На тэрыторыі здароўя

Сучасная cістэма адукацыі прадугледжвае рознабаковае развіццё асобы дзіцяці з улікам яго індывідуальных, псіхафізіялагічных і інтэлектуальных магчымасцей. Абнаўленне зместу адукацыі, форм і метадаў навучання, тэхнічнае перааснашчэнне школ спрыяюць інтэнсіфікацыі працэсу навучання, што не заўсёды супадае з асаблівасцямі развіцця і станам здароўя навучэнцаў.

Тое, як умовы навучання і школьныя перагрузкі ўплываюць на здароўе школьнікаў, растлумачыла нацыянальны каардынатар школ здароўя, загадчык кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Алена Алегаўна Гузік.

Праект: для каго і для чаго?

Умовы навучання, перагрузкі на ўроках з’яўляюцца важным фактарам, які здольны ўплываць на здароўе школьнікаў.

“Акрамя таго, гады навучання для кожнага дзіцяці — гэта перыяд інтэнсіўнага развіцця, фарміравання арганізма. Гэта той перыяд, калі любыя неспрыяльныя ўздзеянні аказваюць найбольшы ўплыў на арганізм, — гаворыць Алена Гузік. — Паглыбленае вывучэнне прадметаў, павышаны аб’ём адукацыйнай нагрузкі ва ўмовах дэфіцыту вучэбнага часу выклікаюць у дзяцей і падлеткаў значнае псіхаэмацыянальнае напружанне. Разам з гэтым працягласць сну, аб’ём рухальнай актыўнасці і час знаходжання на свежым паветры рэзка скарачаюцца. Усё гэта ў комплексе зніжае агульную неспецыфічную рэзістэнтнасць арганізма, які расце, і прыводзіць да фарміравання розных функцыянальных расстройстваў нервовай, эндакрыннай сістэм, апорна-рухальнага апарату, паскарае пераход такіх парушэнняў у хранічныя захворванні. Сёння ў нашай краіне праблема фарміравання, захавання і ўмацавання здароўя дзяцей і падлеткаў разглядаецца як важны складнік нацыянальнай бяспекі. Нягледзячы на наяў­насць станоўчых тэндэнцый у дынаміцы паказчыкаў стану здароўя дзяцей і падлеткаў, якiя вызначаюцца годным узроўнем развіцця айчыннай аховы здароўя, сучасны тэмп жыцця, што нарастае, высокая насычанасць новымі тэхналогіямі і індустрыялізацыя харчавання вызначаюць рост функцыянальных адхіленняў і захворванняў, павелічэнне дысгарманічнасці фізічнага развіцця, зніжэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці. Фарміраванне адхіленняў асабліва часта выпадае на перыяд навучання, калі назіраецца найбольш інтэнсіўны рост і развіццё дзіцяці”.

Дарэчы, у параўнанні з да­школьнікамі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі распаўсюджанасць парушэнняў вастрыні зроку павялічваецца ў 3,5, парушэнняў паставы — у 6,8 разу. Згодна з данымі расійскіх вучоных, уклад непасрэднага ўплыву фактараў унутрышкольнага асяроддзя ў фарміраванне здароўя навучэнцаў можа дасягаць паказчыку ў 27%. Пераход у школе на прадметнае навучанне працягвае суправаджацца ­ўзмацненнем негатыўных тэндэнцый у фарміраванні здароўя са зніжэннем ­удзельнай вагі абсалютна здаровых дзяцей да 10%.

Вопыт + ініцыятыва = поспех

Для вырашэння праблемы захавання здароўя дзяцей школьнага ўзросту ў працэсе навучання ў нашай краіне найбольш перспектыўным прызнана выкарыстанне шматгадовага вопыту сеткі школ здароўя (SHE), якая арганізавана ў 1991 годзе і прызнана ў Еўропе і ва ўсім свеце адной з вядучых міжнародных сетак школ, якія са­дзейнічаюць умацаванню здароўя. Напрыклад, работа школ здароўя ў Еўропе з’яўляецца неад’емнай часткай як у адукацыйным сектары, так і ў сектары аховы здароўя. Школы, якія рэалізуюць палітыку ўмацавання здароўя навучэнцаў, павышаюць магчымасці дзяцей і дарослых па стварэнні бяспечнага і спрыяльнага для здароўя сацыяльнага, фізічнага і псіхалагічнага асяроддзя, а таксама спрыяюць фарміраванню ў вучняў свядомага стаўлення да свайго здароўя і здароўя навакольных. Сёння сетка школ здароўя развіваецца ў 41 краіне Еўропы.

