Асноўная небяспека дзіцячай разеолы — паніка дарослых

Пачатак вясны ўрачы адносяць да аднаго з самых вострых у плане захворванняў на вірусныя інфекцыі перыядаў.

Пасля зімы арганізм, асабліва дзіцячы, даволі аслаблены і з лёгкасцю чапляе не толькі рэспіраторныя інфекцыі, але і тыя, што выклікаюць высыпанні на скуры.

Пра тое, з якімі скаргамі на стан скуры ў пачатку сакавіка часцей за ўсё прыходзяць да ўчастковага ўрача мамы з малышамі, як адрозніць ветраную воспу ад дзіцячай разеолы і чаму мамам не трэба кідацца ў паніку, калі іх дзіцяці агучваюць такі дыягназ, як вірус Каксакі, расказала ўрач-педыятр 7-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Кацярына Міхайлаўна РАЦЬКОВА.

— Кацярына Міхайлаўна, ці магчыма ў пачатку вясны, у такі пераходны перыяд, як зараз, прадухіліць вірусныя захворванні ў дзяцей?

— Варта разумець, што ніхто з нас, як бы мы ні стараліся, не зможа на 100% абараніць дзіця ад вірусаў. Што тычыцца рэспіраторных інфекцый, пік захворванняў на якія прыпадае на вясновы перыяд, асабліва на сакавік, то іх можна старацца прадухіліць паўнавартасным харчаваннем, таму што менавіта рацыянальнае харчаванне — гэта ключ да ўмацавання імунітэту. У медыцыне існуе такое паняцце, як імунанутрыцэўтыка.  Гэта калі дзіцяці неабходна якаснае харчаванне з дастатковай колькасцю мікра- (амега-3 тлустыя кіслоты, цынк, селен, кобальт) і макранутрыентаў (асабліва бялкоў). Бялкі неабходны для выпрацоўкі антыцел у арганізме.

Нягледзячы на тое, што ў нас ужо даўно пануе нібыта вясновае цяпло, неабходна апранацца па надвор’і. Я гэта ніколі не перастану паўтараць, таму што многія бацькі, апранаючы дзіця, не могуць знайсці ў гэтым пытанні залатой сярэдзіны. Як правіла, вясна — гэта пара не грыпу ці грыпападобных захворванняў, а час рэспіраторных інфекцый іншай этыялогіі, якія выклікаюць у дзяцей бранхіты, а ў некаторых выпадках і пнеўманіі. Вясной часта сустракаюцца вострыя танзіліты (ангіна) па прычыне зніжэння рэзістэнтнасці арганізма. У мэтах прафілактыкі таксама можна рэкамендаваць курс полівітамінаў, якія змяшчаюць мікраэлементы.

Што тычыцца частаты інфекцыйных захворванняў, часцей за ўсё яны фіксуюцца ў дзіцячым узросце, і, адпаведна, практычная дзейнасць педыятра патрабуе пэўных ведаў у гэтым раздзеле медыцыны, асабліва ў дачыненні да класічных дзіцячых інфекцый.

— Часта вясной дзеці хварэ­юць на ветраную воспу. Напэўна, гэта самая папулярная скурная хвароба ў дашкольным дзіцячым калектыве. Якія яшчэ захворванні сустракаюцца ў малодшых школьнікаў і дашкольнікаў? З якімі скаргамі малышоў прыво­дзяць на прыём мамы?

— Заўсёды, калі мамы прыводзяць малышоў з высыпаннямі, яны ўжо інфармацыйна падрыхтаваны: любяць загадзя ставіць дыягназ дзіцяці, згодна з прачытаным у інтэрнэце. Я заўсёды тлумачу мамам, што ўсе скурныя вірусныя інфекцыі маюць рознае паходжанне. Дарэчы, я вельмі люблю пашыраць свае медыцынскія веды, таму чытаю артыкулы вядомых урачоў, якія спецыялізуюцца на розных інфекцыях.

Традыцыйна ўсе інфекцыйныя захворванні, якія суправаджаюцца высыпаннямі на скуры, раней называлі інфекцыйнымі экзантэмамі.

