Мелодыя сэрца

Ад таго, як працуе сэрца, залежыць многае: менавіта яно вызначае, які ўзровень фізічнай нагрузкі найбольш прымальны і ў якім рэжыме — зберагальным ці эмацыянальна затратным — можна жыць. Дарослыя ўспрымаюць абмежаванні, якія накладвае работа сэрца, больш спакойна, чым дзеці. Малышы з-за ўзросту, нават калі ім паказаны зберагальны рэжым, сядзець на месцы не могуць: рух для іх — гэта развіццё.

Але ці кожная сардэчная паталогія патрабуе для свайго вырашэння спакою і эмацыянальнай стабільнасці? Ці можа стрэс адмоўна адбіцца на кардыялагічных паказчыках? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае дацэнт 1-й кафедры дзіцячых хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, урач вышэйшай катэгорыі Алена Сямёнаўна ЗАЙЦАВА.

— Алена Сямёнаўна, у якога працэнта нованаро­джаных дзяцей педыятры праслухваюць шум у сэрцы? У чым небяспека такога стану? Аб якіх парушэннях у рабоце сэрца можна гаварыць, калі шум не знікае да пэўнага ўзросту?

— Пачнём з таго, што такое шум. Шум у сэрцы — гэта нейкі дадатковы гук, які ўрач праслухвае пасля тонаў у сэрцы. У норме мелодыя сэрца мае гучанне накшталт “так-так”, і любы дадатковы гук, які мы называем шумам, што мае адрознае гучанне, з’яўляецца паталагічным гукам. Любы педыятр пачынае шукаць адказ на прычыну гуку, якую чуюць пасля першага ці другога тону сэрца.

Сёння ў большасці нованаро­джаных (70—80%) педыятры выслухваюць шум. Баяцца гэтага слова ці вызначэння гукавой знаходкі не трэба, таму што часцей за ўсё ў перыяд нованароджанасці ў дзяцей першага года жыцця гэты шум носіць функцыянальны характар, які звязаны пакуль што з нязрэласцю анатоміі сэрца. Справа ў тым, што падчас унутрывантробнага развіцця плода функцыянуе спецыяльнае авальнае акенца паміж перадсэрдзямі, камерамі сэрца. Яно неабходна для кровазабеспячэння лёгкіх. Таксама функцыянуе спецыяльны праток паміж аортай і лёгачным ствалом — таксама для кровазабеспячэння лёгкіх плода. Як толькі малыш нараджаецца, гэтыя дзве камунікацыі, авальнае акенца паміж перадсэрдзямі і аартальны (Баталаў) праток, павінны закрыцца. Але калі малыш нарадзіўся неданошаным, нязрэлым ці калі падчас родаў былі нейкія цяжкасці, то авальнае акенца і Баталаў праток могуць не закрывацца ў дзіцяці да 3 ці нават да 5 гадоў (згодна з міжнароднымі даследаваннямі). Таксама авальнае акенца і Баталаў праток могуць быць набытымі ў спадчыну.

Бацькам ні ў якім разе нельга хвалявацца. А задача ўрача — правесці кампетэнтнае  даабследаванне, якое ўключае ў сябе ЭКГ (паказвае функцыянальны стан сэрца) і УГД сэрца, якое дазваляе ацаніць анатомію, архітэктуру яго будовы і такім чынам выявіць прычыны шуму.

Таксама даволі частай прычынай шуму могуць быць малыя анамаліі развіцця сэрца. Яны, як правіла, носяць спадчынны характар. Калі ў таты з мамай былі такія ж анамаліі сэрца (ультрагукавыя знаходкі ў выглядзе дадатковых хорд ці слабасці клапаннага апарату — пралапсу ці пралабіравання), то гэта таксама будзе пастаяннай прычынай шуму ў сэрцы. Але гэта не з’яўляецца грубым адхіленнем і прычынай для перажыванняў.

Калі шум абумоўлены доўгім функцыянаваннем авальнага акенца, ён можа заховаўцца да 3—5 гадоў. Пасля, з закрыццём акенца, ён знікае. Калі прычына шуму — дадатковыя хорды (лішнія цяжыкі, ніткі, якія праходзяць да клапанаў), то на працягу ўсяго жыцця вопытны педыятр ці тэрапеўт, выслухваючы пацыента, будзе чуць спецыфічны гук, які жужжыць, у асноўным на вярхушцы сэрца. Наша задача як педыятраў інфармаваць бацькоў аб прычынах шуму, каб наступныя ўрачы, калі будуць зада­ваць пытанні, змаглі атрымаць інфармацыю непасрэдна ад бацькоў.

