Проста прастуда?

Восень. Вецер, зябкая сырасць і слота. У вас заложаны нос, вы чхаеце, кашляеце, турбуюць болі ў горле. Голас асіп, мучаюць галаўныя болі, болі ў вобласці вуха. З’явілася задышка або свісцячыя хрыпы пры дыханні, а таксама іншыя сімптомы, якія выклікаюць трывогу і непакой…

Самы час занепакоіцца, але пужацца не трэба. Сярэднестатыстычны здаровы грамадзянін хварэе 2—3 разы на год рознымі прастуднымі захворваннямі, часцей за ўсё ў халодны перыяд, таму проста падрыхтуйце свой арганізм да асенняй віруснай атакі.
Дзеці і дарослыя па-рознаму рэагуюць
на прастуду. Калі ў дзяцей пры гэтым амаль заўсёды павышаецца тэмпература, то ў дарослых яна звычайна ў межах нормы. Дзецям дадуць даведку-вызваленне ад школы або дзіцячага сада, таму што ў іх працэс папраўкі можа доўжыцца даўжэй, а бацькам часта прыходзіцца пераходжваць хваробу на нагах. Але гэта не азначае, што прастуджанаму не варта лячыцца.

Адкуль бярэцца зараза?

Многія ўпэўнены, што чалавек абавязкова прастудзіцца, калі будзе доўга знаходзіцца на халодным ветры, трапіць пад
дождж або проста прамочыць ногі. Гэта не так, сцвяржаюць спецыялісты. Прастуда, як правіла, узнікае ў выніку кантакту з інфіцыраваным чалавекам і пры пападанні ў дыхальныя шляхі кропелек сліны або макроты хворага. Прычына, па якой людзі часцей прастуджваюцца зімой, звязана з тым, што яны праводзяць больш часу ў памяшканнях, а значыць, часцей кантактуюць адно з адным.
Прастуда выклікаецца пэўнымі вірусамі, якія лёгка распаўсюджваюцца ў памяшканнях, якія дрэнна вентылююцца, дзе збіраецца шмат людзей. Напрыклад, у перапоўненым транспарце, школе, дзетсадзе. Прастудных вірусаў шмат: энтэравірусы, рынавірусы, адэнавірусы, вірусы парагрыпу і інш. Супраць прастуды не зробіш прышчэпкі, як супраць пэўнага штама грыпу. І сама па сабе прастуда не небяспечная. Небяспечныя яе ўскладненні, якія выклікаюць ужо сур’ёзнае захворванне.
Паколькі верхнія дыхальныя шляхі найбольш схільныя да ўздзеяння халоднага паветра і інфекцыі, то іх запаленне (рыніты, танзіліты, фарынгіты, ларынгіты, бранхіты) з’яўляецца найбольш частай прычынай візіту да ўчастковага тэрапеўта і часовай непрацаздольнасці. Звычайна прычынай запаленчых захворванняў верхніх дыхальных шляхоў спачатку з’яўляецца вірус. У далейшым да віруснай інфекцыі далучаецца бактэрыяльная — стрэптакокі, стафілакокі і іншыя мікраарганізмы, якія і прыводзяць да развіцця ўскладненняў з боку верхніх дыхальных шляхоў. Бактэрыі асабліва добра размнажаюцца на падрыхтаванай вірусам глебе, паколькі імунітэт арганізма аслаблены.
У гэтым выпадку вы ўжо можаце з поўным правам прэтэндаваць на бальнічны ліст, але да такога стану даводзіць арганізм не раім.

Як пазбегнуць прастуды

Загартоўвайце арганізм загадзя. Адзін з самых эфектыўных метадаў — кантрасныя водныя працэдуры. У халодны сезон трэба прадухіліць прамое заражэнне. Абмяжуйце кантакты з тымі, хто ўжо захварэў. Калі прастуджаны самі, закрывайце хустачкай або далонню рот пры чханні і кашлі, мыйце рэгулярна рукі, часцей праветрывайце памяшканне. Асаблівы напамін курыльшчыкам: цыгарэтны дым яшчэ больш зацягвае працэс папраўкі. Менавіта па гэтай прычыне курыльшчыкі часцей і даўжэй хварэюць.
Дзейнічаюць і старыя добрыя парады: не пераахалоджвайцеся, беражыце сябе, апранайцеся па надвор’і. Многія ўяўляюць сабой узоры нікому не патрэбнага працоўнага гераізму: не зніжаюць нагрузку на рабоце, мала адпачываюць. Будучы прастуджаным, па магчымасці трымайцеся ў баку ад калектыву, інакш на вашым сумленні будзе заражэнне навакольных і калег. Калі вы стойка пераносіце на нагах пры прастудзе рабочыя перагрузкі, то рызыка “нагуляць” ускладненні павялічваецца. Выбар за вамі!

