Стандарты прыгажосці мяняюцца з году ў год. І, напэўна, няма такога чалавека, якога поўнасцю задавальняў бы яго знешні выгляд. Часта недахопы, якія мы бачым у сабе, іншыя людзі не заўважаюць. Тым не менш гарбінка на носе ці вузкія вусны могуць стаць прычынай комплексаў, ад якіх самастойна пазбавіцца цяжка. Выйсце з гэтай сітуацыі ёсць: палюбіць сябе такім, якім вы з’яўляецеся, ці звярнуцца па дапамогу да пластычнай хірургіі, якая сёння робіць сапраўдныя цуды.
Пра тое, што беларусаў не задавальняе ва ўласнай знешнасці і над якімі недахопамі часцей за ўсё працуюць пластычныя хірургі, нам расказаў урач першай кваліфікацыйнай катэгорыі член Беларускага таварыства пластычнай рэканструктыўнай і эстэтычнай хірургіі Аляксей ДУЖЫ.
— Аляксей, у пластычнай хірургіі вы адзін з самых маладых хірургаў, але ўжо дастаткова вядомы. З чаго пачаўся ваш шлях у гэтую сферу?
— Мой шлях у пластычную хірургію пачаўся пасля таго, як я прайшоў абавязковую адпрацоўку ў раёне. Падчас работы ў Петрыкаўскай ЦРБ мне вельмі падабалася аперыраваць на паверхневых тканках цела, накладаць прыгожыя, акуратныя касметычныя швы, каб не было відаць грубых шрамаў. Менавіта ў той момант я зразумеў, што душа ляжыць да эстэтыкі і менавіта з ёй хачу звязаць свой лёс. Адразу трапіць у гэтую сферу не так лёгка, як здаецца, ды і 9 гадоў назад эстэтычная хірургія ў краіне была не вельмі развітой. Гэта сёння яна рухаецца сямімільнымі крокамі. У 2010 годзе мая адпрацоўка скончылася, я пераехаў у Гомель і пайшоў працаваць у таракальную хірургію. Праз некаторы час вырашыў, што магчымасцей для прафесійнага самаўдасканальвання ў якасці пластычнага хірурга ў Мінску больш, чым у Гомелі. Да таго ж я паступіў у ардынатуру па хірургіі і паралельна пачаў наведваць пластычныя аперацыі. Ардынатура праходзіла ў хірургіі Мінскай абласной бальніцы — там ёсць аддзяленне мікрахірургіі. Гэты напрамак медыцыны вельмі цікавы. І для таго каб мець у ім вопыт работы, я папрасіў загадчыка мікрахірургічнага аддзялення Аляксандра Уладзіміравіча Падгайскага стаць маім куратарам. Дзякуючы навучанню ў А.Падгайскага, галоўнага пластычнага хірурга Міністэрства аховы здароўя, пачаўся мой шлях у пластычную хірургію.
Такім чынам, з 2011 па 2016 год я працаваў пластычным хірургам у Гомелі, у прыватнай клініцы доктара Кушалевіча, а пасля вырашыў стаць самастойным і пераехаў у Мінск, уладкаваўся на работу. Увогуле, я ўпэўнены, калі хочаш чагосьці дасягнуць, неабходна дзейнічаць, стукаць ва ўсе дзверы — і вам абавязкова адчыняць. І гэта тычыцца не толькі медыцыны. Такое правіла дзейнічае абсалютна ў любой сферы.
— Ці існуюць у пластычнай хірургіі свае стандарты прыгажосці?
— Безумоўна, стандарты прыгажосці існуюць і ў пластыцы. Самым вядомым метадам, які ў многіх на слыху, з’яўляецца залатое сячэнне. Сутнасць яго ў тым, што прапорцыі твару павінны быць правільнымі. Каб зразумець, ці адпавядае кліент гэтаму метаду, твар візуальна дзеліцца на тры ці пяць частак паралельнымі лініямі ці на тры часткі гарызантальнымі лініямі, а адлегласць паміж імі павінна быць роўнай. Акрамя гэтага, існуе шмат вектараў і ліній, якія вызначаюць найбольш аптымальныя спалучэнні розных частак твару. Ёсць франкфурцкая гарызанталь, якая злучае казялок вуха і ніжнюю частку вачніцы. Па становішчы перпендыкуляра да гэтай лініі трэба аналізаваць верхнюю, сярэднюю і ніжнюю частку твару.
