У нашай краіне амаль кожнаму кідаецца ў вочы мноства людзей у грамадскіх месцах, якія бесперапынна глядзяць у смартфон. Большасць з іх захоплены міні-гульнямі: каляровыя шарыкі, фігуркі, карты і г.д. Дзеці не выключэнне. Прычым нават у школе яны не адмаўляюць сабе ў гэтай забаўцы. Урок для некаторых таксама не падстава выключыць смартфон — гульню можна працягнуць, не звяртаючы ўвагі на настаўніка. Заўсёды можна сказаць: “Гэта мая прыватная ўласнасць, і вы не маеце права адбіраць”. Ніякага дакумента, які б забараняў гаджэты на ўроках, як вядома, пакуль не існуе.
Улюбёным заняткам дзяцей з’яўляюцца міні- і анлайн-гульні. Групавая вучоба многіх ужо не цікавіць — смартфон лёгка замяняе ім зносіны з рэальнымі людзьмі і дапамагае сысці з-пад уплыву настаўніка. Як вынік — узровень ведаў зніжаецца. Адказныя руплівыя дзеці абураюцца паводзінамі аднакласнікаў, якія забаўляюцца падчас урока гульнямі на смартфоне. У пошуках абароны сваіх інтарэсаў і ўтаймавання дрэнных паводзін яны звяртаюць свае чаканні да настаўніка. Аднак у яго няма ні часу, ні сіл змагацца са смартфонамі на ўроку.
А між тым школьніку дастаткова простага мабільнага тэлефона, з дапамогай якога можна звязацца з неабходнымі яму людзьмі. Інтэрнэт выкарыстоўваецца на ўроках або як шпаргалка — для спісвання правільных адказаў, або для забавы. У выніку не фарміруецца працавітасць, затое дастаткова хутка з’яўляецца такая прыкмета камп’ютарнай залежнасці, як дакучлівае жаданне вярнуцца ў інтэрнэт або да гульні: калі выключаны камп’ютар, то ўключаецца планшэт ці смартфон, вочы карыстальнiка ўвесь час засяроджаны на экране. Тэхнічная прылада становіцца аб’ектам прыхільнасці дзіцяці — атрымаўшы яе, яно супакойваецца.
Праблема карыстання смартфонамі ў школе наспела даўно, але вырашаецца бацькамі своеасабліва — праз рэпетытараў. Маўляў, калі дзіця не атрымлівае веды на ўроку ў школе, мы іх купім, а заадно набудзем яшчэ больш круты і дарагі камп’ютар або смартфон. Бацькі імкнуцца даць свайму дзіцяці добрую, нават прэстыжную адукацыю, чаго б гэта ні каштавала, каб забяспечыць яго паспяховасць у будучыні. Аднак яны не ўсведамляюць той факт, што ў любой адукацыйнай установе, у любой краіне навучанне арганізавана ў групах. Адсутнасць самадысцыпліны і звычкі ўспрымаць веды разам з аднакласнікамі (аднагрупнікамі) непазбежна адаб’ецца на далейшым навучанні. Бессаромнае карыстанне гаджэтамі на лекцыях і занятках у некаторых універсітэтах набыло масавы характар.
На жаль, праблема фарміравання камп’ютарнай залежнасці і яе ўплыву на псіхічнае і фізічнае здароўе чалавека дагэтуль не ўсведамляецца ў грамадстве. Праблема пагаршаецца тым, што многія маладыя бацькі і нават бабулі з дзядулямі бязмерна захоплены інтэрнэтам. Сацыяльныя сеткі, прагляды ў YouTube, сэлфі і гульні сталі для многіх дарослых неабходным складнікам жыцця. І яны самі прывучаюць дзяцей да смартфона ледзь не з першага года жыцця, хоць тыя аддалі б перавагу гульням і жывым зносінам. Сёння на вуліцы можна ўбачыць шмат матуль з каляскамі і дарослых мужчын з сабакамі, але амаль не відаць бацькоў, якія гуляюць са школьнікамі.
Агульнае меркаванне псіхолагаў такое, што дзеці хочуць праводзіць больш часу на свежым паветры, маюць патрэбу ў рухавых гульнях з аднагодкамі, але бацькі не пускаюць іх з-за ўяўнай пагрозы далучэння да дрэннай кампаніі. За такой падставай часцей за ўсё стаіць нежаданне ўдзяляць дзіцяці шмат часу і сіл, у якіх ён мае патрэбу, для падтрымання здаровага ладу жыцця. Жывыя чалавечыя зносіны замяняюцца гаджэтамі — пустым і нават шкодным баўленнем часу.
Мала хто ведае, што такім захворванням шчытападобнай залозы, як тырэатаксікоз і аўтаімунны тырэаідыт, і нават цукровы дыябет 1-га тыпу, папярэднічае працяглы перыяд псіхічнага дыскамфорту, у якім прысутнічаюць пастаянная трывога, неспакой і незадаволенасць жыццём. Многія камп’ютарныя гульні са сцэнамі гвалту ці ўсеўладдзя, жорсткія сюжэты ў гульнях і відэафільмах садзейнічаюць фарміраванню такіх расстройстваў. Доўгае знаходжанне ў трывожна-неспакойным стане аслабляе ахоўныя сілы дзіцячага арганізма і рыхтуе глебу для парушэння работы нармальных рэгулюючых механізмаў. Маларухомы лад жыцця, абумоўлены пастаянным карыстаннем камп’ютарам ці смартфонам, злоўжыванне чыпсамі і салодкай вадой падчас знаходжання ў віртуальным свеце, вядуць да парушэння абмену рэчываў і атлусцення.
Залішні час, праведзены за экранам, выклікае хваробы вачэй: ад запалення (кан’юнктывіт, блефарыт) да глаўкомы. Вока з’яўляецца напаўвадкім асяроддзем з жорсткімі параметрамі ціску. Пастаяннае напружанне мышцаў, стымуляванне глядзельнага ўспрымання, адсутнасць належнага адпачынку выклікаюць парушэнне зроку. Напачатку лячэнне паляпшае стан, але далейшая нагрузка на органы зроку можа прывесці да так званай закрытавугольнай формы глаўкомы і ў выніку слепаты.
Не даставіць задавальнення ў жыцці і скрыўленне пазваночніка, так званы скаліёз. У перыяд росту шматгадзіннае сядзенне ў няправільнай, скрыўленай позе дэфармуе пазваночнік. У такім выпадку дзіця ў будучыні чакаюць усе праблемы, вядомыя як астэахандроз, міжпазванковыя грыжы і інш.
Усё гэта ставіць задачу адказных адносін грамадства і найперш бацькоў да фарміравання здаровага ладу жыцця як у сябе, так і ў дзяцей. Шматгадзінныя забавы за камп’ютарам і гаджэтамі ніяк не могуць спрыяць добраму здароўю. Калі вы абдзяляеце дзіця жывымі зносінамі, не імкняцеся перадаць яму назапашаныя вамі веды і навыкі, давяраеце гэты працэс бяздушнай тэхніцы, з якой дзіця бескантрольна здабывае любую інфармацыю, у тым ліку разбуральную для яго маралі і псіхікі, то наступствы непазбежна выявяцца і прывядуць да розных праблем са здароўем.
Канстанцін КАРАНЕЎСКІ,
урач-неўролаг.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.