У гэтую групу больш за 100 гадоў уключалі адзёр, ветраную воспу, краснуху і многія іншыя захворванні. У цяперашні час тэрмін “інфекцыйныя экзантэмы” мае больш вузкае значэнне і аб’ядноўвае групу вірусных інфекцый з выразнай клінічнай карцінай, якія праяўляюцца на пэўным этапе сыпам, г.зн. экзантэмай. Такі падыход вельмі правільны, таму што зблытаць клінічную карціну вятранкі або адзёру з праўленнямі іншых інфекцый пры сучасным узроўні развіцця медыцынскіх ведаў даволі складана.

Тым не менш ведаю выпадкі, калі на практыцы раптоўную экзантэму (roseola infantum) у дзяцей першага года жыцця расцэньваюць як краснуху ці алергію на лекавыя сродкі. Многія з дзяцей, якія перанеслі ў дзяцінстве інфекцыйную экзантэму, нясуць па жыцці ярлык алергіка, іх трымаюць на непатрэбных дыетах, абследуюць.

— Наколькі распаўсюджаны экзантэмы сярод нашых дзяцей і ці часта дыягнастуюцца выпадкі інфіцыравання сярод школьнікаў?

— Калі гаварыць пра агульную сусветную практыку, з якой мне давялося азнаёміцца, афіцыйная статыстыка па большасці з інфекцыйных экзантэм адсутнічае ў многіх краінах. Тым не менш у многіх краінах, асабліва ў высокаразвітых, распаўсюджанасць інфекцыйных вірусных экзантэм значна пераважае над распаўсюджанасцю такіх дзіцячых інфекцый, як адзёр, краснуха, ветраная воспа.

Што тычыцца маёй практыкі, дзяцей, якім быў бы пастаўлены дыягназ экзантэма, менш, чым тых, хто хварэе на ветраную воспу.

Дыягностыка інфекцыйных экзантэм галоўным чынам грунтуецца на лагічным аналізе наступных прымет: выгляд экзантэмы, тэрміны з’яўлення, пераважная лакалізацыя сыпу і яго дынаміка ў працэсе развіцця хваробы.

Існуе некалькі відаў інфекцыйных вірусных экзантэм. Найбольш вядомымі і часта дыягнастуемымі з’яўляюцца хвароба “рука-нага-рот”, інфекцыйная эрытэма, сіндром пальчатак і наскоў, энтэравірусныя экзантэмы, а таксама ружовы лішай (лішай Жыбера).

— Якую небяспеку хавае ў сабе вірус Каксакі, які выклікае хваробу “рука-нага-рот”? Да якіх ускладненняў можа прывесці невылечаная інфекцыя, выкліканая гэтым узбуджальнікам?

— Хвароба “рука-нага-рот” часцей выклікаецца вірусам Coxsackie тыпу A16, радзей — тыпамі A2, A5, A9, A10, B2, B3, B5, а таксама энтэравірусамі. Захворванне характарызуецца ліхаманкай, рэспіраторнымі сімптомамі, фарміраваннем язваў (афт) у поласці рота, а таксама везікулярным сыпам на далонях і падэшвах. Механізмы, якія прывод­зяць да з’яўлення везікул, на цяперашні момант не вядомыя. Везікулярная экзантэма на слізістай можа мець розную ступень праяўлення, ад умеранай да ярка выяўленай, і прыводзіць да таго, што дзіця адмаўляецца ад ежы. Высыпанні на далонях і падэшвах не балючыя.

Найбольш часта на гэты вірус хварэюць дзеці дашкольнага ўзросту, нярэдка захворванне носіць сямейны характар. Фіксуюцца таксама выпадкі захворвання ў дарослых, часцей у мамы ці тых, хто мае цесны кантакт з дзецьмі малодшага ўзросту. Перадача інфекцыі адбываецца паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд складае ад 3 да 6 дзён, а пік захворвання прыпадае на цёплыя месяцы, пераважна на лета. Часцей за ўсё захворванне выяўляецца на трэці-чацвёрты дзень.

