Хурма — цікавая ягада, якая не кожнаму прыходзіцца па смаку. Яе яшчэ называюць кітайскім персікам, зімовай вішняй, яркім сонейкам. Салодкая, духмяная і прыемная тэкстура хурмы з’яўляецца вітамінным і лячэбным прадуктам. Гэта сапраўднае сховішча мікраэлементаў, глюкозы, антыаксідантаў і іншых карысных рэчываў. Комплекс вітамінаў асабліва карысны падчас зімовага перыяду, калі павялічваецца верагоднасць вірусных захворванняў.
Спелая хурма аказвае бактэрыцыднае дзеянне на мікрафлору кішэчніка, дапамагае нармалізаваць яго работу. Мікраэлементы станоўча дзейнічаюць на работу сардэчнай мышцы, склад крыві, эластычнасць сасудаў. А сок ягады можна ўжываць нават пры апёках.
У хурме шмат цукрыдаў, якія хутка засвойваюцца арганізмам і пераўтвараюцца ў энергію. Таму гэты прадукт падыходзіць для харчавання дзяцей, якія наведваюць спартыўныя секцыі і выконваюць практыкаванні.
Як жа правільна выбраць гэтую ягаду? Спелая ягада — мяккая, валодае яркім колерам. Прыкметай спеласці з’яўляецца карычневы сухі хвосцік. Скурка хурмы павінна быць тонкай і гладкай.
Хурма адносіцца да катэгорыі скорапсавальных прадуктаў. Калі захоўваць спелыя плады пры пакаёвай тэмпературы, яны хутка сапсуюцца, таму хурму можна замарожваць ці сушыць. Свежую, толькі што набытую хурму трэба захоўваць у халадзільніку не больш за трое сутак..
Нягледзячы на вялікую колькасць карысных уласцівасцей хурмы, існуюць і некаторыя абмежаванні. Пры ўжыванні ў ежу вялікай колькасці хурмы будзьце асцярожнымі: магчымы алергічныя рэакцыі.
Запяканка з хурмы і тварагу:
Інгрэдыенты: 600 г тварагу; 600 мл вады; 450 г хурмы; 100 г манкі; 100 г цукру; 2 яйкі; 60 мл смятаны; 25 г масла; 50 г паніровачных сухароў.
Прыгатаванне:
Мякаць хурмы нарэзаць кубікамі, заліць вадой і давесці да кіпення. Затым усыпаць манныя крупы і варыць кашу 2—3 хвіліны, астудзіць. Далей тварог працерці праз металічнае сіта, яйкі ўзбіць з цукрам. Усе інгрэдыенты злучыць разам. Форму для выпечкі змазаць маслам і абсыпаць сухарамі. Перакласці гатовую масу, зверху змазаць смятанай. Выпякаць 40—45 хвілін пры 180°С.
Яўгенія ГУДАЧ,
настаўніца хіміі Верцялішкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.