У большасці нованароджаных (70—80%) педыятры праслухваюць шум. Баяцца гэтага слова ці вызначэння гукавой знаходкі не трэба, таму што часцей за ўсё ў перыяд нованароджанасці ў дзяцей першага года жыцця гэты шум носіць функцыянальны характар, які звязаны пакуль што з нязрэласцю анатоміі сэрца.

Прычыны шуму з’яўляюцца ўльтрагукавой і гукавой знаходкай. Але ў шэрагу сітуацый малыя анамаліі сэрца могуць уносіць невялікія змяненні ў функцыянальную работу сэрца ў форме паскарэння рытму, запавольвання правядзення імпульсу, рэзкага развіцця арытміі. Усё гэта дапамагае ўстанавіць электракардыяграфічнае даследаванне. Дарэчы, яшчэ існуе ЭКГ з нагрузкай — ­стрэс-ЭКГ, якое дазваляе ацаніць работу сэрца ў выпадку фізічнай ці эмацыянальнай нагрузкі дзіцяці. Таму ў дадзенай сітуацыі шум можа прысутнічаць усё жыццё і не праяўляцца функцыянальна: дзіця будзе добра развівацца, добра пераносіць фізічную нагрузку. Але гэтая група дзяцей падлягае выбракоўцы падчас заняткаў прафесійным спортам. Таму што ў звычайным жыцці сэрца спраўляецца, але калі ідуць вялікія сілавыя і хуткасныя нагрузкі на арганізм, які расце, гэта можа прывесці да збою сэрца і парушэння яго рытму.

— Якія паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы часцей за ўсё выяўляюцца ў дзіцячым і падлеткавым узросце?

— Падлеткавы ўзрост — гэта асаблівы час, калі на фоне гарманальных змяненняў адзначаецца высокая інтэнсіўнасць росту. На фоне палавога развіцця псіхаэмацыянальнае станаўленне асобы праяўляе сябе павышанымі патрабаваннямі да ўсіх сістэм арганізма, у тым ліку сардэчна-сасудзістай.

У асноўным мы сутыкаемся з праяўленнем вегетасасудзістай дыстаніі, якая ў дыягназе таксама можа гучаць як саматаформная дысфункцыя ці нейрацыркуляторная дыстанія. Яна праяўляецца перападамі ціску ў выпадку фізічнай ці эмацыянальнай нагрузкі, дрэннай пераноснасці фізічнай і стрэсавай нагрузкі і часам суправа­джаецца цэлым каскадам скаргаў у форме галаўнога болю, галавакружэння, дыскамфорту ў вобласці сэрца. Таксама могуць быць болі ў вобласці сэрца, паколванні. Безумоўна, усё гэта — сур’ёзныя сімптомы, якія патрабуюць даабследавання. Таму дыягназ вегетасасудзістая дыстанія з’яўляецца дыягназам выключэння, калі мы выключылі наяўнасць пароку сэрца і можам (на аснове абследавання) сказаць бацькам, што ў дзіцяці няма кардыту і вострых запаленчых змяненняў, няма сур’ёзных пухлінных праблем і сістэмных захворванняў. Пры ВСД мы назіраем нармальныя, спакойныя аналізы, адсутнасць вострага запаленчага працэсу ў сэрцы. Па маніторынгу павінны назірацца ваганні ціску, а таксама змены псіханеўралагічнага статусу дзіцяці (яго асаблівая рэакцыя на стрэс). У дадатак да гэтага, павінен улічвацца спадчынны фактар, калі па падобным сцэнарыі працякала сталенне аднаго ці абодвух бацькоў. На першым месцы ў падлеткавым узросце ў нас стаяць вегетасасудзістыя дыстаніі. Невялікі працэнт складаюць тыя падлеткі, якія маюць малыя анамаліі сэрца і пачынаюць займацца спортам. Але такія падлеткі таксама патрабуюць даабследавання і рашэння наконт таго, ці можна іх у далейшым дапускаць да спорту.

