Рухальная актыўнасць — гэта натуральная патрэба чалавека, а актыўная рухавасць дзяцей — гэта важны фактар, ад якога залежыць жыццядзейнасць арганізма дзіцяці, яго нармальнае развіццё і стан здароўя.
У школьны перыяд у дзяцей і падлеткаў назіраюцца інтэнсіўныя працэсы росту, развіццё інтэлекту, гарманальная перабудова арганізма. А ў сувязі з павелічэннем патоку інфармацыі, ускладненнем школьных праграм, дадатковымі нагрузкамі (спартыўныя секцыі, музычныя школы, гурткі, дадатковыя заняткі па вывучэнні замежных моў) узнікае неабходнасць з асаблівай увагай і адказнасцю, улічваючы спецыфіку дзіцячага арганізма, падыходзіць да рэжыму дня школьніка. Аднак зза высокай вучэбнай нагрузкі ў школе і дома ў большасці школьнікаў у рэжыме дня адзначаецца недастатковая рухальная актыўнасць. Урачыгігіеністы зрабілі выснову, што сёння да 82—85% дзённага часу большасць навучэнцаў знаходзіцца ў “нерухомасці”, у статычным становішчы (седзячы). Пры гэтым у энергічных малодшых школьнікаў біялагічная патрэба ў руху складае не менш як 2 гадзіны ў дзень. Атрымліваецца, што дзеці стрымліваюць сваю натуральную рухальную актыўнасць. А чым старэйшы школьнік, тым менш часу застаецца ў яго на фізічныя практыкаванні, актыўныя гульні, хадзьбу. Агульная рухальная актыўнасць дзяцей з паступленнем у школу падае, зніжаючыся ад малодшых класаў да старшых. Асабліва прыметна гэта зімой, калі на каньках, лыжах, санках (на тых жа цюбінгах) можна ўбачыць дзяцей да 11—12 гадоў, а старшакласнікі, нават у выхадныя або дні канікул, лічаць за лепшае праводзіць час за камп’ютарам.
Для росту і развіцця маладога арганізма рухальны рэжым абавязкова павінен складацца з ранішняй зарадкі, рухавых гульняў на школьных перапынках і ўроках фізкультуры, заняткаў у спартыўных секцыях, прагулак перад сном, а таксама актыўнага адпачынку ў выхадныя і дні канікул.
Для росту і развіцця маладога арганізма рухальны рэжым абавязкова павінен складацца з ранішняй зарадкі, рухавых гульняў на школьных перапынках і ўроках фізкультуры, заняткаў у спартыўных секцыях, прагулак перад сном, а таксама актыўнага адпачынку ў выхадныя і дні канікул. Вядома, пры гэтым выконваецца рэжым працы і адпачынку, чаргуюцца заняткі і адпачынак.
Я часта бываю ў школах і заўважаю, што толькі ў малодшых класах відаць нейкі рух — дзеці скачуць, бегаюць падчас перапынкаў, пераходзяць з класа ў клас, а старшакласнікі, нават падчас праветрывання класа, аддаюць перавагу сядзенню ў калідорах на падаконніках або проста на падлозе, уткнуўшыся ў тэлефоны. А для нармальнага развіцця дзецям патрэбны не толькі разумовыя, але і фізічныя нагрузкі. Неабходна звярнуць увагу на фізкультхвілінкі на ўроках, павялічыць колькасць рухавых гульняў на ўроках фізкультуры, праводзіць заняткі на свежым паветры. Замест таго, каб праводзіць час за камп’ютарам, можна ўспомніць пра сямейныя прагулкі ў парках і скверах у выхадны дзень, лыжныя паходы ўсёй сям’ёй, паездкі ў лес, можна нават пагуляць у квест. Вельмі важны ўдзел сям’і, бацькоў у далучэнні дзяцей да актыўнага адпачынку і спорту, каб гіпадынамія не прывяла да адхіленняў у здароўі дзяцей, бо асноўны шлях да здароўя — выхаванне культуры здароўя, фарміраванне перакананасці дзіцяці ў тым, што няма іншага правільнага ладу жыцця, акрамя здаровага.
Урачы-гігіеністы зрабілі выснову, што сёння да 82—85% дзённага часу большасць навучэнцаў знаходзіцца ў “нерухомасці”, у статычным становішчы (седзячы).
Не толькі фізічныя практыкаванні, але і прагулкі, хадзьба, бег умацоўваюць імунітэт дзіцяці, павялічваюць яго працаздольнасць і цягавітасць, актывізуюць работу органаў стрававання, нырак, печані, спрыяюць рабоце дыхальнай і сардэчнасасудзістай сістэм, паляпшаюць работу залоз унутранай сакрэцыі, якія іграюць вялікую ролю ў росце і развіцці маладога арганізма. Вельмі важна і тое, што заняткі фізічнымі практыкаваннямі выклікаюць станоўчыя эмоцыі, даюць бадзёрасць усяму арганізму, ствараюць добры настрой, дапамагаюць у зносінах і вучобе. А галоўнае, здаровы і актыўны лад жыцця дапаможа дзіцяці ў далейшым стаць паспяховым і здаровым чалавекам.
Надзея НЕСЦЕРАВА,
валеолаг 15й гарадской дзіцячай паліклінікі.