Усё пра каву

Кухня, раніца. На стале дыміцца кубачак духмянай кавы… Знаёмая карціна? Па статыстыцы 90% дарослага насельніцтва краіны пачынаюць сваю раніцу з гэтага напою, а потым працягваюць піць каву на працягу ўсяго працоўнага дня.

Кава мае складаны і ўнікальны склад: у сырых зернях налічваецца каля 2000 кампанентаў. У асноўным зялёнае кававае зерне складаецца з клятчаткі, вады і кававых алеяў. Астатніх 25% — кафеін, бялок, мінеральныя солі, антыаксідант хлоргенавая кіслата (фарміруе даўкі смак кавы) і алкалоід аўтрыганелін (пры абсмажванні стварае ўнікальны водар).

Кава мае шэраг станоўчых уласцівасцей.

Так, падбадзёрлівы эфект дасягаецца за кошт здольнасці кафеіну стымуляваць адразу некалькі сістэм арганізма: цэнтральную нервовую, сэрца, усе органы, якія складаюцца з гладкіх мышцаў  (крывяносныя сасуды, дыхальныя шляхі, абалонку кішэчніка), шкілетную мускулатуру.

Таксама назіраецца паляпшэнне разумовай і фізічнай дзейнасці. У даследаваннях было паказана, што кафеін скарачае час рэакцый, паляпшае кагнітыўныя здольнасці, часова памяншае стому. (Усе гэтыя ўласцівасці праяўляюцца, калі кава п’ецца ў правільных, умераных дозах).

Адна з самых карысных уласцівасцей кавы заключаецца ў тым, што яна аказвае прамое расслабляльнае дзеянне на сасудзістую сценку, што прыводзіць да пашырэння крывяносных сасудаў амаль ва ўсім целе. Гэта паляпшае сілкаванне сэрца, нырак і іншых унутраных органаў, дзякуючы чаму яны пачынаюць больш эфектыўна выконваць свае функцыі.

Што да артэрыяльнага ціску, то варта развеяць міф: кава практычна не ўплывае на яго ўзровень. Аднак у людзей з першапачаткова нізкім ціскам ужыванне напою з кававых зерняў павышае яго да нармальных значэнняў.

Кафеін і кіслоты (хлорагенавая, яблычная, лімонная і інш.) паляпшаюць сакрэцыю страўнікавага соку і ўзмацняюць перыстальтыку кішэчніка.

Сярод іншых карысных уласцівасцей напою, згатаванага з кававага зерня, варта адзначыць перашкоду ўтварэнню тромбаў за кошт зніжэння агрэгацыі трамбацытаў; зніжэнне выяўленасці алергічных рэакцый за кошт памяншэння вызвалення гістаміну; паляпшэнне расшчаплення тлушчаў; больш эфектыўны абменны працэс у мышцах. Акрамя таго, кава змяшчае антыаксіданты, якія выво­дзяць з арганізма свабодныя радыкалы, што спрыяюць старэнню арганізма. Ёсць даследаванні, якія даказваюць, што сапраўдная натуральная кава памяншае верагоднасць развіцця рака тоўстай кішкі, стымулюе дзейнасць стрававальнага тракту.

Нягледзячы на вялікі спіс карысных уласцівасцей дадзенага напою, празмернае яго ўжыванне нясе адмоўныя эфекты.

1. У вялікіх дозах кава аказвае супрацьлеглы эфект на нервовую сістэму — замест стымуляцыі прыгнятае разумовую і фізічную актыўнасць.

2. Напой з кававых зерняў можа павышаць узровень халестэрыну нізкай шчыльнасці ў крыві.

3. Кава зніжае ўсмоктвальнасць кальцыю і іншых мікра- і макраэлементаў, а таксама вітамінаў, працяглы дэфіцыт якіх можа прыводзіць да пагаршэння стану касцей і іншых органаў чалавека.

