Наступленню вясны, цёпламу надвор’ю і квітнеючым раслінам радуюцца далёка не ўсе. А прычына — вясновая алергія, якая інакш называецца паліноз. Гэта алергія на квітнеючыя расліны і травы, а таксама на некаторыя віды грыбоў. Вядома больш за сто розных раслін, пылок якіх можа выклікаць у людзей алергію ў перыяд цвіцення.
Сам па сабе пылок бяспечны, але ў некаторых людзей імунная сістэма па памылцы пачынае атакаваць часцінкі пылку, якія трапілі ў арганізм. Ад гэтага пакутуюць у асноўным вочы і нос, бо іх паверхні вельмі адчувальныя і не абароненыя.
Сезонныя алергічныя рэакцыі могуць з’яўляцца ў людзей, якія пакутуюць ад пылку дрэў, дзесьці з сярэдзіны красавіка да канца мая або да пачатку чэрвеня; з пачатку лета да сярэдзіны ліпеня; далей эстафету ўжо прымаюць складанакветныя травы — з сярэдзіны ліпеня і практычна да першага снегу. Звязана такая перыёдыка з тым, што пыленне розных раслін мае строга вызначаныя тэрміны. Канцэнтрацыя алергенаў у паветры не залежыць ад часу сутак, мае значэнне сам перыяд цвіцення. Алергенным можа быць пылок нейкай адной расліны ці адразу некалькіх. Адзін з самых моцных алергенаў у нашых шыротах — бяроза. Таксама паліноз пачынаецца з-за клёна, дуба, елкі, граба, бука, вяза, пустазельных траў, злакаў, напрыклад цімафееўкі. Насуперак распаўсюджанаму меркаванню, тапаліны пух не алерген, затое ён збірае на сабе пылок іншых раслін і часціцы бруду з паветра.
Часцей за ўсё пры сезоннай алергіі хворыя чхаюць, у іх ацякае нос, пачынаецца насмарк, вочы чырванеюць і слязяцца. З-за гэтага паліноз часам блытаюць з прастудай, асабліва калі раней яго не было. У цяжкіх выпадках людзі яшчэ і задыхаюцца, як пры астме, у іх ацякае твар або іншыя часткі цела, баліць галава, падымаецца тэмпература, а на скуры праступаюць чырвоныя плямы. Таму важна ўмець правільна дыягнаставаць паліноз і своечасова пачаць прыём антыгістамінных прэпаратаў.
Праявы палінозу залежаць ад канцэнтрацыі пылку ў паветры: сімптомы максімальна выяўлены ў сухое, ветранае надвор’е, калі канцэнтрацыя пылку дасягае свайго піку, а пасля дажджу, у сырое, зацішнае надвор’е яны слабеюць.
Адметныя прыметы алергіі:
· нармальная тэмпература цела;
· раніцай стан горшы, чым вечарам;
· сімптомы ўзмацняюцца на вуліцы, а дома слабеюць;
· стан значна паляпшаецца ў дажджлівы дзень;
· недамаганне доўжыцца больш за 7 дзён.
Як падрыхтавацца да сезона алергіі
· Прайсці спецыфічную імунатэрапію.
Гэтую працэдуру больш эфектыўна праводзіць восенню, калі расліны адцвітуць, і паўтараць яе рэгулярна. Урачы выяўляюць алерген і ўводзяць яго невялікія дозы ў арганізм чалавека, каб той прывыкаў да яго і востра не рэагаваў у далейшым.
· Прымаць вітаміны.
Вітаміны В, С, Е памяншаюць рызыку ўзнікнення алергіі, змякчаюць алергічную рэакцыю арганізма і ўмацоўваюць імунітэт. Пачынаць піць вітаміны пажадана да наступлення сезона алергіі і не спыняць да таго часу, пакуль расліны не перастануць цвісці.
· Прытрымлівацца гіпаалергеннай дыеты.
Часцей за ўсё алергікі рэагуюць на ежу, якая мае падобныя характарыстыкі з пылковымі алергенамі. Каб пазбавіцца ад рызыкі ўзнікнення непрыемных сімптомаў, важна сачыць за харчаваннем і прытрымлівацца гіпаалергеннай дыеты, асабліва ў перыяд абвастрэння.
· Пазбягаць псіхаэмацыянальных і цяжкіх фізічных нагрузак.
Метады барацьбы з алергіяй
Пазбягаць кантакту з алергенам
· Неабходна ведаць каляндар цвіцення раслін для своечасовага прыняцця мер і пачатку сезонных мерапрыемстваў.
· У сухія ветраныя дні па магчымасці заставацца дома.
· Насіць медыцынскую маску (спецыяльны рэспіратар) і ахоўныя акуляры.
· Не адкрываць вокны ў машыне.
· У час самаізаляцыі карыстацца кандыцыянерам і ўвільгатняльнікам паветра. Рэгулярнае праветрыванне памяшкання павялічвае канцэнтрацыю пылку ў паветры, выклікаючы тыя ж сімптомы, што часцей з’яўляліся на вуліцы.
Прымаць лекі
· За тыдзень да пачатку цвіцення трэба пачаць прымаць антыгістамінныя прэпараты.
· Карыстацца спрэем для носа і кроплямі для вачэй.
· Калі ёсць давер да народных сродкаў, можна заварыць ваўчкі да залацістага колеру і піць адвар.
Выконваць гігіену
· Прамываць нос і вочы вадой кожны раз, прыходзячы з вуліцы.
· Рэгулярна рабіць вільготнае прыбіранне дома і карыстацца ўвільгатняльнікам паветра.
· Кожны дзень прымаць душ і мыць вопратку, у якой былі на вуліцы.
Лепшы спосаб справіцца з вясновай алергіяй — алерген-спецыфічная імунатэрапія. Жаданне хутка зняць сімптомы зразумелае, і тут няма нічога крытычнага. Нават калі таблеткі знялі сімптомы, на гэтым не трэба спыняцца. Абавязкова звярніцеся да ўрача. Многія лічаць, што паліноз не падстава для лячэння і гадамі ігнаруюць яго, не абследуюцца, “перажываючы” вясновую хваробу з дапамогай антыгістамінных прэпаратаў, якія набываюць без рэкамендацый урача. Між тым адбываецца пашырэнне спектра прычынна-значных алергенаў. Да сезоннага палінозу далучаюцца харчовая непераноснасць, рэакцыі на эпідэрмальныя і бытавыя алергены.
У ходзе абследавання ўрач спачатку вызначыць, што менавіта выклікае ў вас алергію, а затым зробіць серыю падскурных ін’екцый. Яны дазволяць арганізму паступова “прывыкнуць” да алергена і паменшаць цяжар сімптомаў. Рабіць такія ўколы трэба загадзя, пакуль сезон алергіі яшчэ не пачаўся.
Лізавета МАРОЗ,
урач-гігіеніст аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.