Па гаючую сілу валошак і дзівасілу

Фітатэрапія, якая некалі была асноўным выратаваннем ад хвароб, становіцца папулярнай і цяпер. Бадай, ніхто з нас не сумняваецца ў сілах прыроды, але мала хто ведае, як правільна выкарыстоўваць гаючыя травы. Менавіта для таго, каб навучыць гэтаму ўсіх жадаючых, у Мядзельскім раёне, на беразе возера Белага, у акружэнні лясоў, створаны ўнікальны гаючы свет — “Аптэкарскі сад”. Прычым спасцігаць зёлкавыя таямніцы тут вельмі камфортна — цешачы вока шыкоўнымі краявідамі, наталяючыся травянымі зборамі, прагульваючыся па “зялёных пакоях” і лабірынце і адкрываючы для сябе сакрэты бабулі-траўніцы.

Фітакабінет пад адкрытым небам

Тут, на Мядзельшчыне, створаны адзіны ў краіне турыстычны аб’ект, дзе вырошчваюць, культывуюць лекавыя расліны і нарыхтоўваюць іх для фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі — лекавымі раслінамі заняты ажно 33 гектары. “Аптэкарскі сад” разгарнуўся на плошчы 1,6 гектара і стаў дэманстрацыйнай пляцоўкай прыроднага зялёнага багацця. Тут сабраны батанічныя калекцыі прывычных і рэдкіх лекавых раслін і кветак, якія аформлены ў тэматычныя кампазіцыі і арт-аб’екты, казачныя зялёныя лабірынты. Расліны сабраны з усяго свету. Многія з іх — чырванакніжнікі.


Экскурсіі і прагулкі па садзе палюбіліся турыстам, аматарам прыроды і здаровага ладу жыцця. Тут яны знаёмяцца з даўнімі традыцыямі, ацэньваюць сучасныя тэхналогіі ў ландшафтным дызайне, даведваюцца, як вырошчваюць, збіраюць, сушаць лекавыя расліны.

У фітагасцёўні можна прадэгуставаць ужо гатовыя чайныя кампазіцыі, а таксама прыдумаць свой фірменны рэцэпт пад кіраўніцтвам вопытнага траўніка. Ёсць чаму павучыцца і аматарам лазні: тут ствараюцца лячэбныя запаркі, венікі (для кожнай хваробы — свой), касметычныя сродкі. І, канечне, шмат людзей прыязджаюць сюды на пазнавальныя экскурсіі. Адну з іх для нас правядзе экскурсавод Наталля Смятаніна. Далучаемся?

У госці да Бабы Ягі

Перад намі паўстае цудоўны жнівенькі пейзаж, ветрыкам разносіцца водар траў, над кветкамі стракацяць крыламі матылькі, дзелавіта гудуць занятыя чмялі і пчолы.

У сярэдзіне “Аптэкарскага саду” знаходзіцца цэнтральная клумба, ад якой ва ўсе бакі адыходзяць чатыры своеасаблівыя “лопасці”-клумбы, якія цвітуць з красавіка і да позняй восені. Тут ёсць фантан з рыбкамі ў акружэнні ісопу і лазаніцы кропкавай. Гэтыя расліны яшчэ і выдатныя лекары. Напой з ісопу, напрыклад, вельмі карысны пажылым людзям для надання сіл і здароўя.


Побач — лаванда вузкалістая. У сярэднявеччы яна шанавалася чараўнікамі і чараўніцамі, бо лічылася, што расліна адкрывае трэцяе вока і абвастрае інтуіцыю. Лаванда паспяхова выкарыстоўваецца для лячэння вострых рэспіраторных захворванняў, неўрозаў, стрэсаў, захворванняў страўнікава-кішачнага тракту. Запатрабавана яна і як прыправа.

Па суседстве растуць кацямятка, манарда, меліса, мята, мацярдушка, чабор. Усе парфумеры свету ведаюць пра ліатрыс каласковы з Паўночнай Амерыкі і празвалі гэтую расліну каралевай пахаў за тонкі водар ванілі з ледзь улоўнымі ноткамі свежаскошанага сена.

Ёсць чым здзівіць госця і гусялапцы. У яе ёсць і народныя назвы — мядзведжая лапа, жаночая накідка. Расліну ўжываюць пры крывацёках, для ўзмацнення лактацыі і нават як дапаможны сродак пры родах. У сярэднія стагоддзі алхімікі спрабавалі з расы, якая збіраецца на ажурных лістах гусялапкі, атрымаць эліксір маладосці. І сапраўды, калі гэтай расой праціраць твар, ён стане такім жа чыстым.

