Жалеза — найбольш распаўсюджаны ўніверсальны біялагічны мікраэлемент, які забяспечвае нармальнае функцыянаванне клетак усіх біялагічных сістэм арганізма. Жалеза неабходна для ажыццяўлення звычайнага крывятварэння, спрыяе ўзбагачэнню ўсяго арганізма кіслародам, дапамагае імуннай сістэме спраўляцца з агрэсарамі, падтрымлівае функцыянаванне шчытападобнай залозы і халестэрынавы абмен, уплывае на стан скуры, валасоў і пазногцяў.
Асноўным негатыўным наступствам недахопу жалеза ў арганізме з’яўляецца развіццё жалезадэфіцытнай анеміі, якая прыводзіць да парушэння крывятворнай функцыі, слабасці, зніжэння імунітэту.
Агульная колькасць жалеза ў арганізме дарослага чалавека складае ад 3 да 5 г. Амаль усё жалеза ўваходзіць у склад розных бялкоў і ферментаў. Вылучаюць дзве яго асноўныя формы: гемавае, крыніцай якога служаць жывёльныя прадукты, і негемавае (крыніца — раслінныя прадукты). Мяса служыць багатай крыніцай жалеза для чалавека, бо яно змяшчае вялікую колькасць гемавага жалеза, якое ўсмоктваецца значна лепш, чым негемавае.
Якія ж прычыны дэфіцыту жалеза ў арганізме?
Сярод самых распаўсюджаных — павышаная патрэба ў жалезе, звязаная з інтэнсіўным ростам (першы год жыцця, пубертатны перыяд), цяжарнасцю, лактацыяй; хранічная страта крыві (напрыклад, страўнікава-кішачная, матачная і г.д.); хваробы стрававальнай сістэмы, якія пагаршаюць ўсмоктвальнасць жалеза, некаторыя захворванні (сістэмныя, новаўтварэнні, гарманальныя); дэфіцыт вітаміну С, дысбаланс мікраэлементаў і інш.
Для жалезадэфіцытных станаў характэрны агульная слабасць, стамляльнасць, зніжэнне працаздольнасці, галавакружэнне, шум у вушах, мільганне “мушак” перад вачыма, сэрцабіццё, задышка пры фізічнай нагрузцы, з’яўленне непрытомных станаў. Зніжаюцца разумовая працаздольнасць і памяць, з’яўляецца дрымотнасць. Таксама прыкметамі тканкавага дэфіцыту жалеза з’яўляюцца:
- непераадольнае жаданне ўжываць у ежу што-небудзь незвычайнае і малаядомае (крэйду, зубны парашок, вугаль, гліну, пясок, лёд), а таксама сырое цеста, фарш, крупы;
- прыхільнасць да пахаў, якія большасцю навакольных успрымаюцца як непрыемныя (бензін, газа, ацэтон, пах лакаў, фарбаў і інш.);
- сухасць і лушчэнне скуры; ломкасць, станчэнне і выпадзенне валасоў; станчэнне, ломкасць, тускласць пазногцяў;
- “заеды” ў вугалках рота (ангулярны стаматыт);
- выяўленая схільнасць да вострых рэспіраторных вірусных і іншых інфекцыйна-запаленчых працэсаў, хранізацыі інфекцый.
У якіх прадуктах змяшчаецца жалеза? У першую чаргу неабходна адзначыць, што колькасць жалеза, якая трапляе ў арганізм з прадуктамі, не адпавядае той, якая рэальна засвойваецца: гэтаму працэсу можа перашкаджаць прысутнасць некаторых рэчываў. Так, да прадуктаў, якія зніжаюць біядаступнасць жалеза, адносяцца:
- кукуруза, вотруб’е, бабовыя (утрымліваюць фіцінавую кіслату і яе солі — фітаты, фасфаты, харчовыя валокны);
- усе віды чаю (утрымліваюць танін);
- шчаўе, шпінат (утрымліваюць аксалаты і фасфаты, якія парушаюць усмоктванне жалеза);
- малако (багата кальцыем) і прэпараты кальцыю. Гэта звязана з тым, што кальцый утварае з жалезам цяжказасваяльныя злучэнні.
Ёсць і “ідэальныя партнёры” для жалеза — прадукты і рэчывы, якія дапамагаюць гэтаму элементу максімальна поўна засвойвацца. Гэта вітамін С, вітамін Р, флаванаіды, вітаміны групы В, лімонная кіслата.
Галоўнымі крыніцамі гемавага жалеза з’яўляюцца (утрыманне на 100 г прадукта): свіная печань (20,2 мг), мяса труса (15 мг), курыная печань (17,5 мг), ялавічная печань (10 мг), ныркі ялавічныя і свіныя (7—8 мг), ялавічына (3,6 мг), свініна (1,8 мг). Негемавае жалеза змяшчаецца ў раслінных прадуктах: бабовых, шпінаце, яблыках, злакавых, арэхах, сухафруктах.
Сяргей ЧЭПЕЛЕЎ,
урач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ленінскага раёна Мінска.