Тыя, хто пастаянна сядзіць за камп’ютарам, як правіла, асноўную небяспеку бачаць у электрамагнітным выпраменьванні і турбуюцца, як засцерагчы свае вочы. Але існуюць і больш сур’ёзныя прычыны для хвалявання, напрыклад, небяспека зарабіць такое захворванне, як сіндром карпальнага канала (“мышыны” сіндром, тунэльны сіндром).
Калі ваша жыццё непарыўна звязана з камп’ютарам і час ад часу, здавалася б, без прычыны з’яўляюцца непрыемныя адчуванні ў кісці і запясці, пальцы рук слабеюць, запясце зводзіць сутарга, адчуваеце паколванне і зняменне (асабліва па начах), то пара падымаць трывогу.
Пры жаданні можна правесці самастойную дыягностыку. Дастаткова з усяе сілы сціснуць далоні ў кулак ці скласці іх разам так, як гэта робяць станоўчыя героі ў індыйскіх фільмах. Калі праз дзве мінуты пальцы не пачнуць дранцвець, значыць, пагрозы для запясцяў няма. Можна вымераць крывяны ціск. Лічбы значэння не маюць. У гэтай сітуацыі галоўнае, каб па далоні пераціснутай рукі не пабеглі мурашкі. Калі ж вы адчулі здранцвенне ці іншыя непрыемныя сімптомы, не марудзьце з візітам да неўролага або спецыяліста па хірургіі кісці.
У лячэнні запясцевага сіндрому ёсць два шляхі. Першы — лекавы, другі — хірургічны. Лепшай прафілактыкай хваробы з’яўляецца выключэнне правакуючага моманту — гэта значыць уласна камп’ютара. Аднак у наш час, калі практычна ўсе сферы жыцця звязаны з яго выкарыстаннем, выконваць гэтую рэкамендацыю складана.
Каб прадухіліць з’яўленне тунэльнага сіндрому, трэба арганізаваць рабочае месца такім чынам, каб рукі адчувалі мінімум нагрузак:
— сачыце за тым, каб вугал згібу рукі ў локці быў 90 градусаў;
— абапірайцеся не на запясці, а на локці, і ні ў якім разе не працуйце на вісе — рукі павінны на штосьці абавязкова абапірацца;
— пры рабоце з мышкай трымайце кісць прамой і як мага далей ад краю стала;
— абавязкова карыстайцеся спецыяльным дыванком для мышы з сіліконавай ці гелевай падушачкай пад запясце, з яе дапамогай рука знаходзіцца ў эрганамічным становішчы;
— пазбягайце пазіцыі, калі кісць размяшчаецца вышэй перадплечча (празмернага выгіну запясця);
— мэтазгодна надзець на запясце фіксатар, калі яго няма, можна зафіксаваць сустаў з дапамогай эластычнага бінту;
— перыядычна мяняйце рукі, выкарыстоўваючы мышку, працуйце то правай, то левай рукой.
Акрамя таго, на працягу дня старайцеся кожную гадзіну выконваць практыкаванні для рук: трасіце кісцямі, барабаньце па стале, сціскайце і расціскайце кулакі. Можна карыстацца эспандарам для зняцця напружання ці рабіць гімнастыку для кісці. Не варта забываць і пра элементарную асцярожнасць. Старайцеся не пераахалоджваць рукі, цяжкую сумку перакладайце ў левую руку і не абапірайцеся на руку так, каб выварочвалася кісць.
Запомніце! Лячыць сіндром запясцевага канала бескарысна, калі ў працэсе лячэння вашы з камп’ютарам адносіны не мяняюцца. Трэба не толькі прымаць лекі і выконваць лячэбныя працэдуры, але ў першую чаргу паклапаціцца пра эрганамічнасць рабочага месца. Гэта дапаможа прадухіліць развіццё тунэльнага сіндрому і пазбегнуць рэцыдываў хваробы.
Кацярына АЗАРАВА,
урач-гігіеніст Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.