Сучасная медыцына дазваляе праводзіць аперацыі і дасягаць добрых вынікаў, калі ўсё рабіць своечасова. Варта ведаць, што ў цячэнні парокаў ёсць перыяды кампенсацыі, адаптацыі, калі ўсё добра. Гэта перыяд уяўнага дабрабыту. Сэрца дзіцяці прыстасавалася, але трэба памятаць, што рэзервы дзіцяці не бясконцыя. І калі не прааперыраваць менавіта ў гэты момант, наступае знясіленне сэрца і аператыўнае лячэнне будзе бессэнсоўным і бескарысным.

— Як часта ў нас нара­джаюцца дзеткі з парокам сэрца? Што хавае ў сабе такі дыягназ? Якія абмежаванні ён накладае на жыццё?

— Сярод еўрапейскай папуляцыі частата дастаткова высокая і можа складаць да 1% нованароджаных. Але такая высокая сустракальнасць не павінна пужаць, таму што парок пароку не роўны. З пазіцыі кардыяхірургаў вылучаецца каля 200 найменняў парокаў, але большасць з іх не патрабуе хірургічнага лячэння. Сама па сабе такая асаблівасць не накладвае адбітак на фізічнае развіццё дзіцяці і яго далейшае жыццё. Калі браць акадэмічнае тлумачэнне пароку сэрца, то гэта парушэнне анатоміі і архітэктуры будовы камер сэрца, наяўнасць паталагічнай сувязі паміж перадсэрдзямі, жалудачкамі сэрца, магістральнымі сасудамі (у норме адсутнічае). Гэта парокі ў будове аорты ці лёгачнага ствала.

Як правіла, усе парокі таксама носяць спадчынны характар і могуць прысутнічаць у бацькоў. На­прыклад, дэфект перадсэрдзевай перагародкі з высокай частатой перадаецца ў спадчыну па жаночай лініі.

Парокі сэрца з’яўляюцца спадарожнікамі храмасомных, генных захворванняў. Таксама яны мо­гуць быць упершыню сфарміраванымі ў арганізме пэўнага дзіцяці, калі цяжарнасць на ранніх тэрмінах  працякала нядобранадзейна. Як правіла, парокі сэрца фарміруюцца з 2 па 8 тыдзень цяжарнасці.

Парок сэрца будзе несці за сабой абмежаванні, а таксама патрабаваць больш пільных назіранняў за дзіцем, калі гэта адбіваецца на кровазабеспячэнні малога кола кровазвароту. З пазіцыі педыятраў, урачоў парокі дзеляцца на дзве вялікія групы, якія да­юць дадатковую нагрузку на малое кола кровазвароту з дадатковым укідам крыві праз дэфекты перадсэрдзяў жалудачкамі ці паміж аортай і лёгачным ствалом. У такім выпадку лёгкім трэба спраўляцца з дадатковым аб’ёмам крыві: нагружаюцца ўсе аддзелы сэрца і з цягам часу можа развіцца сардэчная недастатковасць. Для таго каб прадухіліць гэтае негатыўнае цячэнне пароку сэрца, праводзіцца аператыўнае лячэнне.

— Якімі метадамі ў нашай краіне праводзяцца аперацыі на сэрцы? Ці кожную паталогію можна кампенса­ваць, не адкрываючы сэрца?

— Сёння аперацыі ў асноўным праводзяцца без адкрыцця сэрца, сучасным эндаваскулярным метадам: клапан ці латка будуць дастаўляцца праз сасуды дзіцяці. Безумоўна, усё право­дзіцца пад глыбокім наркозам. Такі метад лячэння мае даволі высокую эфектыўнасць і выніковасць і ў наступным гарантуе дзіцяці добрую фізічную актыўнасць.

Што тычыцца парокаў, якія прыводзяць да абяднення малога кола кровазвароту (іх па старой класіфікацыі называлі сінімі), яны абкрадваюць кровазабеспячэнне лёгкіх. Безумоўна, у такім выпадку парушаецца насычэнне крыві кіслародам. Такія дзеці вельмі пакутуюць у плане фізічнага развіцця. У іх могуць узнікаць прыступы адышкі. Калі такія сітуацыі ўзнікаюць, без дапамогі кардыяхірургаў мы не спраўляемся. Дарэчы, падобны дыягназ у такіх дзетак устанаўліваецца яшчэ падчас унутрывантробнага развіцця, таму іх стараюцца аперыраваць пасля нараджэння, у першыя месяцы жыцця.

