё жыццё. Зразумеў, што трэба цішэй, не так бегчы, думаць пра адпачынак і трошкі для сябе пажыць. Трэба час адводзіць на гэта”, — сказаў адзін з удзельнікаў даследавання.

Ініцыятыва “Самы час!” рэалізоўваецца ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Як адзначаецца, у свядомасці значнай часткі беларусаў, асабліва ў рэгіёнах, дзейнічае састарэлая мадэль паводзін: пасля 45 гадоў мужчыны пачынаюць рыхтавацца да пенсіі, істотна збаўляюць актыў­насць, перастаюць ставіць амбіцыйныя мэты. Такая мадэль зніжае матывацыю і імкненне людзей да самаразвіцця, фактычна штурхае іх да дэградацыі. Гэта негатыўна ўплывае на здароўе і вядзе да зніжэння якасці жыцця.

Мэта ініцыятывы “Самы час!” — павысіць матывацыю мужчынскага насельніцтва Мінскай вобласці ва ўзросце 45+ весці актыўны лад жыцця і захоўваць здароўе шляхам прасоўвання сучаснай мадэлі актыўнага даўгалецця.

Мары і планы

Мужчыны 45+ адзначаюць, што мара — гэта для маладых, калі ёсць вялікі рэсурс часу наперадзе. У да­дзеным узросце мары і імкненні калі і з’яўляюцца, то падвяргаюцца ўнутранай крытыцы і ацэнцы з пазіцыі эканамічных, часавых магчымасцей. Унутраныя імкненні і жаданні душацца фактычнай немагчымасцю выканання.

Удзельнікі даследавання адзначаюць, што “марыць (хацець) стала ляніва”, хочацца спакою.

Андрэй Язерын паведаміў, што прыкладамі жаданняў мужчын 45+ з’яўляюцца:

  • здароўе асабістае, а таксама сваякоў і блізкіх людзей;
  • адчуванне стабільнасці, спакою, упэўненасці ў заўтрашнім дні;
  • атрыманне паспяховых вынікаў жыцця — ацэнка сябе праз дабрабыт сям’і, паспяховасць дзяцей;
  • з’яўленне “радавога гнязда”, аднаўленне бацькоўскага дома.

Крытычна важным для людзей пасля выхаду на пенсію з’яўляецца адчуванне непатрэбнасці, адхіленасці ад жыцця.

Імкненне да навучання

Згодна з меркаваннем удзельнікаў даследавання, чалавек павінен развівацца праз навучанне і пазнанне новага. Пры гэтым не назіраецца імкнення навучыцца чаму-небудзь глабальна (новая прафесія, атрыманне навыкаў з нуля). Адукацыя носіць пераважна побытавы характар, як спосаб прыстасавацца да новай рэальнасці. Навучанне не ўспрымаецца як здзяйсненне, дасягненне, пашырэнне гарызонтаў. Ёсць жаданне вывучаць замежныя мовы (для выезду за мяжу), гаджэты, засвойваць тэхнічныя або побытавыя навыкі (пры будаўніцтве дома, аздабленні), атрымаць новую катэгорыю вадзіцельскага пасведчання.

Здароўе

Як паведаміў Андрэй Язерын, практычна ўсе ўдзельнікі даследавання адзначаюць наяўнасць хранічных, цяжкіх захворванняў. Існуе ўяўленне, што ў згаданым узросце чалавек не можа быць здаровым. Асноўным паказчыкам здароўя з’яўляецца адсутнасць вострых, крызісных станаў.

Мужчыны не схільны звяртацца па дапамогу ў медыцынскія ўстано­вы з-за ўяўленняў пра нізкую квалі­фікацыю супрацоўнікаў дзяржаўных устаноў і высокі кошт паслуг прыватных медыцынскіх цэнтраў. Таксама выяўлена, што мужчынам сорамна ўдзяляць залішнюю ўвагу здароўю. Клопат пра сябе расцэньваецца імі як праяўленне эгаізму.

Актыўнасць

Удзельнікі даследавання адзначаюць, што з узростам цяжэй знаходзіць матывацыю да актыўнасці.

Бар’еры для актыўнага ладу жыцця: фізічны стан (хваробы, нядужасць), лянота, недахоп сродкаў (як асабістых фінансавых, так і фактычных месцаў у горадзе, цікавых мерапрыемстваў), нежаданне пакідаць зону камфорту. Ёсць меркаванне, што чалавек актыўны, захоплены можа ўспрымацца як дзівак. Усе павінны быць аднолькавымі, і ва ўзросце 45+ актыўнасць павінна зніжацца.

Эксперты сцвярджаюць, што працягласць жыцця мужчын наўпрост залежыць ад таго, як яны прайшлі жыццёвы шлях ад 40 да 60 гадоў.

“Мы будзем жыць такім сваім усярэдненым жыццём. Гэта наш штамп. Гэта наша лінія паводзін. Мы выраслі ў гэтым”, — словы аднаго з удзельнікаў даследавання.


Ініцыятыва “Самы час!” мае намер разбурыць стэрэатыпы і ў канцы жніўня плануе правесці ў Маладзечне фестываль “Здароўе і даўгалецце мужчын 45+”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі семінара.