Першым сімптомам віруса Каксакі можа стаць менавіта з’яўленне язвачак і вадкіх прышчыкаў. Як правіла, яны становяцца вынікам інфекцыі, якая развіваецца. Месцам лакалізацыі высыпанняў звычайна з’яўляюцца ногі і рукі, але ўрачы выяўляюць іх і ў ротавай поласці. Паступова высыпанні могуць з’явіцца па ўсім целе, але пераважна яны будуць размяшчацца вакол рота. Таксама часта назіраецца сіндром “рука-нага-рот”, пра які ішла размова. Высыпанні з’яўляюцца адначасова на слізістай рота, далонях і ступнях.

Другім сімптомам віруса Каксакі можа быць дрэннае самаадчуванне, галаўны боль, ваніты і дыярэя. Таксама паражаецца слізістая глоткі, хвораму становіцца цяжка есці.

Трэцяя прымета віруса Каксакі — высокая тэмпература. Яна падымаецца літаральна за некалькі гадзін і можа не зніжацца на працягу прыкладна трох дзён. Так адбываецца таму, што гэты вірус — інфекцыйнае захворванне. Гарачкапаніжальныя прэпараты могуць аказацца бездапаможнымі ў барацьбе супраць высокай тэмпературы, калі яна выклікана Каксакі.

Як правіла, мы рэкамендуем пры выяўленні першых язвачак звяртацца ў медыцынскую ўстанову, каб можна было пазбегнуць далейшых сімптомаў. Педыятр абавязкова назначыць неабходнае абследаванне і, калі трэба, накіруе да інфекцыяніста.

— На слыху і такі від экзантэмы, як дзіцячая разеола. Што хаваецца за гэтай прыгожай назвай?

— Разеола дзіцячая, раптоўная экзантэма, шостая хвароба, ілжывая краснуха ці псеўдакраснуха, пяцідзённая або трохдзённая ліхаманка — усё гэта назвы адной і той жа хваробы, выкліканай вірусам герпесу 6 ці 7 тыпу.

Разеолай дзіцячай можна заразіцца паветрана-кропельным шляхам і падчас выкарыстання з заражаным аднаго посуду. У адрозненне ад іншых вірусных захворванняў, разеола не прыводзіць да эпідэмій, хварэ­юць у асноўным маленькімі групамі ці па ­адзіночцы. Гэта тлумачыцца тым, што амаль ва ўсіх, каму 3 гады і больш, ёсць імунітэт да разеолы, а малышы да 5 месяцаў яшчэ ма­юць імунітэт, атрыманы ад маці.

Самае галоўнае, што трэба ведаць пра разеолу, — гэта тое, што яна не небяспечная, яе трэба проста перажыць і дапамагчы дзіцяці справіцца з яе непрыемнымі сімптомамі.

Першая прымета разеолы — высокая тэмпература без якіх-небудзь іншых сімптомаў, якая з’яўляецца праз 1—2 тыдні пасля кантакту з хворым. Другая прымета — характэрныя высыпанні, якія з’яўляюцца на фоне паляпшэння агульнага самаадчування дзіцяці пасля зніжэння тэмпературы (прыкладна на чацвёрты дзень хваробы). Сып пакрывае амаль усё цела, акрамя твару і канечнасцей, і пачынаецца, як правіла, з высыпанняў на грудзях або жываце. Чырвоныя плямы дыяметрам 3—5 мм могуць выглядаць не вельмі прыемна, але яны не дастаўляюць дзіцяці ніякіх нязручнасцей. Праз некалькі сутак сып раптам знікне, не пакідаючы слядоў. Разам з ім праходзіць і хвароба, пакідаючы пажыццёвы імунітэт да яе ўзбуджальніка.

Асноўная небяспека дзіцячай разеолы — паніка дарослых, не праінфармаваных аб існаванні такой хваробы, і той факт, што разеолы блытаюць з рознымі захворваннямі,  таму памылкова назначаюць антыбіётыкі або бескарысныя супрацьвірусныя прэпараты, а таксама накіроўваюць у стацыянар.