“Дарэчы, менавіта вопыт еўра­пейскіх краін вызначыў ініцыятыву кафедры гігіены і медыцынскай экалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі па далучэнні да сеткі SHE, — адзначыла каардынатар праекта. — Так, у снежні 2014 года наша краіна далучылася да праекта школ здароўя ў Еўропе як перспектыўны рэгіён. Гэта было зроблена з улікам таго, што практычна ва ўсіх рэгіёнах краіны ёсць установы адукацыі, дзе ў розным аб’ёме право­дзіцца работа па фарміраванні ў вучняў навыкаў здаровага ладу жыцця, аптымізацыі рухальнай актыўнасці, рацыянальнага харчавання”.

Сёння адпаведны праект развіваецца згодна з рэалізацыяй дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” на 2021—2026 гады, што зацверджана пастановай Савета Міністраў № 28 ад 19.01.2021, падпраграмы 2 “Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў” (п. 31. Рэалізацыя інфармацыйнага прафілактычнага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі).

Згодна з падыходамі, што былі распрацаваны кафедрай гігіены і медыцынскай экалогіі БелМАПА, штогод спецыялістамі тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі сумесна з упраўленнямі па адукацыі, медыцынскімі работнікамі, якія аказваюць медыцынскую дапамогу навучэнцам, праводзіцца ацэнка ўстаноў, што ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта ў адпаведнасці з усталяванымі крытэрыямі. Так, па выніках 2019/2020 навучальнага года праект “Школа — тэрыторыя здароўя” рэалізоўваўся ў 1635 установах агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта склала 58,75% ад усіх устаноў адукацыі краіны. Найбольш высокая ўдзельная вага такіх устаноў у Гродзенскай вобласці (87,4%), Мінску (76,9%) і Брэсцкай вобласці (70,3%) (гл. дыяграму).

“У школах і гімназіях, дзе рэалізоўваўся праект, вучыліся 67,4% навучэнцаў, а гэта 682 198 дзяцей, — працягвае расказваць пра асаблівасці рэалізацыі ініцыятывы Алена Алегаўна. — Максімальны ахоп навучэнцаў дзейнасцю па здароўезберажэнні ў Гродзенскай — 93,8% (106 573 навучэнцаў), Брэсцкай — 83,0% (136 728 чалавек) і Віцебскай вобласці — 79,4% (88 576 непаўналетніх). У Магілёўскай вобласці ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі мінімальная ўдзельная вага ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама навучэнцаў, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”, — гэта 49 школ (14,8%) і 3198 навучэнцаў (12,2%).

У 2019/2020 навучальным годзе ў рамках пратакола пася­джэння Міжведамаснага савета па фарміраванні здаровага ладу жыцця, кантролі за неінфекцыйнымі захворваннямі, папярэджанні і прафілактыцы п’янства, алкагалізму, наркаманіі і спажывання тытуню і тытунёвых вырабаў была вызначана неабход­насць пры­няць дадатковыя меры па папулярызацыі перадавых форм работы па здароўезберажэнні навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, уключэнні ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў рэалізацыю праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”. Гэта вызначыла неабходнасць ацэнкі ўсіх устаноў краіны ў адпаведнасці з крытэрыямі, прадстаўленымі ў інструкцыі “Арганізацыя рэсурсных цэнтраў захавання здароўя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” для вызначэння ўстановы, якая ўтрымлівае элементы праекта ці рэалізуе яго ў поўным аб’ёме. Вынікі экспертызы, праведзенай у красавіку 2020 года, свед­чаць, што ў 2019/2020 навучальным годзе 2163 установы агульнай сярэдняй адукацыі (77,7%) былі прыцягнуты да рэалізацыі праекта з ахопам 846 523 навучэнцаў (83,6%). Варта адзначыць, што ў Мінску, Гродзенскай і Гомельскай абласцях усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і ўсе навучэнцы задзейнічаны ў рэалізацыі праекта. Самы нізкі ахоп дзейнасцю па здароўезберажэнні — у Магілёўскай вобласці. Тут задзейнічаны 57 школ (17,2%) і 15 535 вучняў (14,4%) адпаведна”.