— З якімі пажаданнямі да вас часцей за ўсё прыходзяць пацыенты? Якія аперацыі з’яўляюцца найбольш запатрабаванымі? І хто ён, ваш сярэднестатыстычны пацыент?
— Пажаданні пацыентаў можна раздзяліць на дзве часткі. Безумоўна, усе хочуць захаваць выдатны выгляд, а таксама змяніць нешта ў сваім абліччы. Першая катэгорыя — людзі, якія вядуць барацьбу са старэннем, іх сярод тых, хто звяртаецца да мяне па дапамогу, палова. Астатнія прыходзяць, каб зрабіць прыгожыя вусны, нос і інш. Думкі пра тое, што трэба нешта мяняць, часта з’яўляюцца тады, калі чалавек перажывае непрыемнасці ў жыцці. Напрыклад, пасля разводу жанчыны разумеюць, што ў іх пачынаецца новае жыццё, а значыць, у ім трэба штосьці мяняць. Такое рашэнне я не лічу дрэнным. Дрэнна — гэта калі ты стаіш на месцы, а змены ў лепшы бок — гэта цудоўнае рашэнне. Да мяне апошнім часам прыходзіла некалькі жанчын, якія хацелі зрабіць інтымную пластыку. Безумоўна, я заўсёды цікаўлюся, якія змены ў жыцці прымусілі пацыентак пайсці на такі крок. Яны расказваюць, што ў сувязі са зменамі ў асабістым жыцці, у асноўным з разводам, з’яўляецца жаданне стаць лепшымі. Безумоўна, трэба сур’ёзна падыходзіць да рашэння зрабіць пластычную аперацыю, усё ўзважваць.
Калі гаварыць пра сярэднестатыстычнага пацыента, узросту тут няма. Звяртаюцца абсалютна розныя людзі са сваімі запытамі і пажаданнямі.
— Ці здараюцца выпадкі, калі пацыенты прыходзяць з пажаданнямі быць падобнымі да кагосьці з куміраў? Як рэагуеце на такія звароты?
— Так, ёсць сярод пацыентаў тыя, хто не проста імкнецца палепшыць сваю знешнасць, а хоча быць чымсьці падобным да куміраў. Неяк прыходзіла дзяўчына, якая хацела, каб я зрабіў ёй падбародак, як у Джэсікі Альба. Знешняе падабенства з актрысай у дзяўчыны было, але ёй гэтага было мала, хацелася, каб ніжняя частка твару таксама стала, як у актрысы. Калі такія жаданні не пярэчаць цвярозаму розуму, калі гэта магчыма зрабіць, я арыентуюся на падобныя запыты, але калі да мяне прыходзяць з шалёнымі ідэямі, кшталту зрабіць грудзі, як у Ірэн Ферары, то за гэта я, безумоўна, брацца не буду.
— Такім чынам, ці часта здараюцца выпадкі, калі вы адмаўляеце кліенту ў аперацыі?
— Адмовіць у аперацыі магу ў тым выпадку, калі бачу, што ў пацыента няма асаблівых прычын яе праводзіць, а ўся праблема, патрэба перарабіць сябе заключаецца ў псіхічным стане. Такія выпадкі здараюцца, але нячаста. Напрыклад, чалавек з добрымі рысамі твару, цела прыходзіць і просіць зрабіць так, каб яго абрысы нагадвалі нейкі міфічны выгляд. Такім пацыентам хочацца мець вельмі вузкую талію, шырокія разрэзы вачэй, вялізныя вусны. Усё, што перавышае норму, выходзіць за межы разумення, я не падтрымліваю. Гіперзмяненні нікому не пойдуць на карысць, і пра гэта трэба памятаць.
