Дзе ставім коску?
Што такое “цюбінг”? Тэрмін паходзіць ад англійскага слова “труба” і азначае “катанне на надзіманых санках па снезе або вадзе”. Іх яшчэ называюць ватрушкамі, абаранкамі або табаганамі. Цюбінг — выдатная зімовая (ды і летняя) забава.
Прызнаныя плюсы санак-цюбінга:
• камера змякчае ўдары пры спуску;
• ручкі гарантуюць бяспеку;
• цягнуць угору цюбінг лягчэй, чым жалезныя санкі;
• дэталі мацуюцца ніткамі, а не клеем.
АЛЕ! Катанне на цюбінгах з’яўляецца адной з самых траўманебяспечных забаў!
Пры ўсіх сваіх плюсах цюбінг мае і важкія мінусы:
• высокая хуткасць спуску;
• адсутнасць тармазоў;
• немагчымасць кіраваць ходам руху.
Чым вышэйшая хуткасць, тым большая сіла ўдару пры сутыкненні. Калі горка высокая, а наезнік цяжкі, рызыка траўмы вырастае ў некалькі разоў. Выкарыстоўвайце дзіцячыя цюбінгі на невысокіх горках без перашкод! Навучыце дзіця падаць правільна, і лепш, калі гэта зробяць спецыялісты спартыўных секцый дзюдо або самба.
Правілы бяспечнага катання на цюбінгах
- Пры занятках зімовымі відамі спорту выкарыстоўвайце ахоўныя сродкі: налакотнікі, накаленнікі, шлемы.
- Выбірайце для катання абсталяваныя схілы, якія ўяўляюць сабой жолаб, дзе верагоднасць вылецець з трасы мінімальная, дзе ўхіл складае не больш за 20 градусаў, няма дрэў, ям, купін, кустоў і камянёў на шляху. Унізе схілу не павінна быць вадаёма ці праезнай часткі, і важна, каб было дастаткова месца для тармажэння.
- Цюбінг развівае вялікую хуткасць, таму старайцеся трымаць навакольных у сваім полі зроку. Перад пачаткам спуску пераканайцеся, што перад вамі нікога няма, асабліва дзяцей. Пры спуску прытрымлівайцеся чарговасці і вытрымлівайце дыстанцыю: не менш за 50 метраў або 20 секунд паміж спускам папярэдняга цюбінга і вашым.
- Забараняецца катацца на цюбінгах у стане алкагольнага ап’янення, прывязваць цюбінгі да аўтамабіля, снегаката або іншага транспартнага сродку, а таксама прымацоўваць цюбінгі “паравозікам”: яны могуць перавярнуцца.
- Катацца на санках-ватрушках неабходна седзячы. Забараняецца катацца на цюбінгах стоячы, лежачы або скачучы, як на батуце, з трамплінаў, стаяць спінай да схілу гары.
- Небяспечна садзіцца на цюбінг удваіх (асабліва з дзіцем), бо з яго можна вылецець: немагчыма кантраляваць сітуацыю, калі адной рукой даводзіцца трымаць дзіця, а другой цюбінг.
- Не варта перагружаць цюбінг. У інструкцыі да спортінвентару ўказана дапушчальная для кожнай мадэлі нагрузка. Выкарыстоўвайце варыянт, які падыходзіць вам па памеры, звярніце ўвагу і на ўзроставыя рамкі.
- Не адпускайце маленькіх дзяцей катацца адных.
- У працэсе катання трымайцеся за рамяні, размешчаныя па баках цюбінга.
- Каб пазбегнуць траўм падчас спуску, не тармазіце нагамі.
- Пасля заканчэння спуску неадкладна пакіньце зону катання. Пры спыненні або падзенні паспрабуйце як мага хутчэй сысці з трасы, бо ёсць верагоднасць, што вас саб’юць.
- Каб пазбегнуць сутыкнення з цюбінгамі, якія спускаюцца, пад’ём на гару ажыццяўляйце на бяспечнай ад спуску адлегласці.
- Калі вы напампоўвалі цюбінг на холадзе, то ў цёплым памяшканні або салоне аўтамабіля выпусціце частку паветра з камеры. У цяпле паветра пачне пашырацца і камера можа лопнуць, калі ватрушка была моцна надзьмута халодным паветрам.
Як падабраць цюбінг
- Улічвайце рост таго, хто будзе на ім катацца:
да 100 см — памер цюбінга да 85 см,
рост да 140 см — памер цюбінга 95 см,
рост да 175 см — памер цюбінга 110 см,
рост да 200 см — памер цюбінга 125 см,
рост больш за 200 см — можна выкарыстоўваць цюбінгі 125 см.
Пры катанні ногі павінны злёгку дакранацца да зямлі. - Для катання дзяцей абавязковая наяўнасць вяроўкі (буксіровачнага стропа) — каля 1,5 метра ў даўжыню. Гэта дапаможа бацькам рэгуляваць хуткасць руху цюбінга.
- Немалаважны спосаб мацавання вяроўкі да корпуса санак. Больш надзейным стане строп, прывязаны да ручкі. Калі вяроўка прышыта непасрэдна да ватрушкі, пераканайцеся, што месца фіксацыі добра ўзмоцнена.
- Падбіраючы ватрушкі, звярніце ўвагу на надзейнасць і бяспеку ручак. Непажадана, каб яны былі прышытыя да тканіны абалонкі. Такія прыстасаванні могуць адарвацца і стаць прычынай траўм у дзіцяці. Ідэальным варыянтам з’яўляюцца ручкі, цалкам адлітыя з ПВХ. Той, хто сядзіць у сярэдзіне цюбінга, павінен свабодна да іх дацягвацца. Гэта дазволіць яму трымацца ў працэсе катання.
- Верхняя частка цюбінга часцей за ўсё выраблена з ПВХ, аднак для дзяцей, якія не дасягнулі 6 гадоў, варта выбіраць санкі, якія маюць камбінаванае пакрыццё. Такія мадэлі забяспечаныя мяккай, няслізкай абіўкай з тканіны. Гэтая дазваляе ўтрымлівацца ў ватрушцы пры высокай хуткасці.
- Рэкамендуецца аддаваць перавагу вырабам з маланкамі, якія закрываюць адтуліны для камеры. Шнуроўка не такая практычная і можа развязацца, а ліпучка нярэдка забіваецца снегам.
Інга ФЯДОТКАВА,
урач-гігіеніст, загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.