У залежнасці ад парокаў, іх цяжару і магчымасці аператыўнай карэкцыі, накладваюцца далейшыя абмежаванні на жыццё дзяцей. У першую чаргу яны тычацца фізічнай актыўнасці. Але тут ёсць падводны камень. Бывае, што бацькі пужаюцца азначэння парок сэрца, яны не разбіраюцца ў тым, мінімальны ён ці значны, і самі фарміруюць у дзіцяці ўстаноўку накшталт “ты хворы,

у цябе парок, гэта табе не трэба”. Тым самым дарослыя фарміру­юць у малыша няправільную псіхалагічную абстаноўку. Што тычыцца аб’ёмаў фізічнай нагрузкі ў адносінах да пэўнага дзіцяці, мы кіруемся залатым правілам: дзіця павінна рухацца і само вызначаць сваю ступень нагрузкі. Але фізічная актыўнасць павінна быць да натуральнай стамляльнасці. Калі малышу хочацца пабегаць, пасвавольнічаць — калі ласка. Як толькі адчуў, што стаміўся, варта сесці і адпачыць, супакоіцца.

Парокі сэрца патрабуюць назначэння пэўнай групы па фізкультуры ў школе — падрыхтоўчай ці спецыяльнай лячэбнай. Гэта вызначаецца аб’ёмам паражэння ў сэрцы і змяненнямі з боку лёгкіх, малога кола кровазвароту.

Сучасная медыцына дазваляе праводзіць аперацыі і дася­гаць добрых вынікаў, калі ўсё рабіць своечасова. Варта ведаць, што ў цячэнні парокаў ёсць перыяды кампенсацыі, адаптацыі, калі ўсё добра. Гэта перыяд уяўнага дабрабыту. Сэрца дзіцяці прыстасавалася, але трэба памятаць, што рэзервы дзіцяці не бясконцыя.

І калі не прааперыраваць менавіта ў гэты момант, наступае знясіленне сэрца і аператыўнае лячэнне будзе бессэнсоўным і бескарысным. На жаль, дзіця можа загі­нуць. Таму задача ўрачоў — растлумачыць бацькам сэнс пароку сэрца, што ёсць перыяды, падчас якіх трэба экстранна вырашаць праблему. Таму што потым, у залежнасці ад укіду крыві, наступіць знясіленне рэзерваў. У кагосьці гэта можа здарыцца праз год, а ў кагосьці праз 3 ці 10 гадоў. Рана ці позна так адбудзецца.

— Алена Сямёнаўна, якія скаргі дзіцяці павінны насцярожыць бацькоў? Узнікненне якіх сімптомаў можа ўказваць на тое, што прыйшоў час звярнуцца па дапамогу да кардыёлага?

— Адказваючы на гэтае пытанне, мы ў першую чаргу павінны размежаваць узрост дзяцей. Што тычыцца немаўлят, то насцярожыць павінна адмаўленне ад грудзей, немагчымасць іх смак­таць. Дарэчы, гэта з’яўляецца для малышоў самай цяжкай работай. Таксама павінна насцярожыць парушэнне сардэчнай дзейнасці, пастаяннае пакашліванне без прымет ВРВІ. Наступны трывожны сімптом — гэта адышка. Яна можа ўзнікаць у груднічка тады, калі мы выкладваем яго на жывоцік, бо для нованароджанага гэта вялікая нагрузка. Яшчэ прыметай праблем з сэрцам з’яўляецца сінюшнасць вобласці вакол роціка.

У больш старэйшых дзяцей у выпадку наяўнасці паталогій сэрца можна заўважыць абмежаванне рухальнай актыўнасці. Дзіця становіцца млявым у параўнанні са сваімі равеснікамі ці ў параўнанні са сваім ранейшым станам. Напрыклад, 2—3 месяцы назад дзіця бегала па лесвіцы, скакала, а апошнім часам стала прасіцца на рукі, хутка стамляцца.

У выпадку з падлеткамі да ўрача варта звярнуцца, калі яны скардзяцца на болі ў вобласці сэрца, дыскамфорт, частае сэрцабіццё, недахоп паветра. Ні адзін з гэтых сімптомаў не варта ігнара­ваць, варта звярнуцца да педыятра і прайсці назначанае абследаванне.