— Якія хірургічныя ўмяшанні, накіраваныя на ўдасканаленне знешнасці, найбольш папулярныя сярод беларусаў?
— Сярод мужчын найбольш папулярнымі з’яўляюцца аперацыі па карэкцыі ўзроставых змяненняў. І гэта нядзіўна. Добра выглядаць хочуць усе, незалежна ад полу і ўзросту. Так, найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца аперацыі па верхняй і ніжняй блефарапластыцы — падцяжцы павек. Блефарапластыка вырашае праблему навіслых павек, мяшкоў пад вачыма, “знішчае” гусіныя лапкі і іншыя маршчынкі, якія з’яўляюцца вакол вачэй. Працэдуру можна пасля ці перад гэтым дапаўняць ін’екцыямі ботулатаксіну (Botox, Dysport), а эфект ад блефарапластыкі захоўваецца на працягу 10 і больш гадоў. Акрамя таго, папулярнымі з’яўляюцца і ін’екцыйныя методыкі, асабліва карэкцыя насагубных маршчын, а таксама інтымная пластыка, у тым ліку сярод мужчын.
Што тычыцца жанчын, то часцей за ўсё беларускі звяртаюцца, каб зрабіць аперацыю па павелічэнні грудзей. Акрамя гэтага, не здае свае пазіцыі рынапластыка — аперацыя, якая дазваляе змяніць форму носа. З ін’екцыйных методык найбольш папулярнымі сярод жанчын з’яўляюцца маніпуляцыі па павелічэнні і змяненні формы вуснаў.
Да таго ж я адзін з нямногіх у краіне спецыялістаў, хто робіць перасадку валасоў пры мужчынскай і жаночай алапецыі. І гэтыя аперацыі карыстаюцца попытам.
Трэба сказаць, што самыя запатрабаваныя аперацыі ў нашай краіне не адрозніваюцца ад тых, якія папулярны ва ўсім свеце. Так, да гэтага спіса можна аднесці карэкцыю формы малочнай залозы, блефарапластыку, рынапластыку, а таксама ліпасакцыю, ліпафілінг і тыя ін’екцыйныя методыкі, пра якія я згадваў вышэй. Аркамя гэтага, папулярнымі і нават карыснымі ін’екцыямі з’яўляюцца PRP. Гэта інавацыйная амаладжальная працэдура, падчас якой у пацыента бярэцца кроў, пасля з яе робіцца багатая трамбацытамі плазма, якая ўводзіцца падскурна ў твар. Эфектыўнасць метаду заключаецца ў наступным: трамбацыты змяшчаюць фактары росту, якія адказваюць не толькі за згусальнасць крыві, але і за рэгенерацыю, а таксама рост маладых тканак. Дзякуючы гэтаму, дасягаецца амаладжальны эфект. На гэтую працэдуру таксама часта прыходзяць маладыя людзі, якія пакутуюць ад вугрыстага сыпу. Папулярны такі метад лячэння і ў дзяўчынак, якія перажываюць пераходны ўзрост. Дарэчы, плазма можа ўводзіцца і ў скуру галавы. Ёсць людзі, якія маюць залысіны, і валасы на такіх участках амаль не растуць. У мяне сярод пацыентаў таксама ёсць такая дзяўчына. Зараз я раблю ёй перасадку валасоў, каб дапамагчы пазбавіцца комплексаў.
— Якія існуюць абсалютныя і часовыя супрацьпаказанні для правядзення пластычнай аперацыі? Што, акрамя гіперпатрабаванняў да бездакорнай казачнай знешнасці, можа прымусіць хірурга адмовіць пацыенту?
