“Лічбавы” мастак

У Маларыцкай раённай бібліятэцы адкрылася выстава работ Дзмітрыя Луцыка “Фантазія. Мастацтва. Майстэрства”, якая працягвае арт-праект “Свет хобі”, распачаты ўстановай культуры 5 гадоў назад. На працягу некалькіх тыдняў маларытчане змогуць азнаёміцца з работамі маладога мастака, які працуе ў лічбавым жывапісе.

Дзмітрый Луцык — педагог аддзяленняў “Выяўленчае мастацтва” і “Фатаграфія” Маларыцкай школы мастацтваў. Ён скончыў Кобрынскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж, дзе набыў спецыяльнасць мастака-афарміцеля, дызайнера, настаўніка выяўленчага мастацтва і чарчэння.

Пэўны час Дзмітрый Вітальевіч працаваў сам на сябе. Пісаў на заказ модульныя карціны і партрэты, распісваў сцены, ляпіў рэльефы і барэльефы. Але ў душы ўсё ж такі застаўся настаўнікам, таму неўзабаве вырашыў заняцца педагагічнай дзейнасцю. На гэта ж скіроўвала і вучоба на факультэце мастацтваў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, і набытая спецыяльнасць педагога-мастака.

— Прыкладам для мяне заўсёды з’яўляўся школьны настаўнік малявання Эдуард Засухін, — гаворыць Дзмітрый Луцык. — Імкнуўся быць падобным на яго. Эдуард Анатольевіч выклікаў сімпатыі і як педагог, і як чалавек. Яго ўрокі малявання далі многае.

Дзмітрый Луцык малюе з дзяцінства. Першы поспех памятае добра. У 4 класе быў абвешчаны конкурс малюнкаў. За некалькі дзён хлопец намаляваў вушастую саву. Работа перамагла не толькі ў школе, але і заняла прызавое месца ў раённым конкурсе. За ўдзел у спаборніцтве Дзмітрый атрымаў фарбы і пэндзлі. Гэта стала добрым стымулам для далейшай творчасці.

На выставе прадстаўлены лічбавы жывапіс, модульныя карціны і шаржы, намаляваныя па фотаздымках, партрэты па фотаздымках, выкананыя ў стылі поп-арт.

Дзмітрый Вітальевіч марыць выставіць свае работы ў адной са сталічных мастацкіх галерэй, наладзіць зносіны з вядомымі мастакамі краіны.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.