Мелодыя сэрца

Ад таго, як працуе сэрца, залежыць многае: менавіта яно вызначае, які ўзровень фізічнай нагрузкі найбольш прымальны і ў якім рэжыме — зберагальным ці эмацыянальна затратным — можна жыць. Дарослыя ўспрымаюць абмежаванні, якія накладвае работа сэрца, больш спакойна, чым дзеці. Малышы з-за ўзросту, нават калі ім паказаны зберагальны рэжым, сядзець на месцы не могуць: рух для іх — гэта развіццё.

Але ці кожная сардэчная паталогія патрабуе для свайго вырашэння спакою і эмацыянальнай стабільнасці? Ці можа стрэс адмоўна адбіцца на кардыялагічных паказчыках? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае дацэнт 1-й кафедры дзіцячых хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, урач вышэйшай катэгорыі Алена Сямёнаўна ЗАЙЦАВА.

— Алена Сямёнаўна, у падлеткавым узросце дзеці скардзяцца, што падчас фізічных нагрузак адчуваюць паколванне ў вобласці сэрца. Наколькі небяспечным з’яўляецца такі стан?

— Гэта частая скарга. Але за ёй стаяць, як правіла, не вельмі сур’ёзныя змяненні. Часта гэта ідзе па тыпе неўралгіі, калі востра ўзнікае нейкае паколванне, літаральна на 1—2 секунды, і хутка знікае. Але адпаведная скарга, якая ўзнікла ўпершыню, павінна прывесці бацькоў да педыятра. У такім выпадку будуць выкананы пратакольныя даследаванні, ЭКГ. Пажадана, каб гэта была ЭКГ з нагрузкай, якую мы называем стрэс-ЭКГ. Паралельна дзіця трэба паказаць неўролагу: паколванне можа быць па прычыне скаліёзу, які вельмі часта выяў­ляецца ў дзяцей у грудапаяснічным аддзеле. Якраз скаліёз можа імітаваць падобныя болі. Таксама падчас паколвання ў вобласці сэрца абследуецца страўнік дзіцяці. Пры гастрытах, адваротным закідзе таго, што ўтрымліваецца ў страўніку у стрававод ідзе яго раздражненне: дзіця можа адчуваць дыскамфорт за гру­дзінай, прысутнічае пачуццё болі і пякота. Таму даабследаванне дапаможа нам адка­заць, чаму ўзнікае паколваючы боль.

— Калі ў дзіцяці школьнага ўзросту раптоўна ўзнікае частае сэрцабіццё, пра што гэта можа сведчыць?

— У норме здаровы чалавек, дзіця ці дарос­лы, не павінны адчуваць сваё сэрцабіццё. Мы яго адчуваем са школьнага ўзросту пры эмацыянальнай нагрузцы, перажыванні і фізічна значнай нагрузцы. У такім выпадку частае сэрцабіццё — гэта часовая з’ява, якая не павінна стаць прычынай для трывогі. Трэба ўдакладняць, на фоне чаго яно адчуваецца: калі гэта адбываецца на фоне адказу ля дош­кі, перажыванняў, адказных падзей, то гэта нармальна. Калі гэты стан назіраецца на фоне спакою, у той час, калі дзіця гуляе ці проста сядзіць ля камп’ютара, чытае, пачуццё паскоранай работы сэрца, страху, трывогі і дыскамфорту можа хаваць прыступ такой з’явы, як параксізмальная тахікардыя. Гэты стан патрабуе, каб тое, што адбываецца з сэрцам, праверылі на ЭКГ. Электракардыяграму можна зня ць, выклікаўшы хуткую дапамогу ці пасля звароту ў медыцынскую ўстанову. Даследаванне павінна праводзіцца менавіта падчас прыступу. Гэта дапаможа аддыферэнцыраваць, перад намі эмацыянальны стан дзіцяці альбо ёсць прычына для назначэння медыкаментознай тэрапіі. Калі мы ўжо абследавалі дзіця, далейшая тактыка лячэння будзе абапірацца на вынікі. Час­та гэта проста эмацыянальнае ўспрыманне дзіцяці (калі на кардыяграме бачым норму), і тут дастаткова папрымаць вітамінныя, заспакаяльныя прэпараты, а таксама аказаць дзіцяці псіхалагічную дапамогу.

— Які спорт можа нашкодзіць рабоце сэрца? Ці ўсе дзеці, што маюць сардэчную паталогію, незалежна ад узроўню яе цяжкасці, могуць займацца фізкультурай?