— Абсалютнымі супрацьпаказаннямі для правядзення пластычнай аперацыі з’яўляюцца вострыя захворванні, а таксама запаленчыя працэсы ў органах і тканках, якія абвастрыліся незадоўга да аперацыі. Да гэтага пераліку можна аднесці і вострыя рэспіраторныя захворванні, анкалагічныя, а таксама хваробы крыві. Асабліва гэты пункт тычыцца тых, хто марыць зрабіць пластыку грудзей. Кваліфікаваны пластычны хірург абавязкова назначыць шэраг аналізаў, а таксама папросіць зрабіць мамаграфію, каб пераканацца ў адсутнасці пухлін у малочнай залозе. Варта падкрэсліць, што дабраякасныя новаўтварэнні ў грудзях таксама патрабуюць лячэння, без якога яны з’яўляюцца абсалютным супрацьпаказаннем для правядзення мамапластыкі. Дарэчы, рэканструкцыйная аперацыя пасля радыкальнай мастэктаміі можа праводзіцца толькі пры дакладнай адмоўнай пробе на наяўнасць метастазаў, а таксама калі выключана рызыка развіцця рэцыдыву.
— З якімі ўскладненнямі часцей за ўсё сутыкаюцца пацыенты пасля правядзення пластычных аперацый?
— Згодна са статыстыкай, пасляаперацыйныя ўскладненні могуць сустракацца ў 2—5% выпадкаў. Хірургі пра іх ведаюць і заўсёды папярэджваюць пацыентаў пра магчымыя рызыкі, якія цалкам выключыць не можа ніхто. Звязана гэта з тым, што рэакцыя арганізма на аперацыю ў кожнага чалавека свая. Тым не менш правільны падыход з боку як пацыента, так і ўрача да ўсіх этапаў хірургічнага ўмяшання мінімізуе рызыкі. Што тычыцца непасрэдна ўскладненняў, сюды адносяцца інфіцыраванне раны, серома (вялікая колькасць вадкасці пад скурай), гематома, зацвярдзенне рубцоў, зрушэнне імплантатаў. Каб пазбегнуць ускладненняў пасля праведзенай пластычнай аперацыі, неабходна кансультавацца з урачом. Калі ў чытачоў “Настаўніцкай газеты” ўзнікне такая неабходнасць, мне можна напісаць у “Інстаграм” (@dr_duzhy і @Duzhy_beauty). Я з задавальненнем адкажу на пытанні і дам неабходныя парады.
— Аляксей, ведаю, што да вас прыводзяць і школьнікаў, каб пазбавіцца такога эстэтычнага недахопу, як лапавухасць.
— Так, ёсць сярод пацыентаў і маленькія дзеці, якія пакутуюць ад гэтага недахопу. Часцей за ўсё бацькі прыводзяць іх перад тым, як гэтыя дзеці пойдуць у 1 клас. Безумоўна, у першую чаргу да метаду атапластыкі звяртаюцца ў такім узросце, каб дзіця не дражнілі ў школе. Аперацыя праходзіць вельмі хутка і заўсёды эфектыўна. Хірургія накіравана на тое, каб дапамагаць людзям рознага ўзросту. Не важна, ад чаго пакутуе пацыент. Наша здача — выслухаць, даць параду, як зрабіць лепш, і дапамагчы.
— Якія парады вы як пластычны хірург можаце даць нашым чытачам? Ці заўсёды пластыка з’яўляецца тым адзіным крокам, якога не хапала, каб стаць больш упэўненым, палюбіць сябе?
— Самае важнае — любіць сябе. Безумоўна, калі ёсць недахопы, з якімі вам не хочацца жыць, трэба шукаць дзейсныя метады пазбаўлення іх. Што тычыцца, скажам, фігуры, то ў першую чаргу для паляпшэння выгляду павінна прымяняцца не пластычная хірургія, а спорт. Аднак калі не атрымліваецца змяніць стан пры дапамозе спорту, то на дапамогу магу прыйсці я, зрабіць ліпасакцыю. На целе часта застаюцца ўчасткі, якія не знікаюць нават пасля самых цяжкіх трэніровак, гэта так званыя тлушчавыя пасткі (тлушч вакол пупка, зоны галіфэ, калень, на ўнутранай паверхні сцягна, тлушч вакол паясніцы — “бачкі”, на ўнутранай паверхні пляча). Таму, калі без дапамогі спецыяліста не абысціся, буду рады даць параду і дапамагчы стаць яшчэ больш прыгожай і ўпэўненай у сабе асобай.
Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва Аляксея ДУЖАГА.