Шмат тут і раслін-іншаземцаў. Калі ім не падыходзяць нашы кліматычныя ўмовы, спецыялісты ствараюць іх штучна. Напрыклад, для жэньшэню, які можа расці ў паўзмроку і толькі пры пэўнай вільготнасці, пабудаваны жэньшэнарый. А вось ураджэнкі Японіі маклея сэрцападобная, гінкга білоба, сакура нядрэнна прыжываюцца і пад адкрытым небам. З Каўказа трапіла біручына. З самага прыстасаванага яе віду — біручыны хуткарослай — тут пасаджаны маштабны зялёны лабірынт. Праз пару гадоў яго “сцены” схаваюць не толькі дзяцей, якія любяць гуляць тут у хованкі, але і дарослых. У лабірынце гаспадарыць Баба Яга. Менавіта яе драўляная скульптура ўзвышаецца ў цэнтры, а каля яе ног — клумба з атрутнымі раслінамі: расходнікам з’едлівым, піжмай крыспа, купенай лекавай, ландышам, воўчым лыкам, дурнап’янам, аканітам, цыкутай…

Каб увайсці ў лабірынт, трэба здаць невялікі іспыт на веданне біяграфіі Бабы Ягі. Толькі тады можна паспрабаваць шчасце і знайсці ў лабірынце тры збанкі, якія выконваюць жаданні. Трэба толькі пацерці іх правай рукой і прашаптаць унутр сваё жаданне.

Арт-пакоі для ведаў і супакою

У “Аптэкарскім садзе” чатыры зялёныя арт-пакоі. Першым нас сустракае “Аптэкарскі агарод”. Тут сабраны звыклыя кожнаму з нас садова-агародныя культуры — чорныя парэчкі, агрэст, буякі, цыбуля, пятрушка, сланечнік, шалфей і іншыя, безумоўна, карысныя. Яшчэ Гіпакрат гаварыў пра карысныя ўласцівасці шалфею лекавага і рэкамендаваў ужываць яго для надання сіл і прадаўжэння маладосці. А шалфей мускатны са старажытных часоў выкарыстоўвалі пры запаленнях вачэй і жаночых хваробах. Буякі багатыя антыаксідантамі і лютэінам, які вельмі карысны для вачэй. Буракі чысцяць кроў, а ў агурках ёсць серабро. А падкрэслівае гэтую ідэю — незвычайнае ў звычайным — аўтамабіль, у якім… растуць кветкі.

Пляцоўка “Ледавіковы перыяд” адсылае на 20 тысяч гадоў назад, калі па гэтай зямлі “ішлі” ледавікі. На памяць аб сабе яны пакінулі вялізныя шматтонныя валуны як помнікі геалагічнай эпохі. Менавіта з такіх камянёў, сабраных у раёне Свянцянскай марэннай грады, былі выраблены старадаўнія жорны — гонар “Аптэкарскага саду”. Іх акружае калекцыя раслін, якія растуць пераважна ў горнай мясцовасці. І ветраніца лясная, чырванакніжніца Беларусі, тут высаджана не выпадкова — яна прыйшла да нас з даледавіковай эпохі. Яе адвар ужываюць пры нервовых і скурных захворваннях, рэўматызме, пры галаўным і зубным болях, для паляпшэння зроку і слыху.

Сімвал пакоя “Лекавая кладоўка” — самы вядомы медыцынскі сімвал — абвіты змяёй кубак. Тут высаджаны лекавыя расліны, якія шырока прымяняюцца не толькі ў медыцыне, але і ў кулінарыі народаў свету. Гэта і валяр’ян лекавы, які ратуе хворыя сэрцы, і прыгажуня каліна — яе ягады выкарыстоўваюць пры атэрасклерозе, гіпертаніі, для нармалізацыі работы сэрца і ачышчэння крывяносных сасудаў.

Тут жа і багатая калекцыя мяты — перцавая, духмяная, кучаравая, цытрынавая, яблычная, ананасная, зялёная… (Лісточкі кожнага віду іх Наталля прапануе расцерці ў пальцах і параўнаць пах.) У народнай медыцыне мятай лечаць сардэчныя і лёгачныя захворванні, выкарыстоўваюць як заспакаяльнае і ўмацавальны сродак пры ўпадку сіл. Прыкладванне свежага лісця пазбаўляе ад галаўнога болю, а масла з яго лечыць вочы.