— Любая фізічная нагрузка ідзе на ка­рысць сэрцу. Але трэба глядзець на пераноснасць. Перш чым аддаць дзіця на спартыўныя заняткі (гэта, дарэчы, павінна стаць абавязковым правілам), мы праводзім даабследаванне. Яно ўключае ў сябе стандартны спіс: ЭКГ і ўльтрагукавое даследаванне сэрца. Гэта праводзіцца нават у тым выпадку, калі ніякіх скарг няма і дзіця выглядае абсалютна здаровым, а падчас праслухоўвання сэрца мы не бачым ніякіх змен. Гэта агульнае правіла. Допуск да спорту павінен праходзіць выключна такім спосабам і з афармленнем абавязковай медыцынскай спраўкі аб стане здароўя дзіцяці з указаннем у ёй таго віду спорту, якім бу­дзе займацца дзіця.

Калі мы выяўляем у дзяцей малыя анамаліі сэрца, пра якія гаварылі ў мінулым выпуску (дадатковыя хорды ў поласці левага жалудачка, адкрытае авальнае акно, прагібанне (пралабіраванне) клапанаў), а таксама маем дадатковыя знаходкі, такія як мінорныя змяненні на кардыяграме, то спорт такім дзеткам супрацьпаказаны. Справа ў тым, што сілавыя павышаныя нагрузкі на арганізм дзіцяці, якое расце, і адхіленні ў рабоце сэрца, якія выяўлены, могуць неспрыяльна паўплываць і прывесці да фарміравання парушэнняў рытму сэрца, залішняй гіпатрафіі міякарда з наступным расшырэннем поласцей з негатыўным вынікам. Таму дзеткі, у якіх выяўлены малыя анамаліі сэрца, займаюцца звычайнай фізкультурай, уключаючы штодзённую рухальную актыўнасць, без заняткаў сур’ёзным спортам. Што тычыцца таго, якім відам спорту адда­ваць перавагу, тут таксама ўсё залежыць ад некалькіх момантаў. Калі ў малыша з сэрцам усё ў парадку, ён здаровы, выбі­раць спартыўны кірунак трэба зыходзячы з тыпажу дзіцяці. Ёсць тыя, каму лепш падыдуць сілавыя нагрузкі, іншым — хуткасныя. Таксама мае значэнне тып тэмпераменту. У сваёй педыятрычнай класіфікацыі я дзялю дзяцей на “шустрыкаў” і “спакойнікаў”. Шустрыкам можна ісці ў актыўны спорт, які дазваляе выкарыстоўваць энергію ў мірных мэтах: футбол, хакей, тэніс. Як толькі дзіця пайшло ў спорт, штогод у абавязковым парадку мы маніторым работу сэрца, назіраем, як дзіця рэагуе на заняткі. Для гэтага абавязкова паўтараем правядзенне ЭКГ і УГД, параўноваем вынікі з мінулымі даследаваннямі. Калі канстатуем, што на фоне нагрузак (спорт дае вялікія нагрузкі, якія перавышаюць магчымасці дзіцячага ўзросту, тым больш што трэніроўкі могуць быць штодзённымі) назіраецца пашырэнне поласцей, спорт павінен быць прыпынены. Гэта вельмі сур’ёзны званочак. Важна не дапусціць далейшага пашырэння поласцей і знясілення магчымасцей сэрца.

— Ці можа стрэс адмоўна сказвацца на рабоце сэрца дзіцяці?

— Само па сабе сэрца і сардэчна-сасу­дзістая сістэма маюць вельмі моцны запас трываласці на многія дзясяткі гадоў і прыстасаваны да таго, каб мы адчувалі стрэс як эмацыянальны, так і фізічны.

Што тычыцца здаровага сэрца, стрэс яго толькі загартоўвае, развівае. Таму мы выкарыстоўваем і спорт, і фізічную культуру. Любы эмацыянальны стрэс часцей за ўсё станоўчы: школьная дзейнасць, як у дарос­лых рабочая, выпрацоўвае пачуццё адказнасці, а значыць, дысцыплінуе, развівае нас.

Калі ў дзіцяці ёсць парокі сэрца, кардыты, цяжкае крызіснае цячэнне вегетасасу­дзістай дыстаніі, мы рэкамендуем зберагальны рэжым. Ён абмяжоўвае фізічныя нагрузкі, здачу нарматываў па фізічнай культуры на ўроках, рэгулюе абмежаванне псіхаэмацыя­нальнай нагрузкі. У такіх выпадках дзецям рэкамендуюцца спакойныя віды заняткаў пасля ўрокаў: музыка, маляванне. Дарэчы, для эмацыянальнай стабільнасці могуць выкарыстоўвацца прэпараты, якія змякчаюць у падлеткавым узросце эмацыянальную нагрузку. У асноўным гэта вітамінныя і раслінныя прэпараты, якія валодаюць заспакаяльным дзеяннем, і заняткі з псіхолагам.

