У кожнага з нас у маленстве была любімая цацка, ад якой з гадамі застаюцца толькі ўспаміны. У Валянціны Дзікляевай, педагога дадатковай адукацыі Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, стэпендыята спецыяльнай фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, такой цацкай была лялька, якую яна зрабіла сваімі рукамі з кудзелі. Ёй тады было гадкоў восем, і ў дзіцячай душы гэтая самаробная лялька займала месца надзейнай сяброўкі, з якой дзяўчынка дзялілася сакрэтамі і сваімі крыўдамі, апекавала яе, нібы малодшую сястрычку, і не магла сабе ўявіць, як будзе жыць без яе і наогул без лялек, калі падрасце. У выніку атрымалася так, што лялечныя вырабы ў жыцці Валянціны занялі значнае месца, як і сама творчасць.
Валянціна Мікалаеўна родам з Ельскага раёна. За плячыма жанчыны — навучанне ў Віцебскім педагагічным інстытуце імя П.М.Машэрава на мастацка-графічным факультэце, праца ў Мазырскай школе мастацтваў. А ў 90-х гадах яна апынулася ў Ганцавічах. Да чаго ж ёй прыйшоўся даспадобы ціхі гарадок, наш край, людзі, традыцыі! В.М.Дзікляева шчаслівая, што жыве тут і займаецца любімай справай — вучыць дзяцей жывапісу і шмат часу ўдзяляе творчасці. Жанчына ўпэўнена, што першая яе спроба зрабіць нешта незвычайнае сваімі рукамі — гэта тая невялічкая лялечка з ільну, створаная з вялікай любоўю і дзіцячай непасрэднасцю.
У сям’і гераіні многія мелі творчыя здольнасці: бацька добра маляваў, бабуля абшывала мясцовых модніц і стварала даволі цікавыя мадэлі адзення. Валянціна Мікалаеўна таксама майстрыха на ўсе рукі: вяжа і малюе алеем, акрылам і гуашшу, стварае дзіўныя арт-аб’екты, дзе спалучаюцца вырабы з дрэва і элементы дэкупажу, вышывае ў стылі мярэжка, цікавіцца арыгамі, валодае тэхнікай баціку, габеленапляцення. Любіць дзяліцца сваімі творчымі планамі з дачушкамі Алесяй і Янінай. Апошняя — дызайнер па прафесіі і рада атрымаць падказку ў рабоце, а часам сама дае слушныя парады матулі, якая прыслухоўваецца да іх, бо лічыць, што трэба не адставаць ад сучаснасці, а спалучаць у сваіх работах мінулае і дзень сённяшні. І гэта ў яе атрымліваецца.
Творчыя работы Валянціны Мікалаеўны вылучаюцца індывідуальнасцю і непаўторнасцю. Нездарма ёсць выказванне, што ўсё геніяльнае — проста. Разумееш гэта, калі глядзіш на створаны майстрыхай арт-аб’ект з дубчыкаў розных парод дрэў. Ёй нават не спатрэбіўся пэндзаль: дубчыкі, нібы размаляваныя ў розны колер, разам стварылі цудоўную кампазіцыю, якая можа ўпрыгожыць любы інтэр’ер сучаснага памяшкання.
А яшчэ В.М.Дзікляева вельмі любіць рабіць лялек. Ні адзін лапік не прападзе дарма ў майстрыхі. Да стварэння лялек у яе свой падыход, свая тэхналогія. Для Валянціны Мікалаеўны яны нібы жывыя душы тых, каго ведала і любіла, — бабулі, саматканую сарочку якой беражліва захоўвае, увішнай суседкі ці цёткі Дар’і… Калі намотвае на ляльчыну галаву хусцінку, згадвае, як ёй матуля шчыльна закручвала вясковую канаплянку, каб засцерагчы ад марозу. І часам сляза засціць вочы, і ў гэтым тумане ўспамінаецца родная вёска Паўлаўка, вёска яе дзяцінства, сярод балот, дзе на высокай бэльцы гняздзіліся буслы. Згадваецца бацькоўская хата і маленькая дзяўчынка, якая ціхенька спявала калыханку сваёй ляльцы… Неяк Валянціна Мікалаеўна завітала на сваю малую радзіму разам з дзецьмі і не пазнала родныя мясціны — усё змянілася. Толькі адзінокі бусел кружыў і кружыў над галавой, нібы перадаючы жанчыне прывітанне з мінулага.
Тут, на Ганцаўшчыне, яе родны дом, дзе знаёма кожная лясная сцяжынка. У лесе Валянціна Мікалаеўна любіць адпачываць і набірацца сіл. Менавіта тут яна свая сярод людзей, якія любяць і цэняць яе мастацтва, тут яе таленавітыя вучні, якімі яна ганарыцца і якія — часцінка яе самой. І, магчыма, новая лялька ў руках майстрыхі нагадае ёй некага, хто жыве побач. У кожнай з іх свой твар, настрой і характар — лялька-весялуха, працаўніца, сціплая і журботная… Усё, як у жыцці, бо яны, лялькі, і ёсць само жыццё.
Таццяна МАЛЯЎКА.