Піце каву ўмерана — і тады вы зможаце максімальна скарыстацца яе карыснымі ўласцівасцямі без шкоды для здароўя.

Як жа правільна гатаваць каву дома?

Першы крок — выбар кавы

Смак кававага зерня залежыць ад вельмі многіх фактараў: месца вырастання, ступені абсмажвання, спалучэння гатункаў (калі гэта сумесь) і, вядома, умоў захоўвання.

Запамінаем

Правільная кава прадаецца ў непразрыстай упакоўцы з дэгазацыйным клапанам (ён выво­дзіць вонкі вуглякіслы газ і не дае кіслароду пранікаць унутр). Пасля абсмажвання кава на працягу сутак вылучае некалькі літраў вуглякіслага газу. Калі вы бачыце ў краме ўпакоўку без такога клапана, значыць, кава была запакавана не адразу пасля абсмажвання, нейкі час ляжала на дэгазацыі і значна страціла ў сваім смаку.

Чым бліжэй дата абсмажвання да сённяшняй даты, тым лепш. У ідэале — не пазней як два тыдні, але гэта цяжка дасягальна нават для магазінаў, якія спецыялізуюцца на продажы толькі кавы і чаю.

Лепш за ўсё купляць каву ў зернях, для гэтага ёсць некалькі прычын:

— выключэнне пабочных прымешак (цыкорый, солад, ячмень, жыта);

— максімальнае раскрыццё водару зерня;

— самастойная ацэнка якасці самога зерня (аднолькавыя памер, форма і тэкстура).

Другі крок — выбар вады

У гатаванні кавы вада можа быць як галоўным памочнікам, так і сур’ёзнай перашкодай у дасягненні ідэальнага смаку, бо смакавыя і араматычныя якасці зваранай кавы напрамую залежаць ад складу выкарыстанай вады. Магчыма, якасць вады ў вашым горадзе/раёне цалкам нармальная для кіпячэння і прыгатавання кавы. Але калі вам здаецца, што смак скажоны, неабходна выкарыстоўваць бутыляваную або фільтраваную ваду.

Трэці крок — памол

Правільная вада добра растварае кававыя рэчывы, але яна мае патрэбу ў дапамозе — раскрыцці зерня. Раскрыццё зерня ажыццяўляецца шляхам яго драбнення, г. зн. памолу.

Нам вельмі важна падабраць правільны памол, бо занадта дробны памол можа прывесці да залішне інтэнсіўнага смаку, а буйны, наадварот, да слаба выяўленага. Пры выбары памолу неабходна памятаць простую ісціну — тонкасць памолу не мяняе набор рэчываў, які здабываецца з кавы, яна мяняе толькі час, калі гэтыя рэчывы могуць быць атрыманы (чым танчэйшы памол, тым менш часу для экстракцыі кавы неабходна).

Адрозніваюць 5 асноўных ступеняў памолу кавы:

• звыштонкі памол (pulverized, або “у пыл”) — здробленая кава нагадвае молатую карыцу;

• тонкі (finegrind) — як груба змолатая цукровая пудра;

• сярэдні (mediumgrind) — як цукар;

• грубы (coursegrind, буйны) — як марская соль.

Чацвёрты крок — спажыванне?

Працягласць жыцця крэмавай пенкі зале­жыць ад якасці кававага зерня, ступені абсмажвання, колькасці двухвокісу вугляроду, ступені і раўнамернасці экстракцыі, шырыні ёмістасці і г. д. Мы раілі б выпіваць правільна згатаваны эспрэса не больш, чым за 45—60 секунд.

Працягласць жыцця малочнай эмульсіі зале­жыць ад тлустасці малака і ўтрымання ў ім бялкоў, тэмпературы, на якой спыніўся нагрэў, раўнамернасці эмульсіі, свежасці і іншых фактараў. Правільна згатаваны кавава-малочны напой варта выпіць як мага хутчэй, на працягу 1—2 хвілін.

Марыя ЛАПАЦІК,
урач-інтэрн санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.