Сам па сабе стрэс нас развівае, яго баяц­ца не трэба. Ёсць невялікая група дзетак, якія насамрэч маюць праблемы, калі знахо­дзяцца ў адпаведным стане, але гэта так­сама вырашальна.

— Якія прадукты здольны палепшыць работу сэрца? Што адмоўна ўплывае на яго функцыянаванне?

— Спецыяльных прадуктаў, якія б можна было выдзеліць і вызначыць, што яны менавіта для сэрца, у прыродзе не існуе. У цэлым, у дзіцяці павінна быць збалансаванае харчаванне: малышы павінны атрымліваць дастатковую колькасць бялку. Гэта малочныя прадук­ты, яйкі, мяса, рыба, тварог, сыр, а таксама ўсе віды злакаў, кашы. Калі арганізм у цэлым забяспечаны бялком, то ідзе яго пабудова, сэрца атрымлівае энергію і ў яго хапае будаўнічага матэрыялу.

У сваёй педыятрычнай класіфікацыі я дзялю дзяцей на “шустрыкаў” і “спакойнікаў”. Шустрыкам можна ісці ў актыўны спорт, які дазваляе выкарыстоўваць энергію ў мірных мэтах: футбол, хакей, тэніс. Як толькі дзіця пайшло ў спорт, штогод у абавязковым парадку мы маніторым работу сэрца, назіраем, як дзіця рэагуе на заняткі. Для гэтага абавязкова паўтараем правядзенне ЭКГ і УГД, параўноваем вынікі з мінулымі даследаваннямі.

Існуе таксама агульная накіраванасць нутрыцыялогіі, якая сведчыць, што садавіна, кабачок, суха­фрукты, неабходны для зла­джанай работы сэрца. Так, электраіон кальцыя неабходны для правядзення імпульсаў у сэрцы, таму ўзгаданыя вышэй прадукты актыўна рэкамендуюць да ўжывання ў ежу.

Калі перад намі дзіця-малаежка ці той, хто нешта выбіральна любіць, напрыклад, бульбу, макарону, блінчыкі, то тут важна ра­зумець наступнае. Такое дзіця атрымлівае сваю норму калорый, але абагачэння арганізма вітамінамі не адбываецца. Для гэтага трэба прымяняць узбагачаныя вітамінныя комплексы ці нутрыдрынкі. Гэта спецыяльныя малочныя напіткі, якія называюцца “Малаежка” і выкарыстоўваюцца для харчавання дзяцей. Маючы маленькі аб’ём, яны даюць малышу ўсё неабходнае для росту, а таксама для сэрца.

Што тычыцца тых прадуктаў, якія адмоўна ўплываюць на работу сэрца, сюды, безумоўна, адносяцца рафінаваныя жывыя цукры, газіраваныя напіткі, якія ў сваім складзе ўтрымліваюць хуткія цукры і дрэнна ўплываюць на вугляводны абмен. Калі ў дзіцяці будуць негатыўныя ваганні, павышэнні ўзроўню цукру, гэта бу­дзе дрэнна адбівацца на рабоце сасудаў, у тым ліку сэрца.

Варта абмяжоўваць прадукты, якія мо­гуць выклікаць эмацыянальна-нервовае ўзбуджэнне ў дзіцяці, у тым ліку ў падлеткаў і тых, хто пакутуе на тахікардыю, перапады ціску. Гэта кава і гарбата. Дарэчы, не кожны ведае, што гарбата ўтрымлівае ў сваім складзе ўзбуджальныя рэчывы тэабраміны, якія валодаюць яшчэ большым стымулюючым эфектам, чым кафеін. Таму гарбата чорная і зялёная, кафеін і энергетычныя тонікі, якія можна знайсці ў продажы ў магазінах, а таксама кола, пэпсі павінны быць поўнасцю выключаны з рацыёну дзяцей і падлеткаў.

— Часта даводзіцца чуць, што некаторыя вірусныя захворванні даюць ускладненні на сэрца. Ці праўда гэта? Якія інфекцыі і як могуць нашкодзіць яго рабоце?