Для школы і сям’і

Спецыялісты цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння праводзяць актыўную работу па ўключэнні ў дзейнасць па здароўезберажэнні максімальнай колькасці ўстаноў агульнай ся­рэдняй адукацыі.

“Аналіз матэрыялаў, прадстаўленых спецыялістамі цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі краіны, сведчыць, што падчас рэалізацыі праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі створана здароўезберагальнае асяроддзе, якое спрыяе станоўчай матывацыі да захавання і ўмацавання здароўя, падтрымцы спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату сярод усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, а таксама аказвае ўплыў на фарміраванне навыкаў, уменняў і матывацыі да здаровага ладу жыцця, — працягвае А.А.Гузік. — Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны на рэгулярнай аснове праводзяцца асветніцкія, выхаваўчыя мерапрыемствы з педагогамі, вучнямі і іх законнымі прадстаўнікамі па пытаннях прафілактыкі захворванняў. За час такой работы навучэнцы пашырылі веды ў пытаннях здароўя і здаровага ладу жыцця. Таксама была пашырана сфера супрацоўніцтва школы з сям’ёй, а таксама тымі арганізацыямі і ўстановамі, што зацікаўлены ў выхаванні”.

Падчас арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”, выкарыстоўваюцца здароўезберагальныя тэхналогіі, якія, са слоў спецыяліста, уключаюць рацыянальную арганізацыю работы і адпачынку, правя­дзенне фізкультхвілінак, размінак для вачэй, практыкаванняў для захавання паставы і інш.

“Вучні з’яўляюцца арганізатарамі пазнавальных хвілінак бяспекі і тэматычных перапынкаў, на якіх дэманструюцца відэаролікі па пытаннях здаровага ладу жыцця, праводзяцца інтэрактыўныя гульні і выступленні агітбрыгад, — адзначыла Алена Алегаўна. — Удзяляецца ўвага павышэнню ўзроўню рухальнай актыўнасці вучняў і баць­коў, якія, дарэчы, прымаюць актыўны ўдзел у раённых спартыўных мерапрыемствах. Таксама добрай традыцыяй у шэрагу ўстаноў стала правя­дзенне актыўных дынамічных перапынкаў з навучэнцамі”.

Работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця ў школах праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі ў рамках самаадукацыі дарослых і актывізацыі бацькоўскай дапамогі ў правядзенні сумесных мерапрыемстваў. Так, для дарослых праводзяцца бацькоўскія сходы з удзелам спецыялістаў цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, сацыяльна-псіхалагічнай службы і медыцынскіх работнікаў. Таксама былі распрацаваны інфармацыйныя матэрыялы, дзе можна знайсці падрабязную інфармацыю пра тое, як прывучыць дзяцей да таго, каб яны сачылі за сваім здароўем.

У красавіку гэтага навучальнага года праводзілася штогадовая экспертыза ўстаноў адукацыі, прыцягнутых да рэалізацыі інфармацыйнага прафілактычнага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”, а таксама ўпершыню была ацэнена эфектыўнасць рэалізацыі праекта.

Інфармацыя пра вынікі рэалізацыі праекта будзе прадстаўлена да пачатку наступнага навучальнага года.

“Такім чынам, рэалізацыя інфармацыйнага прафілактычнага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” спрыяе распаўсюджванню вопыту здароўезбера­жэння, павышэнню эфектыўнасці санітарна-гігіенічных мерапрыемстваў, што право­дзяцца спецыялістамі, — заўважыла Алена Гузік. — Таксама праект працуе на стварэнне ўмоў для аздараўлення дзяцей ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, на паляпшэнне падрыхтоўкі спецыялістаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па навыках здароўезберажэння. Безумоўна, рацыянальнаму выкарыстанню патэнцыялу, накіраванага на ахову здароўя, павышэнню якасці адукацыі і змяншэнню ўдзельнай вагі навучэнцаў, якія маюць функцыянальныя адхіленні ў стане здароўя, дысгарманічнае фізічнае развіццё і хранічныя хваробы, праект таксама спрыяе. Спадзяюся, што вынікі, якія пакажа праект у наступным годзе, будуць яшчэ больш уражлівымі”.

Асновы праекта вывучала Наталля САХНО.