Антыбіётыкі пакіньце ў аптэцы

Шмат тых, хто захварэў, лічаць за лепшае абысціся без урача і займаюцца самалячэннем, добра што недахопу ў рэкламе лекаў “ад прастуды” зараз няма. Антыбіётыкі для некаторых ледзь не панацэя ад прастуды, але гэтае лякарства на вірусы не ўздзейнічае. Іх прапісваюць урачы пры пагрозе ўскладненняў бактэрыяльнай прыроды. Правільна падабраць антыбіётык можна толькі пасля бактэрыялагічнага даследавання. Не спрабуйце ўгадаць, які антыбіётык вам дапаможа, бо ўсё роўна памыліцеся. Ужыванне антыбіётыкаў небяскрыўднае і тоіць у сабе развіццё такіх грозных ускладненняў, як дысбактэрыёз, кандыдоз, паталогія некаторых унутраных органаў. Часта ў мікробаў развіваецца ўстойлівасць да антыбіётыкаў. Пазней вельмі складана будзе пазбавіцца ад мікробаў-мутантаў, нават ужываючы самыя сучасныя прэпараты.
Рашэнне аб прымяненнні антыбіётыкаў, дазіроўцы прэпаратаў і працягласці лячэння можа прымаць толькі ўрач.

Праверка народнай мудрасці

Да медыкаментозных прэпаратаў можна паспрабаваць дзедаўскія сродкі, хаця рэцэпты барацьбы з прастудай у кожнага свае. Нагадаем некаторыя з іх.
 Перад сном выпіце чаю з малінай (або ліпавым цветам) і добра прапацейце.
 У гарачую ваду дабаўце дэсертную лыжку мёду і свежавыціснуты сок лімона.
 Эфектыўным сродкам пры недамаганні з’яўляецца ўжыванне вітаміну С (аскарбінавай кіслаты) у сутачнай дозе да 1 грама.
Пры прастудзе (без павышанай тэмпературы) дапаможа добрая лазня з венікам, але без кантраснага душу і халоднага басейна. У парылцы ў вядро з вадой можна дабавіць некалькі кропель настойкі эўкаліпту.
Прымяненне пяціпрацэнтнага спіртавога раствору праполісу ў аэразолі таксама прыводзіць да хуткай папраўкі пры прастудзе. Даволі эфектыўным з’яўляецца прыём дваццаціпрацэнтнай настойкі праполісу па 30—40 кропель 3 разы на дзень.
Невычэрпная крыніца вітамінаў, якая павялічвае супраціўляльнасць арганізма прастудам, — чай, у які дабаўлены высушаныя травы, кветкі, ягады: мята, чорныя парэчкі, маліны, брусніцы, ліпавы і яблыневы цвет. Па апошніх медыцынскіх даследаваннях, высокімі паказчыкамі павышэння імунітэту валодаюць чарніцы, таму рэкамендуем штодзень з’ядаць сталовую лыжку чарнічнага варэння або ягад, працёртых з цукрам.
Вярнуўшыся дадому, вызваліце ногі ад абутку, калготак або панчох і пахадзіце басанож. Гэта не толькі расслабленне ног, але і масаж усіх кропак ступні, многія з якіх адказваюць за стан насаглоткі.
Можна рабіць нажныя ванны. Вазьміце два тазікі: з гарачай (тэмпература каля 40 градусаў) і халоднай (не вышэй за 30 градусаў) вадой. Апусціце ногі ў гарачую ваду
на некалькі секунд, потым — у халодную.
Паўтарыце гэтую працэдуру 3—4 разы. Раз на тыдзень прымайце агульную цёплую ванну. У ваду дабаўце марскую соль, араматызатары, настоі траў. Калі вы ўсё ж такі прыхварэлі, не імкніцеся адразу прымаць гарачкапаніжальныя прэпараты. Яны сталі надзвычайна папулярнымі, і многія лічаць іх панацэяй. Не забывайце, што павышэнне тэмпературы — гэта ахоўны механізм
арганізма. Пазбаўляючы арганізм магчымасці змагацца, вы спрыяеце ўчашчэнню хвароб. Піць гарачка паніжальныя прэпараты неабходна па назначэнні ўрача, як правіла, пры тэмпературы вышэй за 38 градусаў.
Робячы вечарам ванначку для ног, выпіце шклянку гарачага ліпавага чаю, пасля чаго адразу ж кладзіцеся ў пасцель — вы добра прапацееце, і наступнай раніцай насмарк значна зменшыцца.
Беражыце сябе і будзьце здаровыя!

Надзея СКРЫННІК,
загадчыца аддзела грамадскага здароўя Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі
і грамадскага здароўя.