— Так, насамрэч ёсць патэнцыяльна небяспечныя вірусныя інфекцыі, якія могуць даць ускладненні на сэрца. У першую чаргу гэта група энтэравірусаў. Найбольш агрэсіўныя з іх названы спецыяльнымі імёнамі — ECHO і Каксакі. Увогуле, арсенал энтэравірусаў дастаткова багаты — 76 штамаў. Яны маюць розную клінічную карціну, ад проста доўгай ліхарадкі да язвавай ангіны (герпангіна). Таксама могуць праяўляцца ў форме кішэчнай інфекцыі, якая працякае з паражэннем суставаў, са скураным сыпам. Кожны ўрач інфармаваны, што энтэравірусная інфекцыя можа прывесці да развіцця кардыту — парушэння правядзення імпульсу, фарміравання блакады. Таксама могуць з’яўляцца дадатковыя лжывыя крыніцы скарачэння, могуць развіцца запаленні ў самой мышачнай тканцы сэрца. Менавіта па гэтай прычыне ўсім дзеткам, якія хварэлі на энтэравірус, рэкамендуецца на 10—14 дзень пасля захворвання праводзіць кардыяграму, рабіць агульнаклінічнае абследаванне ў форме агульнага аналізу крыві і мачы, каб не дапусціць развіцця ўскладненняў.

У дадатак да энтэравірусаў, пагрозай называем грып і інфекцыйны монануклеёз, вірус Эпштэйна-Бар, які даволі небяспечны для тканкі сэрца.

Акрамя віруснай інфекцыі, бэтагемалітычны стрэптакок групы А, які мае падобную, перакрыжаваную антыгінную структуру з тканкамі сэрца, сасудамі і суставамі дзіцяці, можа прыводзіць да фарміравання імунных ускладненняў, што праяўляюцца ў форме рыамікардыту. Таму пасля таго як дзіця пераносіць ангіну, педыятр у рамках агляду праводзіць ЭКГ-маніторынг праз 14 дзён ад пачатку хваробы і праз месяц пасля яе.

— Алена Сямёнаўна, якая роля ў развіцці кардыялагічных захворванняў адводзіцца спадчыннаму фактару?

— У аснове любой паталогіі дзіцяці і дарослага заўсёды ёсць доля спадчыннай схільнасці. У адносінах да сардэчна-сасудзістых захворванняў на першае месца ставім прыроджаныя парокі сэрца, — яны маюць спадчынны характар. Наступнай ідзе група вегетасасудзістых дыстаній і малыя анамаліі развіцця сэрца, якія з’яўляюцца сімптомамі сіндрому дысплазіі злучальнай тканкі. У такіх дзетак назіраюцца змяненні ў органах зроку. Гэта могуць быць міяпія, астыгматызм, гіпермітрапія. Таксама бачым змяненні ў пазваночніку і суставах: іх павышаную мабіль­насць (скаліёз), плоскаступнёвасць, дэфармацыю ступняў, ног, апушчэнне нырак. Карацей кажучы, назіраецца цэлы каскад змяненняў, якія ў сукупнасці фарміруюцца з-за няспеласці і павышанай расцяжнасці злучальнай тканкі. Яна ў нас прысутнічае практычна ў любым органе і тканцы. На жаль, таксама перадаецца ў спадчыну такая сур’ёзная паталогія, як артэрыяльная гіпертэнзія, значнае амала­джэнне якой назіраем у апошнія дзесяцігоддзі.

Сёння ў нас вялікі працэнт дзяцей з атлусценнем, з метабалічным сіндромам. Як вынік, у іх фарміруецца пераддыябет 2 тыпу, узровень цукру павышаецца пасля ўжывання хуткіх вугляводаў. Заўсёды ў такіх дзяцей мы прасочваем спадчынны фактар. Наша задача як педыятраў (не на этапе канстатацыі дыягназу, калі ёсць праблема ў дзіцяці ці падлетка) аналізаваць характар захворвання бацькоў і даваць рэкамендацыі па рацыёне харчавання, па фізічных нагрузках, спектры абследаванняў. Гэта робіцца для таго, каб ісці на крок хутчэй, чым спадчынна-вызначаная паталогія. А калі яна развіваецца, мы павінны дабівацца яе больш лёгкага цячэння, без ускладненняў, каб сэрца мела запас на доўгае жыццё.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.