— Чым мама можа дапамагчы дзіцяці, якое падчапіла экзантэму, да таго моманту, пакуль яны трапяць на прыём да ўрача і атрымаюць кансультацыю?

— Мам хачу папярэдзіць, што спецы­фічная супрацьвірусная тэрапія ў адносінах да энтэравірусаў з’яўляецца бескарыснай. Магчыма прымяненне сімптаматычных сродкаў. Антыгістамінныя прэпараты не ўплыва­юць ні на працягласць захворвання, ні на працягласць і інтэнсіўнасць высыпанняў ні пры адной з інфекцыйных экзантем. Мэта назначэння антыгістамінных прэпаратаў падчас хваробы на энтэравірусы — гэта пазбаўленне ад свербу, калі такі назіраецца.

Яшчэ хачу сказаць мамам, што пры ўсіх інфекцыйных экзантэмах можа назірацца ўмераная эазінафілія ў агульным аналізе крыві, але гэта не сведчыць пра тое, што ў дзіцяці ёсць нейкая алергічная паталогія. Эазінафілы павышаюцца ў адказ на прысутнасць у крыві энтэравірусаў.

З гэтым таксама нічога не трэба рабіць, не трэба бегчы ў аптэку і скупляць розныя антыгістаміны. Інфекцыйныя экзантэмы ў большасці выпадкаў адносяцца да тых захворванняў, якія не патрабуюць сур’ёзных умяшанняў, бо праходзяць самі.

Я заўсёды нагадваю бацькам, калі бачу клінічную карціну энтэравіруса, што ў актыўным лячэнні гэтыя захворванні не ма­юць патрэбы. Пры з’яўленні сыпу дзеці ўжо не кантагіёзныя (не заразныя) і могуць наведваць школу або дзіцячы сад. Для вылечвання неабходны толькі час і правільная дыягностыка захворвання.

— Кацярына Міхайлаўна, калі высыпанні на скуры не выкліканы экзантэмамі, якое паходжанне яны яшчэ могуць мець? Ці заўсёды гэта будзе алергія, і калі так, якія прычыны прыводзяць да яе ўзнікнення ў дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту?

— Так, часта высыпанні выклікае менавіта алергія. Найбольш распаўсюджанай прычынай яе ўзнікнення з’яўляецца кантактны дэрматыт, які бывае хімічным (напрык­лад, дзіця кантактавала з бытавой хіміяй), фізічным (перапады тэмператур, механічнае і прамянёвае ўздзеянне і інш.), а таксама мець біялагічную прыроду (фотадэрматыт, калі алергены актывізуюцца пад уздзеяннем сонечнага святла).

У тым выпадку, калі кантакт з раздражняльнікамі не паўтараецца рэгулярна, такія дэрматыты праходзяць самастойна ці знікаюць пас­ля прымянення мясцовых лекавых сродкаў.

Сёння вельмі часта можна пачуць такі дыягназ, як атапічны дэрматыт.  Гэтае захворванне ў дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў можа праявіцца ў 80% выпадкаў. Безумоўна, гэта не сведчыць пра тое, што 4 з 5 дзяцей пакутуюць на яго ў хранічнай форме.

Спадчыннасць у развіцці гэтага захворвання адыгрывае ключавую ролю: калі і мама, і тата здаровыя, то рызыка хваробы дзіцяці складае 20%. Калі на атапічны дэрматыт пакутуе адзін з бацькоў, то верагоднасць, што і ў дзіцяці будзе такі ж дыягназ, складае 50%. Калі ж хворыя і мама, і тата — рызыка дасягае 80%.

Педыятры сутыкаюцца з вялікай колькасцю вірусных скурных захворванняў. Але нам хочацца, каб усе маленькія пацыенты прыходзілі да нас без страху і з усмешкай. Мы абавязкова разам справімся з любым вірусам. А бацькам хачу сказаць адно: у любой сітуацыі, з якой бы хваробай ні сутыкнуліся, трэба заставацца разважлівымі і давяраць свайму педыятру. Мы, як і вы, таксама зацікаўлены ў здароўі дзетак, таму што яны наш агульны скарб.

Гутарыла Наталля САХНО.