Як палепшыць памяць?

Тэмп жыцця сучаснага грамадства патрабуе ад нас аператыўнага засваення вялікага аб’ёму інфармацыі і асваення новых навыкаў і ўменняў. Таму варта ўдзяліць увагу падтрыманню і паляпшэнню памяці. Прытрымлівайцеся наступных рэкамендацый.

1. Выконвайце рэжым дня, паўнавартасна спіце. Гэта неабходна для нармальнай работы мозга ў любым узросце. Большасці дарослых людзей патрабуецца ад 7 да 9 гадзін сну штодня.

2. Падтрымлівайце рэгулярную фізічную актыўнасць: як мінімум 150 мінут умеранай актыўнасці на тыдзень. Калі ў вас няма на гэта часу, знайдзіце для прагулак хаця б 10 мінут у дзень.

3. Сачыце за сваім рацыёнам харчавання. Многія віды прадуктаў харчавання аказваюць хуткі стымулюючы эфект на клеткі галаўнога мозга (шакалад і іншыя прысмакі, якія ўтрымліваюць у сабе магній і глюкозу), іншыя — паляпшаюць актыўнасць у доўгатэрміновай перспектыве (арэхі, зеляніна, брокалі, печань, яйкі, малочныя прадукты, чырвоная рыба, морапрадукты, крупы (рыс, грэчка, проса, аўсянка), мяса птушкі, фінікі, інжыр, бананы, тамат, какава, зялёны чай, лясныя ягады і інш.).

4. Абмяжуйце ўжыванне такіх прадуктаў, як маянэз, маргарын, перапрацаваныя мясапрадукты (каўбасы, вяндліна, бужаніна і г.д.), тлустыя гатункі мяса.

5. Стымулюйце ментальную актыўнасць, “прымушаючы” мозг працаваць шляхам змены звыклага ладу жыцця. Напрыклад, мяняйце маршрут, па якім вы ходзіце на работу, займіцеся іншым відам спорту. Знайдзіце сабе хобі, якое патрабуе разумовых намаганняў. Ім могуць стаць танцы, ігра на гітары, вывучэнне новых моў або незнаёмых слоў на роднай, шахматы, покер, рашэнне галаваломак. І не хвалюйцеся ў выпадку павольнага прагрэсу! Гэта той выпадак, калі працэс важнейшы за вынік.

6. Пачніце чытаць. Прама цяпер, пакуль вы чытаеце гэты тэкст, ваш мозг расшыфроўвае візуальныя сімвалы, апрацоўвае іх, аналізуе і сінтэзуе складаныя ідэі.

7. Развівайце дробную маторыку рук. Можна заняцца рукадзеллем. Па­трэніруйце слабую руку, напрыклад, калі вы праўша, навучыцеся пісаць левай рукой — гэта значна дапаможа павялі­чыць мазгавую актыўнасць, а значыць, і я­касць памяці.

8. Адмоўцеся ад шкодных звычак. Калі вы вырашылі палепшыць памяць, варта цалкам выключыць курэнне і ўжыванне алкаголю.

9. Па магчымасці будзьце сацыяльна актыўнымі. Сустракайцеся часцей з любімымі сваякамі і сябрамі, станьце членам гуртка па інтарэсах ці грамад­скай арганізацыі. Асабліва гэта важна для адзінокіх пажылых людзей.

10. Сачыце за ўзроўнем халестэрыну ў крыві, каб пазбегнуць утварэння атэрасклератычных бляшак у сасудах і парушэння кровазвароту. Зніжэнне ўзроўню вітаміну В12, гармонаў шчытападобнай залозы ў арганізме таксама прыводзіць да парушэння функцыі галаўнога мозга і пагаршэння памяці.

11. Не ігнаруйце нават лёгкія траўмы галавы ў выніку падзенняў або няшчасных выпадкаў (у тым ліку ў сітуацыях без страты прытомнасці). Рэгулярна праходзьце дыспансерызацыю і своечасова лячыце хранічныя захворванні.

Чым лепш вы паклапоціцеся пра сваё здароўе сёння, тым менш праблем з памяццю будзеце мець у будучыні.

Алена СМІРНОВА,
загадчык аддзялення гігіены працы аддзела гігіены Мінскага абласнога ЦГЭГЗ.