Духмянае свята пяшчоты, або Мыла сваімі рукамі

Вырашылі мы неяк сустрэцца з даўнімі сябрамі. Пасядзець за кубкам кавы і прыемнай гутаркай. Дамовіліся з вялікай кампаніяй, чалавек 8. І стала я думаць, што нядрэнна б прыгатаваць нейкія мілыя, недарагія сюрпрызы ў падарунак. Нічога не прыходзіла ў галаву. І тут ідэю мне падала прыяцелька, якая працуе ў краме тавараў для творчасці. Прапанавала яна мне зварыць для сяброў мыла. Мне быў дадзены спіс неабходных інгрэдыентаў, якія трэба купіць, а таксама дзясятак формачак на любы густ. Рэкамендацыі і парады я таксама атрымала ў вычарпальным аб’ёме, за што вельмі ўдзячная.

Я падумала, што ў мыла, прыгатаванага самастойна, ёсць шэраг пераваг перад куплёным. Першая, і найбольш важная, — вы выдатна ведаеце, якія кампаненты ўваходзяць у яго склад, паколькі адбіраеце іх менавіта вы, і ў ім не будзе нічога лішняга. Па-другое, у хатнім мыле прадугледжана мыльная аснова, якая не змяшчае ніякіх шкодных рэчываў, што могуць якім-небудзь чынам нашкодзіць вашай скуры. Гэтая аснова не сушыць скуру і не можа выклікаць алергічнай рэакцыі. Ну і, безумоўна, гэта выдатны арыгінальны падарунак, бо зроблены сваімі рукамі мыльны кавалачак будзе ўнікальным і непаўторным, будзе мець дзівосны пах, які падорыць радасць таму чалавеку, які будзе карыстацца гэтым мылам.

У Мінску існуе некалькі інтэрнэт-магазінаў, у якіх можна набыць усё неабходнае для таго, каб зварыць мыла. Атрымаўшы свой заказ, у найбліжэйшы выхадны я прынялася за справу. Калі праз некалькі гадзін да мяне ў пакой зазірнула дачка, якая вярнулася з работы, перада мной ужо ляжала 8 кавалачкаў мыла ў выглядзе кветачак, садавіны, жывёл. У кватэры лунаў пах змешаных водараў, а я з усмешкай любавалася сваёй творчасцю.

Усё атрымалася з першай спробы.

Сябры, убачыўшы такія мілыя прэзенты, вядома, былі прыемна здзіўлены і рады падаруначкам. І кожны захацеў сам зрабіць такі ж цуд. Я з задавальненнем расказала ім пра самы просты спосаб мылаварэння. Сваімі ведамі падзялюся і з вамі.

Паверце, занятак гэта займальны, да вас з задавальненнем далучацца дзеці і іншыя члены сям’і. Спрабуйце! У вас усё атрымаецца!

Нам патрэбна:

1. Аснова для мыла.

У продажы ёсць асновы для мыла ад розных вытворцаў. Я аддаю перавагу прадукцыі вытворчасці Англіі. Таксама мне спадабалася беларуская Melta на казіным малацэ.

2. Аддушкі.
Я карыстаюся аддушкамі французскай і ўкраінскай вытворчасці. Яны больш устойлівыя, чым аналагі іншых вытворцаў. Падыдуць аліўкавы алей, персікавы, авакада, жажаба, какосавы і інш. Аддушкі можна замяніць эфірным маслам. (Вы знойдзеце яго ў аптэках.) Выдатна падыдзе ў якасці араматызатара эфірнае масла лімона, лаванды, іланг-іланга, апельсіна, бергамота і інш.

3. Фарбавальнік (харчовы або спецыяльны).

4. Спірт, у крайнім выпадку — гарэлка.

5. Ну і, вядома ж, посуд і формачкі.

Дык вось, пачынаем тварыць. Наразаем аснову для мыла кавалачкамі прыкладна 1х1 см. На 1 кавалачак мыла трэба прыкладна 100 грамаў асновы. Плавім мыльную аснову ў мікрахвалевай печы (можна на вадзяной лазні, але так будзе даўжэй). Кожныя 15—20 секунд правяраем, асцярожна і не вельмі інтэнсіўна перамешваем. Увага! Аснову для мыла нельга даводзіць да кіпення! Калі яна закіпела, яе застанецца толькі выкінуць.

Расплавілі? Цяпер уліваем чайную лыжку аддушкі (можна і больш, і менш — у залежнасці ад таго, наколькі моцны водар вы хочаце атрымаць). Калі замест аддушкі дадаяце эфірнае масла, то не больш як 5—6 кропель на 100 грамаў асновы.

Па кроплях дадаём фарбавальнік — да патрэбнай інтэнсіўнасці колеру.

Асцярожна змешваем.

Апырскваем форму спіртам, заліваем аснову і зверху гэтак жа пырскаем спірт, каб пазбавіцца ад бурбалак і плеўкі.

Пакідаем свежае мыла застываць. Маленькія формы застываюць хвілін 40 пры пакаёвай тэмпературы.

Выціскаем застылае мылца з формачкі. Часам мыла вельмі складана дастаць, тады змяшчаем яго на паўгадзіны ў маразілку, а потым ніжнюю частку формы патрымаем хвілінку ў гарачай вадзе. Пасля гэтага мыла лёгка дастаць з формы. Для ўпрыгожвання вырабу можна абмакнуць пэндзлік у глітэр (блёсткі) і вылучыць нейкія элементы. Застаецца прыгожа ўпакаваць. Або ісці мыць рукі. Але лепш, каб мыла пастаяла суткі, а потым ім ужо можна карыстацца.

Натуральнае мыла сёння — гэта не проста сродак гігіены. Гэта твор мастацтва, духмяная прыгода, свята пяшчоты і гармоніі, а таксама мноства прыемных эмоцый. Вы можаце дадаць у сваё касметычнае тварэнне любыя інгрэдыенты і стварыць унікальны букет водару і фактуры.

Можна, напрыклад, рабіць мыла з натуральным скрабам. Яго часцінкі беражліва ачышчаюць скуру, даглядаюць яе. У якасці скрабу да мыла можна дадаць натуральную каву, аўсяныя шматкі, карыцу, міндальную муку. Варта пры вытворчасці мыла ўспомніць і аб касметычнай гліне, якая зробіць скуру гладкай і пяшчотнай.

Можна дадаць у сваё мылца лячэбныя травы (гэтыя інгрэдыенты акажуць супрацьзапаленчае дзеянне), а можна — натуральны фруктовы або агароднінны сок. Напрыклад, свежавыціснуты сок морквы насычае скуру вітамінамі.

Творчага вам настрою!

Іна АНТОНАВА,
педагог.
Фота аўтара.