Харчовыя дабаўкі: “за” і “супраць”

Паглядзіце на этыкетку любога прадукту — і вы ўбачыце доўгі спіс дадатковых інгрэдыентаў, якія і не збіраліся купляць. Вы паверыце, што ружовага ці фісташкавага колеру марожанае — натуральны прадукт? Наўрад ці. Не могуць жа малако ці вяршкі, з якіх яго зрабілі, быць ружовымі ці зялёнымі. Няцяжка здагадацца, што ў прадукт нешта дадалі для афарбоўвання.

Харчовыя дабаўкі — гэта прыродныя ці штучныя рэчывы, якія дадаюць у прадукты, каб надаць апошнім пэўныя якасці і захаваць іх.

Вытворчасць, пастаўка, выкарыстанне і рэалізацыя харчовых дабавак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэгламентуецца дзеючым санітарным заканадаўствам. Колькасць харчовых дабавак, якія можна выкарыстоўваць у нашай краіне, — 399.

Забароненымі ў Рэспубліцы Беларусь харчовымі дабаўкамі з’яўляюцца:
Е103, Е106, Е111, Е121, Е123, Е126, Е130, Е181, Е216, Е217, Е240, Е924, Е924а.

Літарны код “Е” — гэта сістэма кадыфікацыі, распрацаваная ў Еўропе. Харчовыя дабаўкі часта сустракаюцца пад гандлёвымі ці доўгімі, цяжкімі для вымаўлення, хімічнымі найменнямі. Надпіс тыпу Е101 выглядае аднолькава на ўсіх мовах і інфармуе аб складзе прадукту. Такі код — своеасаблівая пячатка адабрэння: значыць, гэтая дабаўка ўваходзіць у пералік афіцыйна дазволеных у еўрапейскіх краінах.

Небяспечнымі харчовымі дабаўкамі з’яўляюцца глутамінавая кіслата (Е620) і яе солі, бензойная кіслата (Е210—Е219).

Глутамінавую кіслату дадаюць для ўзмацнення смаку. Нягледзячы на тое, што глутамінавая кіслата — натуральная для нашага арганізма амінакіслата, выкарыстоўваць яе трэба абмежавана. Пры высокіх канцэнтрацыях глутамату можа чырванець твар, узнікаць адчуванне жару, млоснасць, ірвота, ваганні артэрыяльнага ціску, павышэнне тэмпературы цела, бяссонніца, частае сэрцабіцце. Такі стан можа быць небяспечны для людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі.

Бензойную кіслату дадаюць у рыбныя кансервы і газіраваныя напіткі. Бензойная кіслата можа выклікаць алергічныя рэакцыі нават да анафілактычнага шоку. Таму прадукты з гэтай харчовай дабаўкай лепш не спажываць хворым на бранхіяльную астму і пры схільнасці да алергіі.

Але існуюць харчовыя дабаўкі, дзякуючы якім прадукты не толькі не губляюць сваёй якасці, але і становяцца карыснымі. Большасць з гэтых дабавак дапушчальныя ў прадуктах дзіцячага харчавання. Да такіх харчовых дабавак адносяць малочную кіслату (Е270), лецыціны (Е322), агар (Е4060), гуаравую і ксантанавую камедзь (Е412), Е4150 і некаторыя іншыя. Таксама карысныя якасці маюць такія фарбавальнікі, як куркумін (Е100) і лікапін (Е160d).

Хочаце быць упэўненымі, што на вашым стале натуральная і здаровая ежа, — прытрымлівайцеся простых рэкамендацый:

— уважліва чытайце этыкетку;

— не купляйце прадукты з ненатуральна яркай афарбоўкай;

— не купляйце прадукты з вельмі доўгім тэрмінам захоўвання;

— прытрымлівайцеся прынцыпу прастаты: калі вы купляеце гатовыя прадукты, майце на ўвазе, што чым меншы спіс інгрэдыентаў, тым менш дабавак, прадукты з пікантным смакам, хутчэй за ўсё, змяшчаюць дабаўкі;

— не купляйце гатовыя сокі — рабіце іх самі;

— не перакусвайце чыпсамі, гатовымі снеданнямі, супамі з пакецікаў, хот-догамі і да таго падобным, замяніце іх арэхамі, садавіной, сырой агароднінай;

— адмоўцеся ад перапрацаваных і кансерваваных мясных прадуктаў (каўбас, сасісак, тушонкі ў бляшанках).

Прытрымлівайцеся залатога правіла: у харчаванні ўсё павінна быць у меру і па магчымасці разнастайна.

Сяргей ЧЭПЕЛЕЎ,
урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання Цэнтра гігіены
і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.