Вітамін Е валодае шырокім спектрам карысных уласцівасцей і можа прымяняцца як для прафілактыкі, так і ў час лячэння розных захворванняў. Карысныя ўласцівасці вітаміну Е шырокавядомыя сёння і прымяняюцца ў розных сферах фармакалогіі і касметалогіі. Такаферол (вітамін Е) прынята таксама называць жаночым мікраэлементам, які асабліва карысны для арганізма прадстаўніц прыгожага полу.
Такаферол з’яўляецца моцным антыаксідантам, які выводзіць з арганізма ўсе таксічныя і канцэрагенныя рэчывы. Штодзённае ўжыванне неабходнай колькасці тлушчарастваральнага вітаміну дазваляе прадухіліць развіццё большасці захворванняў і анкалагічных клетак. Таксама вітамін Е ўмацоўвае крывяносную сістэму і паляпшае кровазварот, валодае антыкаагулярнымі ўласцівасцямі і паляпшае жыўленне клетак арганізма кіслародам для паскарэння іх росту і рэгенерацыі. Рэгенеруючыя і пажыўныя ўласцівасці элемента дазваляюць узмацніць рост валасоў і палепшыць іх знешні выгляд, а таксама перашкаджаюць іх выпаданню за кошт паскарэння абменных працэсаў клетак. Насычэнне валасяных фалікулаў кіслародам і паляпшэнне кровазвароту ў скуры галавы спрыяюць больш хуткаму росту валасоў. Дастатковая наяўнасць вітаміну Е аказвае неацэнную дапамогу арганізму чалавека, унікальнай з’яўляецца яго здольнасць значна ўмацоўваць імунную сістэму. Неабходны гэты вітамін для запавольвання і прадухілення такога захворвання, як катаракта.
Вітамін Е — гэта тлушчарастваральны вітамін. Такім чынам, багатыя на вітамін Е ў асноўным прадукты з высокай колькасцю тлушчу. Таму пры многіх дыетах з абмежаваннем тлушчаў назіраецца дэфіцыт вітаміну Е. Гэтым тлумачыцца пагаршэнне стану скуры пры пахудзенні. Калі вы на дыеце, вам трэба прымаць вітамін Е дадаткова.
Асабліва даследавалі такаферол у пытанні прымянення для цяжарных або жанчын, якія плануюць зачацце. Вітамін Е з’яўляецца адным з галоўных элементаў у прафілактыцы і лячэнні ўскладненняў у час цяжарнасці, таму што змагаецца з акісляльнымі працэсамі арганізма, якія рэзка ўзрастаюць у гэты перыяд. Карысць такаферолу пры цяжарнасці і яе планаванні: уплывае на развіццё яйцаклеткі; нармалізуе гарманальны дысбаланс; павышае верагоднасць зачацця; прадухіляе рызыку выкідышаў; зніжае рызыку адарвання плацэнты; зніжае таксікоз.
Найбольш багатыя на вітамін Е алеі (сланечнікавы, аліўкавы, гарбузовы, кукурузны). Аднак пры смажанні вялікая частка вітаміну Е страчваецца, таму больш карысна ўжываць алей у салатах. Лідарам па колькасці вітаміну Е з’яўляецца алей зародкаў пшаніцы.
Іншыя пастаўшчыкі вітаміну Е — гэта арэхі, печань, малако, злакі, сметанковае масла, але ў іх колькасць вітаміну Е ўжо намнога меншая (напрыклад, у сметанковым масле вітаміну Е ў 5 разоў менш, чым у алеі).
Пры авітамінозе і для лячэння розных захворванняў вітамін Е можа назначацца курсамі для ўжывання як харчовая дабаўка. Неабходна прайсці кансультацыю лечачага ўрача перад набыццём прэпаратаў і іх непасрэдным прыёмам.
Алена КАРНЕЕВА,
урач-гігіеніст Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.