Далёка не ўсе ведаюць, што эстрагон — гэта вядомы нам тархун: смачная і карысная вострая прыправа. Зеляніну дадаюць у марынады пры квашанні капусты, засолцы памідораў і агуркоў. Выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы варанай рыбы, бараніны, светлых соусаў і многіх іншых вытанчаных страў. Знойдзены рукапісы, у якіх гаворыцца аб тым, што выкарыстоўвалі тархун і ў барацьбе з ракам.

Радыёла ружовая, якая спусцілася сюды з алтайскіх гор, у літаральным сэнсе вяртае чалавека да жыцця. Нездарма ж яе называюць залатым коранем і сібірскім жэньшэнем. Яна ўзбадзёрвае, павышае разумовую і фізічную працаздольнасць, лечыць імунную, нервовую і эндакрынную сістэмы.

Не менш карысная і мацярдушка. Яна валодае настолькі моцным антыбактэрыяльным дзеяннем, што медыкі звяртаюцца да яе для абароны памяшканняў бальніц (і асабліва радзільных дамоў) ад залацістага стафілакока, вельмі небяспечнага для нованароджаных. Адвары мацярдушкі карысныя пры бяссонніцы, дэпрэсіі, адчуванні слабасці і разбітасці.

Апошні, чацвёрты, арт-пакой носіць назву “Царства Марфея”.Тут сабрана калекцыя седатыўных раслін, якія валодаюць заспакаяльным эфектам і забяспечваюць салодкі сон: кляматыс, зялёная рута, лаванда… Некаторыя з іх дапамагаюць людзям пазбавіцца бяссонніцы, а да некаторых нават падыходзіць небяспечна. У цэнтры арт-пакоя — імправізаваны зялёны ложак. Праўда, ляжаць на ім нельга: падушкі з атрутнага расходніку — белага і чырвонага.

Завяршыла нашу экскурсію прагулка да двух міні-азёр, якія сімвалізуюць Нарач і Мястра. Пры жаданні тут можна акунуцца ў іх воды і адпачыць на драўляных шэзлонгах у карункавым цені дрэў.

Наталяючы дзіцячую цікаўнасць. І не толькі…

Тут непадалёк размясціўся домік бабулі-траўніцы — любіміцы самых юных гасцей. Гаспадыня падзялілася сакрэтамі траў, паваражыла, загаварыла ад нягод, пагуляла ў старажытныя лясныя гульні і пачаставала свежаспечаным хлебам і мёдам. Тут жа паказала і расказала пра ўвесь працэс гатавання хлеба — ад малачэння мукі на жорнах да выпечкі. А што да мёду, тут таксама ёсць прафесіянал — пчаляр. Са сваёй неспакойнай гаспадаркай ён ахвотна знаёміць дзяцей падчас экскурсіі “Усё з жыцця пчол”.

“У нас існуе дамоўленасць аб супрацоўніцтве з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Мядзельскага раёна, таму школьнікаў у нас асабліва шмат, — гаворыць Таццяна Смятаніна. — Для дзяцей у нас праводзіцца шэраг аглядных экскурсій: “У свеце раслін”, спецыяльная паслуга для груп школьнікаў і дашкольнікаў — экскурсіі, пабудаваныя па вучэбных праграмах школ. Для падрыхтоўчых груп з дзіцячых садкоў мы праводзім экскурсіі з гульнявымі элементамі “Казкі і расліны”. Экскурсія для дзяцей пачатковай школы дапаўняе вучэбны прадмет “Прырода і мы”, утрымлівае гульнявыя моманты і называецца “Міфы і легенды раслін”. Для школьнікаў сярэдняга і старшага звяна закранаем у аглядных экскурсіях экалагічныя праблемы, расказваем пра экалагічныя аспекты нашай вытворчасці. Спецыяльна для паглыблення курса геаграфіі праводзім экскурсію “Падарожжа па свеце праз расліны”. Існуе спецыяльная гульнявая праграма для лагераў, кожная змена Нацыянальнага аздараўленчага лагера “Зубраня” таксама прыязджае ў наш сад.

Па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму наведвальнікамі саду і ўдзельнікамі спецыяльных семінараў сталі настаўнікі мядзельскіх школ. Сёлета такі ж семінар быў праведзены ў Паставах, дзе ажыццяўляецца абласны праект, накіраваны на экалагічную і валеалагічную адукацыю дзяцей і моладзі”.
У “Аптэкарскім садзе” знойдзе для сябе новае кожны: і касметолаг, і эколаг, і фітатэрапеўт, і ландшафтны дызайнер, і той, хто шукае прыемны і карысны адпачынак у далечыні ад гарадскога тлуму.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.